Top.Mail.Ru

У Оршы аднаўляюць Куцеінскі мужчынскі манастыр

Міласэрнасць не страчана

Гэтай праваслаўнай святыні больш за 400 гадоў. Менавіта тут друкар Спірыдон Собаль у 1631 годзе выпусціў першы «буквар» на беларускай мове. Куцеінскі манастыр — унікальны культурна-гістарычны помнік Сярэднявечча, які ў той час называўся лаўрай. У ёй працавалі разьбяры па дрэве, гравёры, чаканшчыкі, спецыялісты кафлянай справы, кнігадрукары, іканапісцы. Тут жа знаходзіцца адзіны ў Беларусі падземны пячорны храм — царква Святога Лазара. Сёння праваслаўная святыня прыцягвае паломнікаў і турыстаў, на тэрыторыі манастыра працуюць музей, нядзельная школа. Гараджане ж мараць аднавіць тут Свята-Богаяўленскі сабор.

Праваслаўны Куцеінскі мужчынскі Богаяўленскі манастыр быў заснаваны ў 1623 годзе на рацэ Куцеінка. Яго заклалі беларускі шляхціц Багдан Сцяцкевіч і яго жонка Алена Саламарэцкая з роду Агінскіх, выкупіўшы маёнтак Куцейна і сяло Паддубцы. На тэрыторыі манастыра магілёўскі выдавец Спірыдон Собаль у 1630 годзе заснаваў друкарню, якая стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. Яе выданні мелі шырокую вядомасць і выпускаліся значнымі для таго часу тыражамі — 200–350 экзэмпляраў. Тут жа размяшчаліся бібліятэка, шпіталь, школа і духоўнае вучылішча. У савецкі час у памяшканнях на тэрыторыі манастыра жылі работнікі прадпрыемстваў, і толькі ў 1991 годзе святыня вярнулася праваслаўнай царкве.

З часам прыхаджане выступілі з ініцыятывай правесці комплекснае археалагічнае даследаванне тэрыторыі манастыра, а таксама аднавіць Свята-Богаяўленскі сабор з падземнай царквой Святога Лазара. Звярнуліся гараджане і па дапамогу да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Аляксандра Міхно.

— Я захапіўся гэтай ініцыятывай, звязаўся з ігуменам Нілам, які кіруе Куцеінскім манастыром. Ён правёў для мяне па тэрыторыі экскурсію, паведаміў гістарычныя факты. Я трымаў у руках факсімільную копію беларускага буквара 1631 года, дзе разам з навучаннем дзяцей літарам пералічаны 10 запаведзяў. Мяне ўразіла, наколькі духоўна 400 гадоў таму гэта было зроблена, — расказаў парламентарый.

Ужо больш за год Аляксандр Міхно садзейнічае грамадскай ініцыятыве па аднаўленні праваслаўнага храма на розных узроўнях — ад раённых улад да кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы. Звяртаўся народны абраннік і да главы праваслаўных мецэнатаў Расіі, бо манастыр цягам усёй гісторыі існавання аб’ядноўваў дзве краіны-суседкі. Менавіта стараннямі куцеінскіх манахаў у 1655–1657 гадах быў наладжаны кніжны друк у Іверскім манастыры на Валдаі, куды была перавезена куцеінская друкарня па распараджэнні цара Аляксея Міхайлавіча; упрыгожаны разьбой і кафлямі манастыры і царскія палаты ў Маскоўскай дзяржаве. Выхадцы з Куцеінскага манастыра — манах Севярыян, майстры Ігнат Максімаў, Пётр Заборскі, ліцейшчык Сергій, разьбяр Паісій — добра вядомыя па дакументах XVІІ стагоддзя аб руска-беларускіх культурных сувязях.

У 60–70-я гады XVІІ стагоддзя беларускія майстры, вывезеныя ў Маскоўскую дзяржаву, працавалі над аздабленнем маскоўскага Друкарскага двара, Зброевай і Сярэбранай палат.

Сёння ў Куцеінскім манастыры вядзецца аднаўленне брацкага корпуса. Калісьці гэта быў двухпавярховы будынак, але падчас пажару верхні драўляны паверх згарэў. Цяпер ён будзе адбудоўвацца, там размесцяцца келлі для манахаў.

— Я спадзяюся, што з аднаўленнем усяго корпуса ў манастыры стане больш манахаў, і разам з гэтым можна будзе казаць пра адраджэнне промыслаў і кнігадрукавання, чым быў знакаміты Куцеінскі манастыр. Гэта пытанне недалёкай будучыні, і я ўпэўнены, што гэта будзе зроблена, — кажа Аляксандр Міхно.

Гараджане і перламентарый робяць свой унёсак і асабістай працай. У чэрвені праз сацыяльныя сеткі і ўласны тэлеграм-канал дэпутат запрасіў усіх ахвотных на суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі манастыра. Аднак, улічваючы, што ў летні выхадны дзень спраў ва ўсіх хапае, Аляксандр Міхайлавіч на вялікія сілы не разлічваў, таму паклікаў двух сваякоў з косамі і сам узброіўся бензакасілкай.

  • — На маё здзіўленне, адгукнулася шмат людзей. Падключылася аршанская спецаўтабаза разам з кіраўніком, моладзь з БРСМ, гараджане — не менш за 50 чалавек прыйшло. Не толькі папрацавалі, але і зрабілі гістарычную экскурсію для моладзі. Нікога не трэба было прымушаць — працавалі з задавальненнем, і вельмі прыемна было ўбачыць вынік нашай сумеснай работы — скошаную траву, падрэзаныя кусты, праполатыя кветкі. Дапамаглі манастыру падтрымліваць парадак, — кажа парламентарый.

Ужо сёння ў Куцеінскі манастыр прыязджае нямала экскурсійных груп, у тым ліку і для таго каб патрымаць у руках беларускі буквар, якому без малога 400 гадоў і, у літаральным сэнсе, дакрануцца да гісторыі.

— Будзем паэтапна, маленькімі крокамі рабіць экскурсійны аб’ект. З часам падступімся і да аднаўлення Свята-Богаяўленскага сабора. Бо і я, і ўсе нашы прыхаджане вераць, што некалі Орша стане цэнтрам турызму і праваслаўя, як і 400 гадоў таму, — рэзюмуе Аляксандр Міхно.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю