У гэтым годзе штат валанцёраў на «Славянскім базары ў Віцебску» пашыраць да 150 чалавек, што неабходна для новай службы суправаджэння калектываў і выканаўцаў. Аб гэтым расказала кіраўнік штаба валанцёраў фестывалю Дар’я Багдановіч, паведамляе БелТА.
З 3 мая дырэкцыя міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» аб’явіла аб наборы валанцёраў. Да 5 чэрвеня будуць прымацца заяўкі ад усіх ахвочых. «У мінулым годзе ў нас было набрана амаль 100 добраахвотнікаў. Сёлета мы плануем набраць 150 чалавек. За першыя суткі паступіла ўжо амаль 200 заявак, гэта значыць конкурс чакаецца вельмі сур’ёзны. Нам сапраўды будзе над чым папрацаваць, і давядзецца выбіраць самых лепшых з лепшых», — адзначыла Дар’я Багдановіч.
Да валанцёраў прад’яўляецца асноўнае патрабаванне — быць старэйшым за 18 гадоў, а максімальны ўзроставы парог не абмежаваны. «Абсалютна любы чалавек можа падаць сваю заяўку незалежна ад таго, дзе ён пражывае, ці то Беларусь, ці бліжэйшыя краіны. Да нас ужо паступілі заяўкі з Расійскай Федэрацыі. Галоўнае, каб гэта быў жыццярадасны і адказны чалавек, які гатовы з намі разам працаваць на працягу ўсяго фестывалю. Веданне замежных моў пажадана, але не абавязкова. Моўныя навыкі патрэбны толькі для тых валанцёраў, якія будуць працаваць у службе міжнароднага аддзела. Добраахвотнікі будуць задзейнічаны практычна ва ўсіх службах і пляцоўках фестывалю — гэта сустрэча і адпраўка артыстаў, служба акрэдытацыі, каардынатары Летняга амфітэатра, Канцэртнай залы „Віцебск“, цэнтральнага спартыўнага комплексу», — растлумачыла кіраўнік валанцёрскага штаба.
Пашырэнне колькасці валанцёраў неабходна для новых абавязкаў, якія ўводзяцца сёлета. «Дадаецца новая служба валанцёраў — тых, якія будуць займацца непасрэдна суправаджэннем калектываў і артыстаў на фестывалі. Менавіта таму мы набіраем у паўтара раза больш добраахвотнікаў», — сказала Дар’я Багдановіч.
Яна дадала, што валанцёрскі рух на фестывалі ў цэлым набірае абароты і карыстаецца вялікай папулярнасцю, асабліва ў студэнцкай моладзі. «Валанцёрам вельмі падабаецца ў нас знаходзіцца. Гэта даказвае той факт, што некаторыя з іх прыходзяць да нас па пяць гадоў запар, дзеляцца ўражаннямі са сваім сябрамі, і мы бачым заяўкі ад іх аднакурснікаў, сяброў. Водгукі заўсёды вельмі пазітыўныя. Яны хочуць дапамагаць нам зноў і зноў», — падкрэсліла Дар’я Багдановіч.