Top.Mail.Ru

У падарожжа ў часе — са «Звяздой»

Падчас Дня падпісчыка ў Брагіне пазнаёміліся з Міхаілам Іванавічам Залугоўскім. Больш за 30 гадоў жыхар гарпасёлка выпісвае «Звязду», яго бацькі нашу газету таксама выпісвалі не адно дзесяцігоддзе. Размова з адданым чытачом аб любімым выданні нечакана ператварылася ў сапраўднае падарожжа ў часе.


— Вось газета за 5 ліпеня 2002 года. Захавалася таму, што быў апублікаваны Указ Прэзідэнта «Аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь». Падумаў тады, што трэба ведаць, з якога дакумента ўсё пачалося, — згадвае Міхаіл Іванавіч, а следам паказвае нумар за сакавік 2007-га. — Гэту газету таксама захаваў не проста так. Выйшаў матэрыял аб генеральным плане развіцця краіны. На карце — Гомель, Мазыр, а Брагін — нібы знік. І сапраўды, у той час ішла размова, што некаторыя маланаселеныя раёны могуць рэарганізаваць. Пазней, ужо ў красавіку таго ж года, з’явілася публікацыя з тлумачэннямі спецыялістаў па гэтай тэме, — тлумачыць чытач.

І такіх цікавых папяровых «адсылак» у майго суразмоўца аказалася нямала. Паколькі дома месца для вялікіх падшывак газеты няма, Міхаіл Іванавіч выразае і збірае асабліва цікавыя артыкулы.

— Больш за ўсё люблю, што можна праз дзесяць гадоў ізноў адкрыць і перачытаць, — тлумачыць ён. — Калі матэрыял на душу лёг, абавязкова захаваю, — патлумачыў свой чытацкі прынцып Міхаіл Іванавіч.

У яго калекцыі — святочны нумар «Звязды» за 3 ліпеня 2016 года да Дня Незалежнасці, гістарычныя публікацыі, рэдкія тэматычныя ўкладышы і нават спецвыпуск з рэпрынтам нумара за 18 верасня 1939 года.

Беражлівыя адносіны да гісторыі роднай краіны, яе станаўлення, развіцця шмат у чым характарызуюць і самога Міхаіла Залугоўскага. Ён нарадзіўся і вырас у Брагіне. Пасля школы паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (у той час Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі) на спецыяльнасць «Фінансы і крэдыт». Але вучобу перапыніла служба ў арміі. А ў 1986-м юнак з Брагіншчыны і яго сям’я, як і тысячы жыхароў Палесся, сутыкнуліся з наступствамі аварыі на ЧАЭС.

— Я заканчваў першы курс, жыў у Мінску. Памятаю, як усю моладзь тады з нашага пацярпелага раёна масава эвакуіравалі. Шмат хто ўвогуле не разумеў, навошта вяртацца дадому. Я адслужыў у арміі і аднавіўся ў інстытуце, атрымаў дыплом. У 1992 годзе як спецыяліст прыехаў у Гомель, каб далей размеркавацца. Калі афармляў дакументы, прапанавалі застацца працаваць ў абласным цэнтры, абяцалі забяспечыць жыллём. Але сваё рашэнне вярнуцца ў Брагін я не памяняў. Адказваў: «Дзякуй! Трэба дадому. Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся». Ніколі не шкадаваў аб гэтым, — згадвае Міхаіл Іванавіч.

Больш за чвэрць стагоддзя Міхаіл Іванавіч працаваў у фінансавым аддзеле Брагінскага райвыканкама і амаль два дзесяцігоддзі яго ўзначальваў. Сёння працуе спецыя-
лістам па кадрах у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе Брагінскага раёна. І ўсе гэтыя гады ён застаецца адданым чытачом «Звязды». Падпіска ў Залугоўскіх даўно стала добрай сямейнай традыцыяй.

— Заклаў яе мой тата — Іван Максімавіч Залугоўскі. Яму 95 гадоў, і ён дагэтуль, нягледзячы на шаноўны ўзрост, уважліва сочыць за ўсімі навінамі і літаральна ад першай да апошняй старонкі чытае ўсе публікацыі «Звязды». Дарэчы, да нядаўняга часу яшчэ чытаў без акуляраў і на зрок не скардзіўся, а галоўны сакрэт такой чытацкай адданасці, як сам кажа, — любоў да роднай мовы, — падзяліўся Міхаіл Іванавіч.

Сам мой суразмовец памятае назвы ўсіх рубрык, пад якімі выходзілі артыкулы ў розныя гады.

— Часам пачуеш якое-небудзь слова па-беларуску, якое рэдка ўжываецца, і думаеш: «Дзе ж яго сустракаў?» А потым успамінаеш: «Так, у „Звяздзе“ чытаў!» — свой «лайфхак» няспыннага пазнання роднай мовы выдае Міхаіл Іванавіч.

Ён асабліва цікавіцца мінулым краіны, таму вельмі любіць чытаць у газеце гістарычныя агляды. Захоўвае асобныя артыкулы і, можна сказаць, вядзе своеасаблівы хатні «летапіс», да якога звяртаецца час ад часу.

— Час імкліва мяняецца. Сёння навіны «жывуць» толькі некалькі гадзін, і інфармацыю людзі ўсё часцей шукаюць у інтэрнэце. На сабе адчуў, што ў сеціве ўжо іншы раз не разумееш, дзе праўда, а дзе, магчыма, згенерыраваная ШІ інфармацыя, хто ўвогуле гэта напісаў. А хочацца чытаць рэальных дасведчаных экспертаў і аўтараў. Афіцыйныя выданні заўжды адказваюць за якасць публікацыі. Акрамя таго, газету можна перачытаць і праз дваццаць гадоў, і праверыць, як усё было насамрэч. Таму мы — за друкаваны фармат, — абгрунтоўвае Міхаіл Залугоўскі сваю пазіцыю дасведчанага чытача.

Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю