Top.Mail.Ru

У Палац Незалежнасці на экскурсію завіталі юныя госці і іх выкладчыкі

Галоўная афіцыйная пляцоўка краіны — Палац Незалежнасці — прыняў гасцей 4 красавіка. Гэтым разам экскурсія была наладжана для вучняў і выкладчыкаў Ліцэя імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ, удзельнікаў мемарыяльных атрадаў Паста № 1 г. Мінска, выхаванцаў школы зорак «Аўра».


Ліцэй імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ ў лютым адзначыў 35 гадоў са дня свайго заснавання. Сёння ў ім навучаецца больш за 500 школьнікаў 10–11 класаў па 12 профілях. Сярод 84 настаўнікаў ліцэя — сем кандыдатаў навук, 30 настаўнікаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яны 160 разоў былі ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.

Пост № 1 горада-героя Мінска па нясенні ганаровай Вахты Памяці ў сваю чаргу ўваходзіць у склад Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Каля Вечнага агню на плошчы Перамогі вучні мінскіх школ нясуць Вахту Памяці з 3 ліпеня 1984 года. Штогод — больш за 900 чалавек.

Пачалася экскурсія ў самай вялікай у краіне зале ўрачыстых цырымоній. Гэтая пляцоўка прымае шмат найважнейшых, сімвалічных, знакавых, статусных мерапрыемстваў. Напрыклад, нядаўна тут прайшла інаўгурацыя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У захапленні ад пачутага і ўбачанага засталіся выхаванцы школы зорак «Аўра». «Наведаць галоўную афіцыйную пляцоўку краіны мяне запрасілі не першы раз — я тут была некалькі гадоў таму. Чаму зноў з задавальненнем пагадзілася? Цікавасць да гэтага месца не згасае. Ведаю, што гэта вельмі пачэсна — пабываць у рэзідэнцыі Прэзідэнта на экскурсіі», — падзялілася думкамі Ксенія Казлова.

Варвара Козыр расказала, што ў Палацы Незалежнасці дагэтуль не была. У памяці дзяўчынкі гэты сонечны дзень застанецца надоўга: «Буду расказваць знаёмым і сябрам, як тут прыгожа і ўтульна, нягледзячы на маштабы. Яшчэ і надвор’е, пэўна, спрыяе. Мне тут вельмі падабаецца».

Гасцям падчас экскурсіі нагадалі, што ўсе інтэр’еры Палаца Незалежнасці выкананы ў класічным стылі. У кожнай з залаў, паводле слоў экскурсавода, ёсць свае мастацкія асаблівасці, на якія госці ўчора звярталі шмат увагі.

Педагог дадатковай адукацыі Ліцэя імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ Анастасія Бікбаева ўважліва сочыць за інфармацыйным парадкам дня. Паводле яе слоў, наведаць Палац Незалежнасці амаль адразу пасля інаўгурацыі Прэзідэнта — сапраўдны падарунак: «Нават не магла ўявіць, што тут некалі пабываю на экскурсіі. З цікавасцю праслухала аповед пра рэзідэнцыю Прэзідэнта, але ж галоўнае — убачыла яе на свае вочы».

Убачыць сімвал беларускай дзяржаўнасці гэтым разам выдалася магчымасць дзесяцікласніцы Ліцэя імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ Ніколь ЕСЕПКІНАЙ: «Я тут упершыню. Калі мне прапанавалі паехаць у Палац Незалежнасці на экскурсію, адразу пагадзілася. Увайшоўшы і агледзеўшыся, адразу адчула наш беларускі дух. У прыватнасці, звярнула ўвагу на арнаменты. З цікавасцю праслухала і экскурсію. Спадзяюся, я тут не ў апошні раз», — падзялілася ўражаннямі дзяўчынка.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю