Top.Mail.Ru

У Палац Незалежнасці завіталі працоўныя калектывы Камітэта дзяржаўнага кантролю і ААТ «Керамін»

«Адчуваю гонар! Гонар за нашу краіну!»


У Палацы Незалежнасці 16 ліпеня правялі дзве экскурсіі, на якіх пабывалі звыш 200 чалавек — супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю і ААТ «Керамін». Большасць з гасцей у рэзідэнцыі Прэзідэнта ўпершыню, таму яркія эмоцыі і словы захаплення гучалі ўжо з першых хвілін знаходжання ў будынку — статусным, знакавым, сімвалічным для нашай краіны. 

photo_2025-07-16_17-09-41.jpg

Пачыналіся экскурсіі па традыцыі ў Зале ўрачыстых цырымоній. Тут коратка расказвалі гісторыю стварэння палаца. Тэрміны будаўніцтва галоўнай афіцыйнай пляцоўкі краіны былі скарочаныя Прэзідэнтам з 57 месяцаў да 30, ужо ў кастрычніку 2013-га пляцоўка адчыніла свае дзверы для першых высокіх гасцей, а некалькі гадоў таму па распараджэнні Аляксандра Рыгоравіча — і для звычайных беларусаў. Цяпер Палац Незалежнасці разам з іншымі аб’ектамі ўваходзіць у так званы патрыятычны квартал беларускай сталіцы. Побач размешчаны плошча Дзяржаўнага сцяга, крыху далей — Парк Перамогі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і стэла «Мінск — горад-герой».

  •  Падчас экскурсій госці натхняліся ўбачаным, асабліва ўразіў прысутных той факт, што пераважна ўсё ў палацы — беларускае. Інтэр’еры выкананы ў класічным стылі, і паўсюль у афармленні лейтматывам праходзіць арнамент слуцкага пояса.
З раніцы экскурсію наведалі рабочыя, інжынерна-тэхнічныя работнікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў і кіраўніцтва «Кераміна». На прадпрыемстве сёння працуе каля 2200 чалавек. Для яго гэты год — юбілейны: калектыў святкуе 75-годдзе са дня ўтварэння. 

Сваім меркаваннем аб значнасці падобных мерапрыемстваў для працоўнага калектыву падзяліўся генеральны дырэктар ААТ «Керамін» Алег ПАНАСЮК:
«Наведаць Палац Незалежнасці ўдалося як актывістам грамадскага жыцця, так і перадавікам вытворчасці нашага прадпрыемства. Экскурсіі па Палацы Незалежнасці важныя, каб калегі змаглі адчуць абстаноўку, атмасферу, дух таго будынка, дзе штодня працуе наш Прэзідэнт, дзе ён ставіць задачы службовым асобам нашай краіны. Жадаючых трапіць сюды было вельмі шмат!».
6bcc9fe1-27d7-49ba-b4b1-cf09fc436e72.jpg
Ацанілі ўбачанае ўсе госці Палаца Незалежнасці. Як расказала намеснік начальніка аддзела фінансавага менеджменту прадпрыемства Дзіяна КОРШАК, гэты летні дзень — адзін з самых запамінальных у яе жыцці. 
«Што мяне ўразіла першапачаткова, дык гэта тое, што будынак і звонку, і ўнутры пабудаваны рукамі беларускіх майстроў і пераважна з айчынных матэрыялаў. І наша прадукцыя таксама тут спатрэбілася, што вельмі прыемна! Тое, што мы вырабляем, бачаць не толькі нашы суайчыннікі, але і высокія замежныя госці. Адчуваю гонар! Гонар за нашу краіну!».
Упершыню пабывала ў Палацы Незалежнасці здымшчык-укладчык Аксана КУРЭЙЧЫК: «Тут ёсць на што паглядзець! Даведалася шмат цікавых для сябе фактаў. Складана перадаць свае эмоцыі, хвалююча, будынак такі велічны, грандыёзны. Мне тут вельмі спадабалася!»

photo_2025-07-16_17-01-44.jpg

***
  • Для калектыву Камітэта дзяржаўнага кантролю экскурсія стала своеасаблівым падарункам да Дня работнікаў органаў дзяржаўнага кантролю, які адзначаецца 2 жніўня. У складзе дэлегацыі — работнікі з усіх абласцей нашай краіны. 
Як адзначаюць экскурсанты, у кожнай зале палаца яны адчулі непаўторную атмасферу. Кіраўнік Віцебскага абласнога Камітэта дзяржаўнага кантролю Уладзімір ГАДЗЯЦКІ падкрэсліў: «Сёння адбылася знакавая падзея для мяне і калег. Хаця я ў Палацы Незалежнасці бываў на інаўгурацыі Прэзідэнта, тым не менш, сёння зноў уражаны. Будынак увасабляе сабой незалежнасць. Ён створаны рукамі нашых людзей, створаны бездакорна. Кожны элемент, дэталь — сапраўдны шэдэўр!».

Намеснік начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці Таццяна ДЗЯМІД адзначыла, што засталася ўражана веліччу будынка. Нечаканым адкрыццём для яе стала таксама асаблівае мастацкае афармленне, у якім прасочваюцца нацыянальныя матывы: «Можна толькі ўявіць, колькі ўкладзена працы, уменняў. Вельмі ганаруся, што палац зроблены беларускімі мастакамі, дызайнерамі, будаўнікамі. І з беларускіх матэрыялаў! Адна справа — калі ты бачыш атмасферу рэзідэнцыі Прэзідэнта па тэлевізары, зусім іншая — калі аказваешся тут».
272e5e29-3027-4506-8c5c-49bc19575e3b.jpg

Інспектар упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Гомельскай вобласці Ілья БЯРНАЦКІ расказаў, што для яго Палац Незалежнасці ў першую чаргу сімвалізуе тое месца, дзе штодня выконваецца работа кіраўніком дзяржавы па розных напрамках на карысць нашай краіны: «Хачу падзякаваць Аляксандру Рыгоравічу за магчымасць пабываць тут. Для мяне як прадстаўніка праваахоўнай сферы гэта нагода зарадзіцца энергіяй для наступнага выканання задач, якія стаяць перад нашым ведамствам».

Яна ВАЛАСАЧ, фота аўтара і БелТА 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю