Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў абмеркавалі Канцэпцыю дзяржаўнай жыллёвай палітыкі Беларусі да 2030 года

У полі зроку дэпутацкага корпусу — і механізмы дзяржаўнай падтрымкі пры жыллёвым будаўніцтве, горадабудаўнічае забеспячэнне ажыццяўлення рэнавацый у краіне. Асобная ўвага ўдзелена новаўвядзенням у жыллёвым заканадаўстве. Сярод іх — прадастаўленне арэнднага жылля прадстаўнікам найбольш запатрабаваных прафесій, набыццё жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ў сельскай мясцовасці. На семінары-нарадзе разгледжаны кірункі ўдасканалення нарматыўнай прававой базы ў гэтай сферы.


Аснова стабільнасці і дабрабыту

Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка, Канцэпцыя дзяржаўнай жыллёвай палітыкі да 2030 года стала вынікам дзейнасці міжведамаснай рабочай групы з удзелам дэпутацкага корпусу. Гэты дакумент, па словах спікера, вызначае стратэгічныя кірункі для забеспячэння грамадзян даступным, камфортным жыллём, што з’яўляецца адной з прыярытэтных задач, пастаўленых Прэзідэнтам.

«Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, што жыллё — гэта не проста квадратныя метры, не проста сцены і дах над галавой, гэта аснова стабільнасці і дабрабыту ў кожнай сям’і, умова для рэалізацыі патэнцыялу грамадзян і важны элемент сацыяльнай справядлівасці, — канстатаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Будаваць трэба там, дзе ёсць патрэба ў кадрах».

Пастаўленыя задачы, як падкрэсліў спікер, патрабуюць ад дэпутацкага корпусу, іншых дзяржаўных органаў комплексных рашэнняў. «Неабходна працаваць на перспектыву, улічваючы дэмаграфічныя выклікі і інтарэсы будучых пакаленняў, — канкрэтызаваў ён. — Канцэпцыя змяшчае шэраг пытанняў, далейшае вырашэнне якіх патрабуе неадкладнага прыняцця мер, у тым ліку заканадаўчага характару».

Ігар Сергяенка звярнуў увагу на крытычны стан жыллёвага фонду. Eн праінфармаваў, што ў наяўнасці — 190 тысяч квадратных метраў аварыйнага жылля, пераважна ў сельскай мясцовасці. «Больш за 9 % жылля не абсталявана водаправодам, 11 % — каналізацыяй, амаль 20 % — гарачым водазабеспячэннем, — агучыў праблему спікер. — Пры гэтым у краіне налічваецца 110 тысяч жылых дамоў, а таксама больш за 17 тысяч кватэр, у якіх ніхто не зарэгістраваны і не пражывае».

Другое пытанне, на якім засяродзіў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў, — дысбаланс у развіцці рэгіёнаў і адток насельніцтва ў буйныя гарады. І гэтая праблема, па яго словах, увесь час пагаршаецца.

«Па-трэцяе, асаблівую заклапочанасць выклікае сітуацыя з забеспячэннем жыллём найбольш уразлівых катэгорый грамадзян, у тым ліку тых, хто мае права на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, — канкрэтызаваў Ігар Сергяенка. — Аналагічная сітуацыя складваецца і па тэмпах будаўніцтва жылых памяшканняў для адсялення грамадзян, якія пражываюць у старых і аварыйных жылых дамах. Пабудавана 95 кватэр пры патрэбнасці больш чым 3,5 тысячы, а таксама для дзяцей-сірот — 864 пры патрэбнасці больш за 27 тысяч».

Па словах спікера, гэта толькі малая частка праблем, звязаных з забеспячэннем жыллём грамадзян. «Гэтыя і многія іншыя пытанні рэгулярна ўзнімаюцца ў зваротах грамадзян перад дэпутатамі, — падкрэсліў ён. — Канцэпцыя дзяржаўнай жыллёвай палітыкі да 2030 года — гэта адпраўны пункт для вырашэння задачы павышэння даступнасці жылля ў краіне».

21,4 млн «квадратаў» за пяцігодку

Як акцэнтаваў увагу міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Студнеў, жыллёвы фонд на 1 студзеня мінулага года склаў 273,6 мільёна кв. м агульнай плошчы жылля. У той час 30 гадоў таму яго агульная плошча складала ўсяго толькі 200 млн «квадратаў».

«Толькі ў бягучай пяцігодцы плануецца пабудаваць 21,4 мільёна квадратных метраў жылля, — праінфармаваў міністр. — У выніку дзяржаўнай палітыкі, якая праводзіцца, колькасць чаргавікоў з 2010-га зменшылася з 855,6 тыс. да 558,4 тыс. За 14 гадоў чарга скарацілася амаль на 300 чалавек. Аб’ёмы будаўніцтва жылля па выніках мінулага года дазволілі дасягнуць забяспечанасці на аднаго чалавека ў памеры 30,4 квадратных метра, у той час як у 1995-м паказчык складаў усяго толькі 19,7 кв. м. Пры гэтым выконваюцца ўстаноўленыя дырэктывай кіраўніка дзяржавы суадносіны кошту аднаго метра жылля з дзяржпадтрымкай да сярэдняга ўзроўню заработнай платы».

Штогод паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы ў сярэднім 25 тысяч сем’яў. Дзяржаўная палітыка дае магчымасць грамадзянам, якія маюць такую патрэбу, пабудаваць жыллё ва ўласнасць з выкарыстаннем ільготных або субсідзіраваных крэдытаў. Сацыяльна неабароненыя грамадзяне, дзеці-сіроты, сем’і, якія маюць дзяцей-інвалідаў, іншыя малазабяспечаныя грамадзяне атрымліваюць сацыяльнае або арэнднае жыллё.

Нягледзячы на гэта, у галіне рэалізацыі жыллёвай палітыкі ёсць пытанні, якія патрабуюць рашэння. Сярод іх — нізкія тэмпы забеспячэння жыллём дзяцей-сірот, недастатковыя аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля. Па словах міністра, попыт на яго апярэджвае прапанову, асабліва ў вялікіх гарадах.

«Разам з тым арэнднае жыллё з’яўляецца дзейсным механізмам, які дазваляе ў першую чаргу вырашаць задачы прыцягнення і замацавання запатрабаваных кадраў на месцах», — адзначыў міністр архітэктуры і будаўніцтва. Eн нагадаў, што такое жыллё ў краіне будуецца з 2012 года выключна за кошт бюджэтных сродкаў. Калі ў 2012-м узведзена толькі 10,7 тысячы квадратных метраў жылля, то ў 2024-м — 427 тыс. «квадратаў». План на бягучы год — 442 тысячы кв. м.

Патрабуе ўвагі пытанне паляпшэння жыллёвых умоў чаргавікоў, якія не маюць права на дзяржаўную падтрымку, пры абмежаваных аб’ёмах арэнднага жылфонду і высокіх працэнтных стаўках па камерцыйных крэдытах. Рашэннем праблемы, на думку міністра, можа выступаць сістэма жыллёвых будаўнічых зберажэнняў, парадак функцыянавання якой прадугледжаны адпаведным Указам. Кажучы аб праблеме састарэлага жылфонду, Аляксандр Студнеў бачыць выйсце з сітуацыі забеспячэннем паэтапнай рэканструкцыі і рэнавацыі жыллёвага фонду.

Для найбольш запатрабаваных кадраў

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла падрабязна спыніўся на пытанні прадастаўлення арэнднага жылля прадстаўнікам найбольш запатрабаваных прафесій: «Частка арэнднага жылля — 40 % у абласцях і 60 % у Мінску — прадастаўляецца грамадзянам на перыяд працоўных, службовых адносін. Гэта абумоўлена неабходнасцю стварэння спрыяльных умоў для пражывання грамадзян пры ажыццяўленні імі сваіх функцыянальных абавязкаў па месцы работы і службы».

З мэтай забеспячэння даступнасці жылля 27 студзеня кіраўніком дзяржавы падпісаны Указ № 38 «Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля», які накіраваны на пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў улады па прыняцці рашэнняў аб прадастаўленні арэнднага жылля грамадзянам найбольш запатрабаваных прафесій і спецыяльнасцяў. Па словах міністра, указ з’яўляецца дадатковым стымулам па прыцягненні кадраў найбольш запатрабаваных прафесій у рэгіёны, у тым ліку ў сельскую мясцовасць.

Кажучы аб набыцці жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду ў сельскай мясцовасці, міністр праінфармаваў, што мясцовым выканаўчым органам прадастаўлена права з улікам мясцовых умоў, інтарэсаў дзяржавы і эканамічнай эфектыўнасці прымаць рашэнне аб перадачы ва ўласнасць наймальнікаў аднакватэрных жылых дамоў, кватэр блакіраваных жылых дамоў дзяржжылфонду, прадастаўленых да 1 красавіка 2014 года і прызнаных тымі, што не адпавядаюць тэхнічным патрабаваннем.

З улікам ініцыятыўных прапаноў падрыхтаваны праект нарматыўнага правога акта аб змяненні ўказа, які дазволіць пашырыць кола жылых дамоў, што перадаюцца ва ўласнасць, размешчаных у сельскай мясцовасці з ліку аб’ектаў, на аднаўленне якіх патрабуецца накіраванне значных бюджэтных сродкаў. Па словах міністра, гэта паўплывае на замацаванне кадраў, надасць новы статус такому жыллю.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю