На семінары «Беларусь і Паўднёва-Усходняя Азія ў пошуках новых перспектыў супрацоўніцтва» парламентарыі і запрошаныя эксперты абмеркавалі далейшыя шляхі развіцця ўзаемаадносін з азіяцкім рэгіёнам.
«Удасканальваць існуючыя інструменты ўзаемадзеяння»
Кіраўнік дзяржавы лічыць рэгіён Паўднёва-Усходняй Азіі перспектыўным для паглыблення адносін і пошуку новых пунктаў апоры, падкрэсліў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. Паводле яго слоў, дынаміка эканамічнага развіцця 11 дзяржаў рэгіёна, аб’яднаных у Асацыяцыю дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі — АСЕАН, прыводзіць да росту іх палітычнай вагі на міжнароднай арэне і павышэння ўкладу ў забеспячэнне рэгіянальнай і глабальнай бяспекі.
«Сёння АСЕАН — гэта, па сутнасці, пятая эканоміка свету з агульнай колькасцю насельніцтва амаль 700 мільёнаў чалавек, — канстатаваў спікер. — Пры гэтым менавіта тут пралягаюць найважнейшыя марскія гандлёвыя шляхі, якія злучаюць Азію з Еўропай і Блізкі Усход. Міжнародная палітыка краін АСЕАН шмат у чым сугучная з міралюбнай палітыкай нашай краіны. Нас аб’ядноўвае цвёрдая прыхільнасць фарміраванню шматпалярнага светапарадку з апорай на міжнароднае права і Статут ААН. Таму развіццё ўзаемавыгаднага ўсебаковага супрацоўніцтва з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі з’яўляецца адным з ключавых напрамкаў знешняй палітыкі нашай краіны».
Ігар Сергяенка дадаў, што з 2011 года беларускі парламент мае статус назіральніка ў Міжпарламенцкай Асамблеі АСЕАН. «Сёння гэта міжнародная структура стала для нас той каштоўнай пляцоўкай, якая дазваляе канструктыўна весці дыскусію з кожнай краінай, з членамі Міжпарламенцкай Асамблеі АСЕАН, з акцэнтам на гандлёва-эканамічную сферу. Нам варта актывізаваць сувязі з такімі краінамі, як Малайзія, Сінгапур, Філіпіны, шукаць новыя формы работы, удасканальваць наяўныя інструменты ўзаемадзеяння як у двухбаковым фармаце, так і ў міжнародных парламенцкіх пляцоўках», — рэзюмаваў ён.
Вялікі і перспектыўны рынак для беларускіх тавараў
У сваю чагу, першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч падкрэсліў, што развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі ўваходзіць у лік знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў нашай краіны. Паводле яго слоў, летась былі забяспечаны палітычныя ўмовы для нарошчвання экспарту ў асобныя краіны гэтага рэгіёна. Арганізаваны візіты ў Беларусь на найвышэйшым узроўні. Устаноўлены даверны кантакт паміж лідарамі і дасягнутыя на найвышэйшым узроўні дамоўленасці ствараюць добры зачын для рыўка на інданезійскім напрамку. «Як вынік — толькі за 11 месяцаў 2025 года дасягнуты рэкордны за ўсю гісторыю двухбаковых адносін узровень тавараабароту з В’етнамам — звыш 270 мільёнаў долараў, у тым ліку беларускі экспарт за апошнія 12 гадоў — звыш 113 мільёнаў долараў, — прывёў лічбы Сяргей Лукашэвіч. — Значных поспехаў удалося дабіцца ў гандлёва-эканамічнай галіне і з Інданезіяй. За аналагічны перыяд 2025 -га тавараабарот дасягнуў больш за паўмільярда долараў. Экспарт вырас у два разы — каля 340 мільёнаў долараў».
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Інданезіі Раман Раманоўскі падкрэсліў, што краіны Паўднёва-Усходняй Азіі — гэта ёмісты і перспектыўны рынак для беларускіх тавараў. «Аб гэтым кажуць лічбы. За мінулы год тавараабарот з АСЕАН перавысіў адзнаку ў мільярд долараў пры апераджальным росце экспарту над імпартам. Пры гэтым гандаль з найбуйнейшай эканомікай рэгіёна Інданезіі складае каля паўмільярда долараў», — адзначыў дыпламат.
Пры гэтым выхад на рынкі краін Паўднёва-Усходняй Азіі не з’яўляецца лёгкай задачай, заўважыў Раман Раманоўскі. На працягу дзесяцігоддзяў свае пазіцыі тут умацоўвалі пастаўшчыкі сельгаспрадукцыі з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Бразіліі, ЗША, вытворцы ўсяго спектра прамысловых тавараў з КНР. «Аднак ніш для беларускіх тавараў дастаткова, — перакананы дыпламат. — Трэба праяўляць больш настойлівасці, больш актыўна кантактаваць з партнёрамі, дамаўляцца аб узаемавыгадных фарматах супрацоўніцтва, уключаючы прамысловую кааперацыю. Беларусь на двухбаковай аснове па лініі інтэграцыйных аб’яднанняў вядзе паслядоўную работу па спрашчэнні ўмоў доступу айчыннай прадукцыі ў рэгіён».
«Нашы тавары, наша прадукцыя запатрабаваныя на гэтым вельмі ёмістым рынку»
У размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў акрэсліў асноўныя аспекты далейшага ўзаемадзеяння з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. Паводле яго слоў, наша краіна дастаткова добра прысутнічае ў гэтым рэгіёне. «Нас добра ведаюць у многіх краінах, якія ўключаны ў аб’яднанне АСЕАН, — канстатаваў ён. — Для нас гэты рэгіён цікавы перш за ўсё з дзвюх пазіцый. Гэта шырокі рынак: больш за 700 мільёнаў чалавек пражывае ў дадзеным рэгіёне. Другі аспект — нам важная і палітычная падтрымка гэтых краін у міжнародных арганізацыях, у цэлым у шматпалярным светапарадку, які фарміруецца».
Эканамічныя адносіны паміж нашымі краінамі таксама добра развіваюцца. Аб’ём знешняга гандлю Рэспублікі Беларусь з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі ў 2025 годзе перавысіў 1,1 мільярда долараў. У нас станоўчае сальда ў гандлі з гэтымі краінамі. «Гэта сведчыць пра тое, што нашы тавары, наша прадукцыя запатрабаваныя на гэтым вельмі ёмістым рынку», — рэзюмаваў Сяргей Рачкоў.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка, размаўляючы з журналістамі, адзначыў: «Асноўная задача знешнепалітычнай стратэгіі нашай краіны ў гэтым рэгіёне свету — развіццё ўзаемавыгадных эканамічных адносін. Парламентарыі таксама ўдзельнічаюць у гэтым працэсе і на ўзроўні парламенцкага вымярэння садзейнічаюць прасоўванню нашых эканамічных інтарэсаў у дадзеным рэгіёне планеты. Акрамя таго, міжпарламенцкае ўзаемадзеянне з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі дазваляе нам пазіцыянаваць Беларусь як міралюбную краіну, якая ідзе ў фарватары сусветнага палітычнага трэнду, і больш інтэнсіўна прасоўваць нашы нацыянальныя інтарэсы ў палітычнай сферы».
Паводле слоў парламентарыя, дэпутацкі корпус інтэнсіўна ўзаемадзейнічае з дружалюбнымі краінамі ў Паўднёва-Усходняй Азіі на міжнародных пляцоўках у мэтах адстойвання агульных інтарэсаў. «Найбольш цесна мы ўзаемадзейнічаем з парламентамі Лаоса, В’етнама, Інданезіі, М’янмы, — канкрэтызаваў Алег Дзячэнка. — Але ёсць краіны, якія прытрымліваюцца асаблівага палітычнага, знешнепалітычнага курсу, праводзяць незалежную палітыку альбо ідуць у фарватары палітыкі буйных цэнтраў эканамічнай сілы. Таму, выбудоўваючы адносіны з імі, мы абавязаны ўлічваць палітычную і парламенцкую культуру гэтага рэгіёна».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА