Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў абмеркавалі ролю палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў у забеспячэнні народнага адзінства

Адзіныя ў адстойванні суверэнітэту і супрацьдзеянні выклікам

Пастаянная камісія па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, якая ініцыіравала правядзенне тэматычнага круглага стала, планамерна і сістэмна вядзе работу па вывучэнні стану і перспектыў заканадаўчай базы. Што датычыцца грамадска-палітычнай сферы, якая ўваходзіць у кампетэнцыю камісіі, апошнія карэкціроўкі ў гэтай галіне ўступілі ў сілу ў 2023 годзе, калі быў прыняты Закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці».

Аб эфектыўнасці заканадаўчых рашэнняў, якія не толькі актывізавалі работу палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, а далі ім новы імпульс для далейшага развіцця, а таксама ролі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у забеспячэнні народнага адзінства, што з’яўляецца актуальным у развіццё сустрэчы кіраўніка дзяржавы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю, гаварылі падчас круглага стала.

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Мікалай БУЗІН, заканатворчая дзейнасць — складаны працэс, які патрабуе пастаяннай данастройкі. «Заканадаўчыя рашэнні, якія рэгламентуюць дзейнасць партый, грамадскіх аб’яднанняў, уступілі ў сілу крыху больш за два гады таму, але за гэты час адбылося шэраг падзей унутры нашай дзяржавы, вакол яе, — удакладніў ён. — Сустрэча — гэта свайго роду маніторынг стану нашага грамадства, партыйнага будаўніцтва на дадзены момант».

Каб высветліць, што неабходна сучаснаму грамадству, а адпаведна, якіх заканадаўчых рашэнняў чакаць у перспектыве, абмяркоўвалі падчас круглага стала. «Заканадаўства павінна забяспечваць вырашэнне найгалоўнейшай задачы — паляпшэнне жыцця грамадзян, — канкрэтызаваў Мікалай Бузін. — І ўсе працэсы ў рамках дзейнасці ўлады накіраваны менавіта на гэта».

Як звярнуў увагу першы сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей СЫРАНКОЎ, Закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» з’яўляецца своечасовым дакументам, калі пытанні партыйнага будаўніцтва выйшлі на перадавыя пазіцыі. «Дакумент быў накіраваны на тое, каб у тым ліку адсекчы пэўныя спекуляцыйныя элементы на палітычным полі краіны, — канстатаваў ён. — Тыя прадуманыя патрабаванні да дзейнасці палітычных партый (перарэгістрацыя, наяўнасць арганізацыйнай структуры, колькасны склад, поўная адсутнасць фінансавання з-за мяжы і інш.) сталі дастаткова сур’ёзнымі перашкодамі для многіх нашых „калег“ па партыйным руху. У выніку ў краіне дзейнічаюць патрыятычныя, ідэалагічна накіраваныя і адказныя за лёс народа партыі».

Ад імя ўсіх камуністаў краіны Сяргей Сыранкоў запэўніў, што, нягледзячы на нейкія ідэйныя і праграмныя розначытанні, у палітычных партый — поўнае адзінства ў пытаннях адстойвання суверэнітэту, незалежнасці нашай краіны, супрацьдзеяння выклікам і пагрозам. «У гэтай сувязі мы выступаем адзіным фронтам, мы маналітныя, і, як бы камусьці ні хацелася, нас нікому не раздзяліць», — падкрэсліў лідар партыі.

Па словах генеральнага сакратара грамадскага аб’яднання «Беларускі Чырвоны Крыж», намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Дзмітрыя ШАЎЦОВА, усе партыі і грамадскія аб’яднанні павінны быць гатовымі супрацьстаяць любому выкліку, любой пагрозе. «2020 год нас многаму навучыў, — заўважыў ён. — Невыпадкова ў нас з’явіўся Дзень народнага адзінства, няпроста так яму нададзены статус аднаго з найважнейшых свят. Eсць разуменне: пакуль мы адзіныя, мы можам супрацьстаяць шматлікім пагрозам».

Дэпутат пагаджаецца са словамі беларускага лідара, які сказаў, што, каб пазбегнуць падобных выклікаў у будучыні, трэба забяспечыць устойлівую эканамічную дзейнасць. «Мы павінны працаваць, — удакладніў Дзмітрый Шаўцоў. — Кіраўнік дзяржавы прыводзіў у прыклад, як працуюць у той жа Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Нам ёсць да чаго імкнуцца. Так, мы шмат чаго дасягнулі, але разам з тым нам трэба рухацца наперад. У гэтым плане вельмі важная кансалідацыя грамадства, як і ідэалагічная асвета».

Вераніка КАНЮТА

Чытайце таксама: Безумоўны прыярытэт заканадаўчай дзейнасці — забеспячэнне незалежнасці і абараназдольнасці Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю