Top.Mail.Ru

У Палаце прадстаўнікоў адбылася сустрэча з удзельнікамі выязной стажыроўкі «Саюзная дзяржава: прыярытэты развіцця»

Узаемны інтарэс

Гэтымі днямі на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь вопыт дзяржаўнага кіравання нашай краіны пераймаюць кіраўнікі высокага ўзроўню практычна з усіх рэгіёнаў Расіі, якія ўваходзяць у федэральны кадравы рэзерв на дзяржаўнай грамадзянскай службе Расійскай Федэрацыі. Сустрэча з беларускімі парламентарыямі — частка насычанага візіту ўдзельнікаў стажыроўкі ў Беларусь.

Дэпутаты праінфармавалі гасцей аб сістэме дзяржаўнага кіравання ў нашай краіне, ключавых аспектах гістарычнай палітыкі, якая праводзіцца ў Беларусі, канстытуцыянальных асновах ідэалогіі беларускай дзяржавы, кірунках заканадаўчай дзейнасці.

У ліку прыярытэтаў развіцця Саюзнай дзяржавы (менавіта гэтай тэме прысвечана стажыроўка) Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА вызначыў сельскую гаспадарку, прамысловую кааперацыю, навуковыя распрацоўкі. «У цэлым гандлёва-эканамічныя адносіны, — падкрэсліў спікер. — Гэта і нашы прыярытэты ў гуманітарнай сферы: і абарона гістарычнай памяці, і падрыхтоўка кадраў, і роўныя правы нашых грамадзян, і ахова здароўя, увогуле сацыяльная абарона насельніцтва, і роўныя выбарчыя правы на выбарах у мясцовыя саветы. Гарманізацыя заканадаўства, над чым працуюць і Дзяржаўная дума, і Палата прадстаўнікоў у рамках Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі — таксама нашы прыярытэты. Як і прыярытэты ў ваеннай сферы, сферы абароны нашай Айчыны. Мы проста абавязаны забяспечыць абараназдольнасць, каб абараніць нашых людзей, супрацьстаяць на знешнім контуры».

Рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Дзяніс ДУК звярнуў увагу на тое, што падобнае мерапрыемства праводзіцца на базе навучальнай установы ўпершыню. «Удзельнікі стажыроўкі, якія маюць досвед дзяржаўнай службы і разумеюць, як далей павінны развівацца рэгіёны Расійскай Федэрацыі, праяўляюць інтарэс да вопыту Беларусі ў плане арганізацыі рэспубліканскага, мясцовага кіравання, узаемадзеяння органаў дзяржаўнай улады, — удакладніў ён. — Гэта ўнікальная магчымасць для прадстаўнікоў шматлікіх рэгіёнаў абмяняцца вопытам як са сваімі беларускімі калегамі, так і паміж сабой».

Па словах рэктара, падобны досвед цікавы і для беларускага боку. «Мы прадстаўляем свае напрацоўкі, якія ў пэўнай ступені сінхранізаваныя ў рамках прававога поля Саюзнай дзяржавы: нам трэба разумець кірункі, якія мы будзем развіваць далей, які вопыт хочам укараніць у сябе, — адзначыў Дзяніс Дук. — Гэты вопыт карысны для абодвух бакоў, мае вялікую перспектыву далейшага ўзаемадзеяння».

Падчас тыднёвай стажыроўкі яе ўдзельнікі азнаёмяцца з функцыянаваннем органаў кіравання як у Мінску (у праграме мерапрыемства — наведванне Мінгарвыканкама, Парка высокіх тэхналогій, Мінскага гарадскога тэхнапарка), так і на рэгіянальным узроўні. Структуру мясцовага кіравання ўдзельнікам стажыроўкі прадставяць на прыкладзе Брэсцкай вобласці.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігара МАРЗАЛЮКА, 

на ўзроўні ўзаемадзеяння паміж саюзнікамі неабходна ўдзяляць увагу найважнейшым сэнсам. «Удзельнікі стажыроўкі — гэта кіруючая эліта, людзі, якія задаюць вектары развіцця нашага эканамічнага, культурнага, палітычнага ўзаемадзеяння, — удакладніў дэпутат, які ў сваім дакладзе спыніўся на ключавых аспектах гістарычнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. — Выдатна, калі мы можам непрадузята, спакойна падзяліцца сваімі падыходамі ў розных сферах. Пры гэтым важна памятаць, што ў нас дзве дзяржавы, нашы палітычныя сістэмы і механізмы дзяржаўнага функцыянавання маюць сваю спецыфіку. Аднак спалучэнне нацыянальных інтарэсаў, падыходаў праз такога роду мерапрыемствы дае магчымасць глыбей і лепш разумець адно аднаго».

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Палаты прадстаўнікоў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю