Пуцёўка ў дарослае жыццё
Галоўны афіцыйны дакумент і сімвалічныя падарункі 14-гадовым дзяўчатам і хлопцам уручылі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Уладзімір ПАЎЛОЎСКІ ў рамках усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!».

У цырымоніі ўзялі ўдзел навучэнцы з усіх рэгіёнаў краіны — пераможцы гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, міжнародных навуковых і творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў.
Звяртаючыся да юных беларусаў і іх бацькоў, Ігар Сергяенка адзначыў, што Авальная зала Дома ўрада, дзе моладзі ўручылі афіцыйны дакумент, — знакавае месца для нашай краіны. Бо менавіта тут Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прынёс сваю першую прэзідэнцкую прысягу і штогод выступаў з Пасланнем да парламента і беларускага народа. «Сустрэчы з дэпутатамі розных скліканняў Прэзідэнтам праводзяцца ў гэтай зале. Па сутнасці, гэта частка нашай гісторыі, нашай гістарычнай праўды, захаванне якой, роўна як і памяць аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца абавязкам дзяржавы і абавязкам кожнага грамадзяніна», — дадаў спікер.


Уручэнне пашпарта — адначасова важная і хвалюючая нагода, якая стала ўжо добрай парламенцкай традыцыяй напярэдадні Дня Канстытуцыі. «Гэта ваш першы сур’ёзны дакумент, своеасаблівая пуцёўка ў жыццё, якая дае не толькі правы, але і накладвае сур’ёзныя абавязкі перад краінай, перад грамадствам, перад вашай малой радзімай, вашымі бацькамі і сваякамі», — звярнуў увагу спікер.
Сімвалічна, што ўрачыстае мерапрыемства прайшло не толькі ў рамках акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі!», але і ў год пяцігоддзя з дня ўтварэння Канстытуцыйнай камісіі, вынікам дзейнасці якой стала падрыхтоўка абноўленага Асноўнага Закона краіны, прынятага на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года. Гэта таксама мае асаблівы сэнс.


«Хачу падкрэсліць, што прысутныя ў гэтай зале дэпутаты вельмі актыўна бралі ўдзел і ў падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі, і ў правядзенні рэферэндуму. Хтосьці ўваходзіў у склад Канстытуцыйнай камісіі, рабочай групы, працавалі ў калектывах, вывучалі грамадскую думку, рыхтавалі прапановы, якіх, я вам скажу, паступалі тысячы. Яны на ўсіх этапах падрыхтоўкі абноўленай Канстытуцыі ўлічваліся і ацэньваліся вельмі скрупулёзна і педантычна», — сказаў Ігар Сергяенка.


Старшыня Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што нормы, якія закладзены ў Асноўным Законе нашай краіны, простыя і зразумелыя. Святы абавязак кожнага грамадзяніна — захоўваць, абараняць нацыянальную памяць, шанаваць нашы спрадвечныя традыцыі, берагчы і прымнажаць спадчыну продкаў.


Васьмікласнік Аршанскай сярэдняй школы № 9 Міхаіл ЧАРНЫШОЎ адзначыў, што атрыманне пашпарта з рук Старшыні Палаты прадстаўнікоў — адна з самых яркіх падзей у яго жыцці. «Нават не чакаў, што атрымаю пашпарт у такім урачыстым месцы, — прызнаўся хлопец. — Прыемна: нам, дзецям, аказваецца такая ўвага. Я ўсведамляю, што з атрыманнем пашпарта прыходзяць і новыя абавязкі, якія неабходна выконваць».


Васьмікласніца Каладзішчанскай сярэдняй школы № 2 Паліна СІЛКІНА ганарыцца, што атрымала свой галоўны афіцыйны дакумент у Палаце прадстаўнікоў. «Трымаючы ў руках гэты дакумент, адчуваю, як станаўлюся часткай чагосьці вялікага і вельмі важнага. Цяпер у мяне ёсць не толькі правы, але і абавязкі перад Радзімай. Я ганаруся сваёй краінай, удзячная нашым прадзедам за мірнае неба над галавой, захапляюся прыгажосцю нашых палёў і гарадоў. Ганаруся тым, што мы незалежная і суверэнная рэспубліка», — сказала дзяўчына.

Падтрымаць яе прыехала мама — Святлана СІЛКІНА. «Яшчэ зусім нядаўна мы, бацькі, вялі нашых дзяцей у першы клас, а сёння яны на парозе дарослага жыцця, — сказала жанчына, звяртаючыся з падзякай да Старшыні Палаты прадстаўнікоў. — Гэты момант важны і шчаслівы для нас. Адметна, што ўручэнне галоўнага афіцыйнага дакумента праходзіць напярэдадні Дня Канстытуцыі. Канстытуцыя гарантуе правы на жыццё, свабоду, родную мову, павагу да культуры і гісторыі».

Для вучаніцы сярэдняй школы № 8 г. Барысава Маргарыты ЦІТАВЕЦ атрыманне пашпарта ў такой урачыстай абстаноўцы — матывацыя рухацца наперад і развівацца. «Вялікі гонар — прыехаць у Палату прадстаўнікоў. Асабіста для мяне пашпарт — важны дакумент, з атрыманнем якога трэба ўсведамляць і ўсю адказнасць», — падкрэсліла школьніца.


Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД