Найвышэйшы ўзровень падрыхтоўкі беларускіх медыцынскіх работнікаў, іх самаадданасць і вернасць прафесіі адзначылі на маштабным урачыстым мерапрыемстве ў самым сэрцы сталіцы напярэдадні іх прафесійнага свята.
Дзеля якасці і здароўя
У Палацы Рэспублікі сабраліся як практыкуючыя ўрачы, медыцынскія сёстры і фармацэўты, так і кіраўнікі ведамстваў, вучоныя-медыкі, ветэраны працы і маладыя спецыялісты. Святочны вечар пачаўся з цырымоніі ўзнагароджання ў Зале прыёмаў, дзе ўшаноўвалі лаўрэатаў I, II, III ступені конкурсу «Урач года» 2025 года. Заслужаныя ўзнагароды ўручылі больш як 130 спецыялістам, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё айчыннай медыцыны і прафсаюзнага руху. У сваю чаргу, галоўная цырымонія ў Вялікай зале Палаца Рэспублікі запомнілася ўручэннем каля 80 узнагарод. Імёны найлепшых прадстаўнікоў прафесіі, пераможцаў конкурсу «Урач года» былі вызначаны ў пяці намінацыях: «Урач-акушэр-гінеколаг», «Урач-тэрапеўт», «Урач агульнай практыкі», «Урач-педыятр» і «Урач-хірург».
Віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў адрас работнікаў і ветэранаў сістэмы аховы здароўя краіны зачытаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.
У сваю чаргу, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка зачытала прывітальны адрас Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка — прывітальны адрас Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі.
«Медыцына павінна быць сучаснай, якаснай, даступнай, супадаць з мэтамі, якія сёння задае нам кіраўнік дзяржавы, і з водгукамі нашых грамадзян, якія на сённяшні дзень павінны даваць ацэнку нашай работы і дзейнасці. Медыцына павінна быць камфортнай для тых, хто ў ёй працуе, — падкрэсліў міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ. — Сістэма аховы здароўя павінна быць мабільнай, падладжвацца пад тыя выклікі, якія стаяць перад ёй сёння. І яна павінна быць стратэгічнай для таго, каб гэтыя выклікі не з’яўляліся для сістэмы аховы здароўя нечым нечаканым. Гэта значыць, сістэма павінна аналізаваць, рабіць прагноз і вырашаць тыя задачы, якія ёсць сёння і могуць быць заўтра».
Міністр аховы здароўя таксама нагадаў, што ў 1990-я гады сістэма мела сур’ёзныя цяжкасці: не хапала сучасных лекаў, а медыцынскае абсталяванне не дазваляла аказваць дапамогу грамадзянам у неабходным аб’ёме. Сёння ж сітуацыя кардынальна змянілася — практычна штогод у краіне адкрываюцца новыя паліклінікі, узводзяцца сучасныя клінікі як на мясцовым, так і на рэспубліканскім узроўні. Але прафесійныя веды і тэхнічная абсталяванасць не засланяюць галоўных чалавечых якасцяў, якія закладваюцца ў медыцынскіх работнікаў яшчэ падчас вучобы. Аляксандр Хаджаеў адзначыў важнасць захавання гуманістычных пачаткаў, павагі да бліжняга, дабрыні і эмпатыі, а таксама самаадданасці медыцынскіх работнікаў у вострыя і адказныя моманты іх прафесійнай дзейнасці.
Гераізм у імя жыцця
Як падкрэсліла першы намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Алена БОГДАН, працу медыцынскіх работнікаў немагчыма ацаніць ні грашыма, ні словамі — толькі ўдзячнымі сэрцамі пацыентаў: «Мы знаходзімся побач з імі з першага да апошняга ўздыху. Мы ведаем цану жыцця і няўхільнасць сыходу чалавека. Мы ведаем, што за кожнай гадзінай нашай працы стаіць не проста нечае здароўе, а нечае шчасце. І вельмі хочацца, каб вашы дамашнія, вашы блізкія разумелі вашу самаахвярнасць, разумелі, у імя чаго і для чаго вы працуеце, — падкрэсліла Алена Богдан. — Ваша праца — гэта гераізм. Гераізм у імя жыцця».
Словы віншавання і падзякі медыцынскім работнікам выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый СЯНЬКО. Ён падкрэсліў, што бяспека дзяржавы складаецца з акрамя ваеннай, прамысловай, аграрнай і навуковай сфер яшчэ і са сферы аховы здароўя насельніцтва. Менавіта ад прафесіяналізму медыкаў, іх умення працаваць з людзьмі і падтрымліваць іх здароўе залежыць будучыня нашага грамадства: «Дзякуючы вам наша сістэма аховы здароўя рухаецца наперад. Расце якасць аховы здароўя, мы тэхнічна і прафесійна перааснашчаемся. Ад гэтага расце якасць і працягласць жыцця нашых грамадзян», — адзначыў Юрый Сянько.
Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі звярнуў увагу на тое, што прафсаюзны рух не застаецца ў баку ад пытанняў аховы здароўя і мае сетку з дванаццаці санаторыяў для аздараўлення насельніцтва. У прафсаюзных здраўніцах працуюць больш за 2500 спецыялістаў, у тым ліку 630 урачоў, якія разам з калегамі з іншых медыцынскіх устаноў уносяць свой уклад у павышэнне якасці жыцця і здароўя беларусаў.
Жаночы твар медыцыны
Дарэчы, 86 % работнікаў сістэмы аховы здароўя складаюць жанчыны, адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў ШЫЛА. Прадстаўніцы прыгожага полу паспяхова працуюць у тым ліку ў такіх кірунках, як хірургія, рэнтгеналогія і траўматалогія. І гэта нягледзячы на тое, што ў гэтых галінах апроч іншых прафесійных якасцяў традыцыйна патрабуюцца фізічная вынослівасць і сіла.
Нездарма ў фае перад Вялікай залай разгарнулася фотавыстава «Жаночая справа», рэалізаваная сумеснымі намаганнямі галіновага прафсаюза і выдання «Медвестник». Паводле слоў арганізатараў, экспазіцыя прымеркавана да Года беларускай жанчыны і расказвае аб тым, як прадстаўніцы прыгожага полу ратуюць жыцці і клапоцяцца аб падрастаючым пакаленні. Таму асаблівае месца ў экспазіцыі займаюць партрэты шматдзетных маці, якія працуюць у сістэме аховы здароўя і некаторыя з якіх удастоены ордэна Маці.
Акрамя таго, для гасцей падрыхтавалі фільм-канцэрт «Медыцына — любоў мая» з пяці тэматычных блокаў, якія прадэманстравалі не толькі высокі ўзровень кампетэнцый беларускіх медыкаў, але і глыбокую адданасць справе і пераемнасць пакаленняў — яна заўсёды была моцным бокам айчыннай сістэмы аховы здароўя.
Музычным суправаджэннем вечара сталі выступленні вядучых творчых калектываў і зорак эстрады. Дарэчы, у канцэрце прынялі ўдзел і самі медыцынскія работнікі — яны прадэманстравалі свае таленты нароўні з прафесіяналамі сцэны.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ