Беларускае радыё працягвае маштабна святкаваць свой векавы юбілей. Кульмінацыяй святочнага марафону стаў вечар 19 лістапада, калі ў Палацы Рэспублікі запаліліся агні цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў І Нацыянальнага конкурсу «РадыёТрыумф».
Мерапрыемства стала сапраўднай падзеяй у медыяпрасторы Беларусі. Гасцей «РадыёТрыумфу» акрамя аб’яўлення вынікаў конкурсу чакала відовішчная канцэртная праграма, у якой прыняла ўдзел каля 300 артыстаў. А ўсе прысутныя маглі зрабіць яркія кадры ў фотазонах, паўдзельнічаць у розыгрышы прызоў на інтэрактыўных пляцоўках і асабіста сустрэцца з любімымі радыёвядучымі.
Урачысты сход адкрыў першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ПЯРЦОЎ. Ён зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта.
«На працягу стагоддзя вы з’яўляецеся вядомым голасам нашай Радзімы, нязменным эталонам і прадаўжальнікам лепшых традыцый айчыннага радыёвяшчання, аб’ядноўваючы, натхняючы і выхоўваючы сваёй творчасцю.
Перакананы, што прафесіяналізм, аб’ектыўнасць і адданасць справе дазволяць радыё і надалей заставацца надзейнай крыніцай інфармацыі і верным спадарожнікам для мільёнаў беларусаў», — гаворыцца ў прывітанні.
Ад сябе Уладзімір Пярцоў дадаў, што радыё застаецца адным з самых запатрабаваных СМІ, акампаніятарам усім нашым добрым, карысным справам.
Ён адзначыў, што прэмія «РадыёТрыумф» — гэта фіксацыя поспехаў і дасягненняў таго ці іншага іграка на нашым радыёландшафце. Па яго словах, у нас шмат дастойных прафесійных рознафарматных радыёстанцый і перамогуць наймацнейшыя.
У сваю чаргу міністр інфармацыі Марат Маркаў расказаў, як узнікла ідэя стварэння «РадыёТрыумфу».
«На працягу 100 гадоў існавання Беларускага радыё ў нас не было нацыянальнага конкурсу, які б адзначаў тых людзей, якіх, як правіла, мы не бачым. Мы проста пазнаём іх па галасах. Год таму Асацыяцыя індустрыі радыёвяшчання звярнулася ў Міністэрства інфармацыі з прапановай арганізаваць першую ў краіне нацыянальную прэмію, якая б адзначала людзей, што працуюць на радыё. Гэта сапраўды правільна, таму што ў тых, хто працуе ў друкаваных СМІ, такая прэмія ёсць — „Залатая Літара“. „Тэлевяршыню“ мы праводзім раз у два гады, у блогераў ёсць свой форум. А вось у людзей, якія працуюць на радыё, такой прэміі не было. І гэта трэба было выпраўляць. Мы звярнуліся ва ўрад, і там падтрымалі гэту ініцыятыву», — падзяліўся Марат Маркаў.
Усяго на ўдзел у конкурсе паступіла 234 заяўкі, 225 з іх дапусціла на суд журы, якому трэба было выбраць пераможцаў у 17 намінацыях.
Па выніках конкурсу найлепшым інфармацыйным праектам стаў «Радыёфакт» (Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, радыёпраграма «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё»), найлепшым спецпраектам — «Цытаты Першага» (Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, радыёпраграма «Радыёстанцыя Радыус-FM»), найлепшым аналітычным праектам — праект «Будні» радыёпраграмы «Альфа Радыё», найлепшым радыёдэбютам — радыёпраграма «Супер ФМ» (ТАА «Музычная частата»), выбарам радыёслухача — радыёпраграма «Радыё Рокс-М».
Безумоўна, галоўнай інтрыгай вечара было тое, хто ж атрымае запаветны Гран-пры «РадыёТрыумфу». Яго ўладальніка выбіралі з усіх намінантаў. Па выніку ганаровую ўзнагароду атрымала аўтар і вядучая праекта «Героі Перамогі» Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Святлана Калмак.
Пасля абвяшчэння вынікаў яна прызналася журналістам, што перамога стала для яе нечаканасцю.
— Я, шчыра кажучы, да гэтага часу ў шоку, свой праект адношу не да такіх маштабных, рэспубліканскіх. «Героі Перамогі» мы рабілі да 9 Мая, наш праект расказваў пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. На Беларускім радыё ёсць вялікая фанатэка, дзе захоўваюцца галасы, пачынаючы, напэўна, з 1942 года. Гэта мая самая любімая работа, калі я сяджу ў фанатэцы, праслухоўваю тых, каго раней запісвалі, і рыхтую эфіры. Я шукала галасы, якія мы ўжо забылі ці нават і не ведалі. Хацелася расказаць у тым ліку моладзі пра тое, якія ў нас былі людзі раней, — расказала Святлана Калмак.
Яркімі станоўчымі эмоцыямі завяршыўся І Нацыянальны конкурс «РадыёТрыумф», які плануецца зрабіць традыцыйным і праводзіць рэгулярна раз у два гады.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.