Top.Mail.Ru

13 законапраектаў унесена ў парадак дня трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў

Графік падрыхтоўкі законапраектаў, а таксама перспектывы міжнароднай дзейнасці дэпутацкага корпуса, вынікі работы парламентарыяў у выбарчых акругах абмеркавалі падчас пасяджэння Савета Палаты прадстаўнікоў.


З 67 разгледжаных на папярэдняй сесіі законапраектаў 64 прыняты ў другім чытанні, падпісаны Прэзідэнтам і прымяняюцца на практыцы. Тры законапраекты разгледжаны ў першым чытанні і актыўна дапрацоўваюцца да другога чытання. Важным фактарам, які забяспечвае такую рэзультатыўнасць, з’яўляецца планамернасць і эфектыўнасць работы з законапраектамі, адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА і заўважыў, што ў такім жа ключы павінна ісці падрыхтоўка да трэцяй сесіі. «Цяпер у Палату прадстаўнікоў унесена 13 законапраектаў, 12 з якіх ужо ўключаны ў прыкладны графік падрыхтоўкі для разгляду на трэцяй сесіі, — канстатаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Хачу звярнуць чарговы раз увагу, што пастаянныя камісіі павінны дакладна прытрымлівацца тэрмінаў, устаноўленых у гэтым графіку».

У прыватнасці, Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы даручана самую сур’ёзную ўвагу ўдзяліць дапрацоўцы да другога чытання праекта Закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання». Гэта абсалютна новы законапраект. Прапанаваныя навацыі павінны забяспечыць эфектыўную работу бізнесу на карысць краіны і яе грамадзян. Што датычыцца падрыхтоўкі законапраектаў, звязаныя з адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю, спікерам пастаўлена задача — ісці па шляху далейшай лібералізацыі адказнасці, у той жа час не захапляцца празмерным змякчэннем пакарання там, дзе гэта не патрабуецца. 

Пастаўлена задача асаблівую ўвагу ўдзяліць удзелу ў распрацоўцы пакета бюджэтных дакументаў на 2026 год. «Гэта работа ўжо актыўна вядзецца, і дэпутаты павінны прымаць у ёй самы актыўны ўдзел», — канстатаваў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Важным кірункам дзейнасці дэпутатаў з’яўляецца актыўны ўдзел над законапраектамі да ўнясення іх у Палату прадстаўнікоў «Нязменнай задачай застаецца практыка правядзення практыкаарыентаваных мерапрыемстваў, — звярнуў увагу спікер. — Такія мерапрыемствы — выязныя пасяджэнні пастаянных камісій, круглыя сталы, іншыя мерапрыемствы па вывучэнні правапрымяняльнай практыкі — павінны мець практычную карысць, вынік, быць добрай дапамогай у падрыхтоўцы якасных, вывераных, збалансаваных дакументаў, якія адказваюць павевам часу, чаканням грамадзян і юрыдычных асоб». 

Кажучы аб міжнароднай дзейнасці дэпутацкага корпуса, сярод шэрагу бліжэйшых планаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў агучыў, што ў пачатку верасня пад эгідай Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Магілёве будзе праведзены маладзёжны фестываль, які дагэтуль заўсёды праходзіў у Смаленску. У рамках фестывалю запланаваны форум маладых гісторыкаў. 

Рэзюмуючы, Ігар Сергяенка заклікаў дэпутатаў да актыўнай, канкрэтнай і дакладнай працы падчас трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання, якая, згодна з Канстытуцыяй, пачне работу ў трэці аўторак верасня.

Вераніка КАНЮТА.

Фота БелТА. 

Дарэчы

У склад новай камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці ўвойдуць шэсць беларускіх парламентарыяў. 

Намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім ІПАТАЎ ў размове з журналістамі нагадаў, што падчас пасяджэння 68-й сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, якое ў чэрвені адбылося ў Брэсце, было прынята рашэнне аб стварэнні Камісіі па захаванні і абароне гістарычнай памяці. Пытанне аб кандыдатах у гэту камісію з беларускага боку было разгледжана ў сераду падчас Савета Палаты прадстаўнікоў. 

«Дзейнасць створанай камісіі будзе накіравана на захаванне гістарычнай памяці, абарону гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, Другой сусветнай вайне, — адзначыў Вадзім Іпатаў. — Нівеліруецца подзвіг нашых людзей у Вялікую Айчынную вайну, і гэтаму неабходна процідзейнічаць усімі даступнымі сродкамі і спосабамі. Гэтым і будзе займацца камісія ў межах дзейнасці Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Ад нашага Нацыянальнага сходу ў яе склад увойдзе шэсць прадстаўнікоў».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю