— У 2025 годзе для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі (ССА) плануецца прыняць 38,6 тысячы чалавек, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — 29,7 тысячы, — расказвае кансультант упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Аляксандр ТАЛАТАЙ.
Пры гэтым набор за кошт сродкаў бюджэту сёлета павялічыўся на 779 чалавек, а набор на платнай аснове, наадварот, скараціўся на 1,3 тысячы чалавек. Мэтавікоў чакаюць 6,9 тысячы месцаў, і гэта больш на адну тысячу, чым летась.
— У 2025-м для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі (ПТА) плануецца прыняць 28 тысяч чалавек, на 1,2 тысячы больш, чым у 2024-м, — канстатуе кансультант упраўлення. — На аснове агульнай базавай адукацыі навучальныя ўстановы гатовыя прыняць 22,1 тысячы чалавек, на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — 4,3 тысячы чалавек, спецыяльнай адукацыі — 428. На вячэрнюю форму плануецца прыняць 806 чалавек, на завочную — 245 і 15 — на дыстанцыйную.
У спісе найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў 69 пазіцый. Праграмы навучання пастаянна пераглядаюцца, сыходзяць спецыяльнасці, якія не карыстаюцца попытам, а іх месца займаюць сучасныя, з кампетэнцыямі будучыні.
— У гэтым годзе на ўзроўні ССА і ПТА адкрываецца навучанне па многіх запатрабаваных прафесіях, — працягвае Аляксандр Талатай. — Кірункі сур’ёзныя і цікавыя для моладзі. Гэта, напрыклад, «Будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў і збудаванняў», «Праграмна-тэхнічнае забеспячэнне лічбавых прылад», «Дызайн гукавога асяроддзя», «Кузаўны рамонт», «Тэхнічная эксплуатацыя мультымедыйных сістэм», «Вытворца мармеладных-пасцілачных вырабаў». Упершыню ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы адкрыецца спецыяльнасць «Выхаваўчая работа».
Алена ВІНАГРАДАВА
У тэму
«Хачу прыносіць карысць людзям»
Выпускнікі 9-х класаў матываваныя працаваць у роднай краіне і часта выбіраюць сярэднюю спецыяльную адукацыю
У гэтым мы пераканаліся, трапіўшы на ўручэнне пасведчанняў аб агульнай базавай адукацыі дзевяцікласнікам сталічнай школы № 200.
З 95 выпускнікоў агульнай базавай адукацыі больш за 60 % плануе сёлета паступаць, расказала дырэктар Ала ШАСТАКОВА. Тыя, хто будуць працягваць навучанне ў школе далей, арыентаваныя на паступленне ў ВНУ, прычым спектр выбраных спецыяльнасцяў мае быць досыць шырокім — падлеткі хочуць паспрабаваць сябе ў тэхнічных, гуманітарных і творчых кірунках. Паколькі школа з эстэтычным ухілам, выпускаюцца дзяўчаты і хлопцы, якія акрамя школьных прадметаў добра валодаюць музычнымі інструментамі, навыкамі ў тэатральнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, малююць і спяваюць. «Для будучых дзесяцікласнікаў плануецца адкрыццё трох профільных класаў: ваенна-патрыятычны, матэматычны і педагагічны», — паведаміла дырэктар школы.
Дзевяцікласнік Арсеній расказаў, што скончыў 9 класаў з сярэднім балам 8,8 і плануе працягваць навучанне ў школе: «Паставіў сабе мэту — паступіць ва ўніверсітэт пасля заканчэння школы. Хачу выбраць спецыяльнасць, звязаную з дакладнымі навукамі».
З 15-гадовай Лінай нам удалося пагутарыць пасля ўручэння пасведчання. Адначасова з усмешкай і слязамі на вачах яна фатаграфавалася са школьнымі сяброўкамі: «Я скончыла школу з сярэднім балам 8,9 і збіраюся паступаць у Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж, — падзялілася планамі дзяўчынка. — Але гэта не ўсё: працягваць адукацыю хачу ў ВНУ. Мару стаць стаматолагам або хірургам, але пакуль што не загадваю, бо прафесія адказная, складаная, трэба шмат працаваць, каб стаць высокакваліфікаваным спецыялістам. Упэўнена, дзякуючы майму ўпартаму характару і падтрымцы сям’і ў мяне ўсё атрымаецца, а сваёй дзейнасцю я прынясу карысць нашым людзям, краіне».
Дзевяцікласнік Іван на пытанне пра планы адказаў: «Планаваць не люблю, але збіраюся паступаць пасля 11 класа ў Акадэмію МУС. Каб быць падрыхтаваным, тры гады наведваю ваенна-патрыятычны клуб „Граніт“ пры вайсковай часці 5448 унутраных войск МУС».
Перад Уладзіславай, падтрымаць якую прыйшла ўся сям’я, стаіць даволі складаны выбар. «Дакладна буду прадаўжаць вучыцца ў школе далей, але пакуль што не вызначылася, кім хачу стаць», — падзялілася думкамі школьніца. Яе маці Таццяна расказала, што дачка даволі добра вучыцца, дадаткова вывучае замежныя мовы, любіць матэматыку: «Бачым яе ваеннаслужачай органаў пагранічнай службы ці сілавых структур». Дзяўчынка ў сваю чаргу сціпла расказала, што марыць аб гэтым ужо некалькі гадоў. Спадзяёмся, усе мэты і жаданні выпускнікоў здзейсняцца!
Яна ВАЛАСАЧ