Top.Mail.Ru

У парламенце заслухалі вынікі дзейнасці Генеральнай пракуратуры ў 2025-м і мінулым перыядзе бягучага года

У сераду ў Авальнай зале Дома ўрада адбылося сумеснае пасяджэнне абедзвюх палат парламента, падчас якога генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара выступіў са штогадовай інфармацыяй аб дзейнасці органаў пракуратуры ў 2025-м і мінулым перыядзе 2026 года.



У сваім выступленні Дзмітрый Гара праінфармаваў парламентарыяў аб асноўных выніках нагляднай дзейнасці ведамства, прынятых мерах рэагавання і ініцыятывах пракурораў, уключаючы нарматворчыя. Прывёў прыклады канкрэтных парушэнняў заканадаўства, у тым ліку ў сферах АПК, дрэваапрацоўчай галіны, барацьбы з карупцыяй. Больш падрабязна генеральны пракурор Беларусі спыніўся на аспектах абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх і іншых уразлівых катэгорый грамадзян.

Колькасць зарэгістраваных злачынстваў памяншаецца

— У 2025-м і мінулым перыядзе 2026 года органамі пракуратуры прадоўжана работа па абароне правоў грамадзян, інтарэсаў грамадства і дзяржавы, — адзначыў Дзмітрый Гара. — У выніку дзейнасці праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў забяспечана стабільная крымінагенная абстаноўка. Летась у краіне амаль на 13 % скарацілася колькасць зарэгістраваных злачынстваў, у бягучым годзе — яшчэ больш чым на 8 %. Захоўваецца станоўчая тэндэнцыя зніжэння колькасці загінулых ад злачынстваў, менш людзей загінула ад забойстваў, у выніку парушэння правілаў дарожнага руху, а таксама ад нарказлачынстваў. Зменшылася колькасць крадзяжоў, рабаванняў, хуліганстваў, фактаў наўмысных прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам.

Супрацьдзеянне экстрэмізму і барацьба з карупцыяй

Гаворачы аб рабоце па процідзеянні экстрэмізму, кіраўнік нагляднага ведамства адзначыў зніжэнне такіх злачынстваў у краіне.

— Забяспечана актыўная работа па расследаванні экстрэмісцкіх злачынстваў, выкрыцці і прыцягненні да крымінальнай адказнасці вінаватых асоб, — падкрэсліў генеральны пракурор Беларусі.

У частцы арганізацыі барацьбы з карупцыяй Дзмітрый Гара ўказаў на тое, што ў краіне забяспечана каардынацыя дзейнасці праваахоўнага блока па выяўленні і спыненні карупцыйных праяў на ўсіх узроўнях.

— За паўтара года ўлічана амаль паўтары тысячы службовых злачынстваў. Найбольшую долю склалі крадзяжы і хабарніцтва, — расказаў ён.

Значны аб’ём работы выкананы ў сферы нагляду за папярэднім следствам і дазнаннем.

— Так, за паўтара года пракуроры вывучылі больш за 200 тысяч матэрыялаў праверак, па якіх прыняты рашэнні аб адмове ў распачынанні крымінальных спраў. З іх амаль 15 тысяч — адмененыя і накіраваныя для правядзення дадатковай праверкі, па больш чым 270 — распачатыя крымінальныя справы, — сказаў Дзмітрый Гара.

За вышэўказаны перыяд дзяржаўныя абвінаваўцы ўдзельнічалі ў разглядзе судамі амаль 80 тысяч крымінальных спраў і матэрыялаў. Шэраг крымінальных спраў прадстаўляў павышаную складанасць у даказванні вінаватасці абвінавачаных.

— Так, вялікі грамадскі рэзананс атрымала крымінальная справа ў адносінах да сям’і Ліпскіх, — адзначыў ён. (Сужэнцы былі абвінавачаны ў падрыхтоўцы масавых забойстваў: яны незаконна набылі зброю і па «расстрэльным спісе» збіраліся помсціць усім, хто, на іх думку, меў дачыненне да прысуду іх сыну, якога судзілі за нападзенне на суседа. — «Зв.»)

З удзелам пракурораў разгледжана звыш 25 тысяч грамадзянскіх спраў

Па словах Дзмітрыя Гары, прынесена больш за тысячу апеляцыйных пратэстаў па іх, з якіх дзве трэці задаволена. Пракуроры звярталіся ў суд з іскамі не толькі ў абарону дзяржаўных інтарэсаў, але і грамадзян, якія пазбаўленыя магчымасці самастойна абараніць свае правы.

Адносна работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб сёлета адзначаны рост на 13 % колькасці зваротаў, што паступілі ў органы пракуратуры. Разгледжана звыш 40 тысяч зваротаў. Прызнаныя абгрунтаванымі (поўнасцю або часткова) каля трэці.

— Значную долю складалі скаргі на пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама на дзеянні і рашэнні органаў дазнання і папярэдняга следства, — заўважыў Дзмітрый Гара. — Пракуроры на асабістым прыёме прынялі амаль 50 тысяч заяўнікаў.

Гаворачы аб агульнанагляднай дзейнасці, Дзмітрый Гара адзначыў яе накіраванасць на выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы, забеспячэнне бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва, захаванне ў цэлым правоў і свабод грамадзян, асабліва найбольш уразлівых катэгорый, а таксама эканамічных інтарэсаў дзяржавы.

Адзін з прыярытэтаў дзейнасці — абарона правоў непаўналетніх

Дзмітрый Гара таксама адзначыў зніжэнне колькасці дзяцей, якія загінулі ад знешніх прычын. Да асноўных з іх аднесены суіцыды, ДТЗ, утапленне і падзенне з вышыні.

— У большасці выпадкаў гібель непаўналетніх была звязана з іх неасцярожнасцю, а таксама з неналежным выкананнем бацькамі абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні. Кожны сёмы такі факт абумоўлены сямейным дрэнным становішчам, — адзначыў ён.

Удасканаленне контрсанкцыйных мер і наглядныя мерапрыемствы ў сферы АПК

Паводле слоў генеральнага пракурора краіны, летась і ў мінулым перыядзе 2026 года органы пракуратуры ўдзялялі значную ўвагу аспектам эканамічнай бяспекі дзяржавы. 

У мінулым годзе ўрад рэалізаваў шэраг прапаноў Генеральнай пракуратуры па ўдасканаленні контрсанкцыйных мер.

На пастаяннай аснове рэалізуецца і комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на навядзенне парадку ў аграпрамысловым комплексе, адзначыў ён.

— У мэтах выключэння зрыву пасяўной і ўборачнай кампаній 2026 года праведзены наглядныя мерапрыемствы — ва ўсіх рэгіёнах устаноўлены факты неналежнай падрыхтоўкі тэхнікі, працяглага прастою машын і агрэгатаў з-за іх несвоечасовага рамонту, невыкананне парадку захоўвання і расходавання гаруча-змазачных матэрыялаў, — адзначыў Дзмітрый Гара.

Працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва БССР у гады ВАВ

На дадзеным пытанні таксама асобна спыніўся генеральны пракурор.

— За гэты перыяд Генеральная пракуратура падтрымала дзяржаўнае абвінавачванне па пяці крымінальных справах у адносінах да нацысцкіх злачынцаў і іх паплечнікаў. Яшчэ адна крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа ў адносінах да Буглая, восьмая па ліку, у цяперашні час разглядаецца ў Вярхоўным Судзе, — удакладніў Дзмітрый Гара.

Рэзюмуючы, кіраўнік нагляднага ведамства падкрэсліў, што органы пракуратуры нацэлены на павышэнне эфектыўнасці сваёй работы, забеспячэнне законнасці і правапарадку ў краіне, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, асабліва сацыяльна неабароненых катэгорый.

Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю