Top.Mail.Ru

У пасляваенныя гады мастакі апавялі мір і стваральную працу

Лейтматывам выяўленчага мастацтва Беларусі першых пасляваенных дзесяцігоддзяў была, безумоўна, прага жыцця. Творцы апявалі мір, засяроджваючыся на тэмах стваральнай працы і кароткага каштоўнага адпачынку гараджаніна і вяскоўца. У ліку аўтараў, якія прысвяцілі сваю творчасць гэтаму кірунку, быў Адольф Гугель. 


Яго партрэты, пейзажы і нацюрморты прадстаўлены сёння на выстаўцы Нацыянальнага мастацкага музея «Аповесць, напісаная фарбамі». Дапаўняюць экспазіцыю фотаздымкі і дакументы творцы, а таксама работы аўтарства розных майстроў, якія дапамаглі куратарам Наталлі Буракоўскай і Паліне Гарашчэні адлюстраваць і ўдасканаліць канцэпцыю выставачнага праекта. 

16_17_B.jpg

«Флёксы», 1975 г.

У стварэнні выстаўкі, прымеркаванай да 110-годдзя заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, паўдзельнічалі Беларускі саюз мастакоў, Музей беларускага Палесся і Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Дэманструюцца таксама работы з калекцыі сям’і мастака. Вікторыя Кузьміна, першы намеснік генеральнага дырэктара музея па навуковай, міжнароднай і асветніцкай рабоце, падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця праекта выказала ўдзячнасць партнёрам і заўважыла, што экспазіцыя запатрабавала вялікіх намаганняў з боку Мастацкага музея, бо была праведзена значная рэстаўрацыйная праца.

— Асоба і творчасць Адольфа Самойлавіча для Нацыянальнага мастацкага музея маюць вялікае значэнне яшчэ і таму, што ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён быў супрацоўнікам Дзяржаўнай карціннай галерэі — так называўся раней наш музей, — нагадала Вікторыя Аляксандраўна. — Ветэран вайны, ён прысвяціў многія свае карціны ваеннай тэме. Але гэтая выстаўка асаблівая — сямейная. Яны прысвечана нашаму жыццю, цеплыні сямейных адносін і прыгажосці беларускай прыроды. 

Дарэчы, на мерапрыемстве прысутнічаў сын мастака Аляксандр Адольфавіч. Для яго «Аповесць, напісаная фарбамі» стала сапраўдным падарункам, які, заўважыў госць, немагчыма пераацаніць. 

— Асноўнай рысай характару майго бацькі была фантастычная працавітасць, — падзяліўся ўспамінамі Аляксандр Адольфавіч. — Ён быў неверагодным працаголікам. Не ведаю, у колькі гадзін прачынаўся, але дакладна памятаю: у 5 раніцы з’ядаў бутэрброд, піў кубачак гарбаты і бег на першы трамвай, каб паспець у майстэрню. У 6 гадзін быў ужо там, а дадому вяртаўся з маёй мамай (мастачкай Раісай Кудрэвіч; плён творчага супрацоўніцтва сужэнцаў таксама можна ўбачыць на выстаўцы. — Заўв. аўт.) прыкладна без пятнаццаці дзевяць вечара — яны стараліся паспець на праграму «Время». Я падлічыў, што працоўны дзень бацькі доўжыўся 14–15 гадзін — штодзень, штомесяц, штогод... Так прайшло ўсё яго жыццё. Калі крыху ўтрыраваць, ён не працаваў чатыры дні ў годзе: на Новы год, Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, Дзень Перамогі і дзень нараджэння мамы. Тады да нас прыходзілі нешматлікія сваякі. Бацька, які ніколі не піў спіртныя напоі — напэўна, не любіў гэта, — сядзеў за святочным сталом, падтрымліваў размову, але я бачыў, што яго прыгнятала такое баўленне часу.

16_17_C.jpg

«Зялёны май», 1975 г.

Адольф Гугель і Раіса Кудрэвіч вельмі любілі Крым і, калі сын крыху падрос, сталі браць яго з сабой. Ездзіла сям’я заўсёды ў адно і тое ж месца — пасёлак Гурзуф, дзе ў тыя гады знаходзіўся Дом творчасці Саюза мастакоў СССР. Па ўспамінах Аляксандра Адольфавіча, жывапісец браў эцюднік з усім неабходным, і кожная хвіліна там была для яго магчымасцю ствараць. Так, эскізы да карціны «Кветкі» (1956), што ў экспазіцыі, зроблены ў Гурзуфе, упэўнены сын творцы. Мастак адпачываў менавіта такім чынам, і нават дома галоўны занятак жыцця не выходзіў з яго галавы. Сям’я жыла ў Мінску — дом па вуліцы Кісялёва, які ў 1953-м пабудавалі палонныя немцы. Будынак за дзесяцігоддзі свайго існавання так заняпаў, што капітальны рамонт быў неабходны. Іх там праводзілі некалькі разоў, аднак Адольф Гугель нейкім чынам дамаўляўся з домакіраўніцтвам, і ў яго кватэры работы не праводзіліся: пускаць чужых людзей без свайго нагляду не хацеў, а марнаваць час, каб вартаваць жыллё, не мог... 

16_17_D.jpg

«Цёплы вечар», 1963 г.

Выставачны праект, прысвечаны творчасці Адольфа Гугеля, будзе працаваць да 15 чэрвеня. Вядома, што ў яго рамках правядуць шэраг мерапрыемстваў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю