Адзін з самых важных раздзелаў у Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку — «Моцныя рэгіёны». Праграма будзе разгледжана і прынята на другім пасяджэнні сёмага УНС, да якога засталося некалькі дзён. Уведзены зусім нядаўна ў строй новы корпус Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы — пацвярджэнне таго, што развіццё рэгіёнаў застаецца дзяржаўным прыярытэтам.
На гэта звярнуў увагу ў размове з журналістамі Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка. Будаўніцтва новага корпуса райбальніцы ў Паставах з самага пачатку знаходзілася на пільным кантролі Старшыні Палаты прадстаўнікоў, які з’яўляецца дэпутатам ад Пастаўскай выбарчай акругі № 29. У жніўні Ігар Сергяенка жорстка раскрытыкаваў тэмп будаўніцтва гэтага аб’екта. Былі выказаны прэтэнзіі і да падрадчыка, і да будаўнічай арганізацыі. Пасля хуткасць будаўніцтва аб’екта павялічылася ў два разы. Як вынік — аб’ект быў здадзены ў тэрмін.
У час размовы з урачамі і медсёстрамі Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Ігар Сергяенка адзначыў, што кіраўнік дзяржавы паставіў перад аховай здароўя адказную задачу — нівеліраваць розніцу паміж сельскай і гарадской аховай здароўя, забяспечыць дастойны ўзровень аказання медыцынскай дапамогі жыхарам усіх населеных пунктаў.
«Здароўе нацыі, а значыць — здароўе кожнага чалавека, дзе б ён ні жыў (у сталічным мегаполісе або ў аддаленым ад цэнтра маленькім населеным пункце), — найважнейшая каштоўнасць дзяржавы», — падкрэсліў спікер.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў упэўненасць, што мадэрнізаваныя аперацыйныя новага корпуса стануць добрай асновай для прафесійнага росту маладых спецыялістаў, будуць садзейнічаць замацаванню медыцынскай моладзі на першым рабочым месцы. А значыць павысіцца даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі для насельніцтва.
Акрамя таго, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці азнаёміўся з ходам рэалізацыі інвестыцыйнага праекта на ААТ «Пастаўскі малочны завод». Не так даўно тут запусцілі новую лінію па разліве малочнай прадукцыі ў ПЭТ-бутэльку. Выпуск прадукцыі на поўную праектную магутнасць плануецца ў 2026 годзе. Дарэчы, абсталяванне выраблена беларускай фірмай.
— Прадпрыемства дынамічна развіваецца і ўпэўнена займае сваё месца ў сістэме перапрацоўкі краіны, сістэме АПК, — падзяліўся ўражаннямі з журналістамі пасля размовы з кіраўніцтвам завода і наведвання вытворчых плошчаў Ігар Сергяенка. — Больш як 70 % прадукцыі — гэта сыры. Выпускаецца звыш 30 відаў гэтага прадукту, які паспяхова рэалізуецца на знешнім рынку.
Па словах спікера, для работы на новых лініях па разліве малочнай прадукцыі і вытворчасці тварагу створана 20 новых працоўных месцаў. «Важна, што прадпрыемства развіваецца, — адзначыў ён. — Сёння тут працуе больш як 500 чалавек, сярэдняя заработная плата — звыш 2,5 тысячы рублёў. Ёсць перспектыва далейшага развіцця гэтай вытворчасці шляхам стварэння і новых невялікіх вытворчасцяў, пашырэння іх на плошчах, якія існуюць. А гэта і новыя працоўныя месцы».
Паводле прэс-службы Палаты прадстаўнікоў.
Фота БелТА.