Павет Шанлі ў правінцыі Цзянсу (Усходні Кітай), які здаўна славіцца вытворчасцю феерверкаў і петард, удыхнуў новае жыццё ў гэтае тысячагадовае рамяство за кошт паспяховай трансфармацыі галіны. Сукупны кошт прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў перавышае 20 млрд юаняў у год, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн.
Развіццё павета непарыўна звязана з піратэхнікай: гісторыя гэтага рамяства тут налічвае амаль 1400 гадоў. Сёння прадукцыя Шанлі пастаўляецца больш як у 80 краін і рэгіёнаў свету. У 2025 годзе «шанлійскія феерверкі» атрымалі статус нацыянальнага прадукту з абароненым геаграфічным указаннем, а гадавы аб’ём экспарту піратэхнікі склаў 2,15 млрд юаняў, што на 6,18% больш, чым у 2024 годзе.
За гэтымі паказчыкамі стаіць паслядоўная перабудова галіны: закрыццё дробных, разрозненых і неканкурэнтаздольных прадпрыемстваў і ўдасканаленне вытворчага ланцужка. У адпаведнасці з законам былі закрыты 349 такіх кампаній, а на стымуляванне якаснага развіцця штогод выдзяляецца больш за 10 млн юаняў у выглядзе прэмій і субсідый. У выніку сфарміравалася група вядучых прадпрыемстваў, а ў павеце склаўся поўны вытворчы ланцужок — ад паставак сыравіны і выпуску гатовай прадукцыі да ўпакоўкі і паліграфіі, сучаснага складскога захоўвання, унутранага і знешняга гандлю і правядзення прафесійных піратэхнічных шоу.
Улады павета падтрымліваюць сумесныя распрацоўкі прадпрыемстваў, ВНУ і навукова-даследчых інстытутаў, садзейнічаючы ўкараненню механізацыі, аўтаматызацыі і інтэлектуальных тэхналогій. Сёння ў павеце працуюць 193 прадпрыемствы, у тым ліку 134 буйныя. Створаны 73 аўтаматызаваныя дэманстрацыйныя лініі. Дзейнічаюць 33 тэхналагічныя малыя і сярэднія прадпрыемствы, 26 правінцыйных кампаній катэгорыі «спецыялізаваныя і інавацыйныя» і 9 нацыянальных высокатэхналагічных прадпрыемстваў. Узровень механізавання ў галіны перавышае 80%.
Бяспеку вытворчасці забяспечвае інтэлектуальная сістэма кантролю. У Шанлі запушчана першая ў Кітаі комплексная платформа для кантролю і абслугоўвання ўсяго вытворчага ланцужка індустрыі феерверкаў і петард, да якой падключаны 3050 прадпрыемстваў краіны. Больш за 23 тысячы камер на мясцовых прадпрыемствах інтэграваныя з платформай «Лічбавая Шанлі», дзе алгарытмы штучнага інтэлекту ў рэжыме рэальнага часу выяўляюць няштатныя сітуацыі і загадзя папярэджваюць аб патэнцыяльых рызыках.
Адначасова развіваецца культурна-турыстычны кірунак.
Рэалізуецца праграма па пашырэнні колькасці носьбітаў традыцыі вырабу феерверкаў і петард. Ствараюцца парк імя Лі Цяня, якога лічаць вынаходнікам феерверкаў, парк феерверачнай культуры і выставачна-гандлёвы цэнтр. Праводзяцца фестывалі і традыцыйныя цырымоніі ў гонар Лі Цяня. Шанлійская піратэхніка актыўна рухаецца наперад і за мяжой: у 2025 годзе прадпрыемствы павета арганізавалі больш за 100 буйных феерверачных шоу ў Кітаі і іншых краінах.
Мікалай ЛІТВІНАЎ