Згодна з планам развіцця сучаснай комплекснай транспартнай сістэмы на перыяд 15-й пяцігодкі, у Пекіне да 2030 года ўзровень лічбавізацыі транспартнай інфраструктуры плануецца давесці да 95%, а долю паездак з выкарыстаннем экалагічных відаў транспарту ў цэнтральнай частцы горада — да 78%, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн.
План прадугледжвае павышэнне глабальнай транспартнай даступнасці авіяцыйных вузлоў і стварэнне групы аэрапортаў сусветнага класа. Прадугледжваецца таксама павялічыць прапускную здольнасць чыгуначнай сеткі, прадоўжыць будаўніцтва высакахуткаснай чыгункі Пекін — Сюн’ань — Шанцю (участак Пекін — Сюн’ань), а таксама павысіць прапускную здольнасць найбольш загружаных участкаў хуткасных аўтамагістраляў і больш актыўна ўкараняць на іх інтэлектуальныя тэхналогіі.
У Пекіне плануецца стварыць «інтэлектуальны мозг» транспартнай сістэмы, пашырыць прымяненне вялікіх даных і вялікіх мадэляў штучнага інтэлекту, а таксама распрацаваць спецыялізаваную вялікую мадэль для транспартнай галіны. Гэта дазволіць павысіць магчымасці комплекснага збору і аналізу інфармацыі, дакладнасць распазнання дарожнага становішча і эфектыўнасць інтэлектуальнага прыняцця рашэнняў.
У рамках «зялёнага» і нізкавугляроднага развіцця Пекін працягне актыўна прасоўваць транспартныя сродкі на новых крыніцах энергіі і паэтапна пашыраць доступ такіх грузавых аўтамабіляў да гарадской дарожнай сеткі. Долю транспартных сродкаў на новых крыніцах энергіі плануецца давесці да 90% у гарадскім грамадскім транспарце, да 50% — у аўтамабільных пасажырскіх перавозках і да 30% — у грузавых перавозках. Вугляродаёмістасць камерцыйных гарадскіх пасажырскіх перавозак плануецца зменшыць на 5%. Акрамя таго, будзе павялічана забеспячэнне экалагічна чыстай энергіяй.
Мікалай ЛІТВІНАЎ