Top.Mail.Ru

У першы дзень рэспубліканскага семінара аб сучасных падыходах да рэгіянальнага развіцця дэлегацыі з усіх куткоў Беларусі вывучалі вопыт Шклоўскага раёна

«Агульнае разуменне, як павінна быць і да чаго трэба імкнуцца»

У Шклоўскім раёне гэтымі днямі незвычайная канцэнтрацыя людзей у дзелавых касцюмах, прычым нават на фермах і ў рамонтных майстэрнях. З усёй краіны сюды з’ехаліся кіраўнікі мясцовай вертыкалі і больш высокага ўзроўню. На працягу двух дзён — 8 і 9 лістапада — на прыкладзе Шклоўскага раёна яны вывучаюць сучасныя падыходы да рэгіянальнага развіцця на рэспубліканскім навучальным семінары. Спачатку практычная частка з наведваннем дзеючых аб’ектаў, а па выніках убачанага — важныя акцэнты, абагульняючыя высновы і канкрэтныя задачы на мерапрыемстве з удзелам Прэзідэнта Беларусі. 


«Пакажам, якім павінен быць раён. І наперад, рабі так, як тут»

У цэнтры ўвагі сельская гаспадарка — сфера, якая нязменна застаецца актуальнай, бо прадукты харчавання патрэбныя ўсім і заўсёды. Для Беларусі развіццё аграрнага сектара — гэта не толькі забеспячэнне ўласнай харчовай бяспекі, рашэнне першачарговай задачы накарміць людзей. Гэта фактар эканамічнага росту, паколькі з’яўляюцца працоўныя месцы, павялічваюцца аб’ёмы вырабленай прадукцыі, а следам і экспартныя пастаўкі. «Пакажам, якім павінен быць раён. І наперад, рабі так, як тут», — адзначаў кіраўнік дзяржавы напярэдадні семінара. 


Да ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаны старшыні ўсіх райвыканкамаў краіны, прадстаўнікі кіраўніцтва абласцей і сталіцы, а таксама ўпаўнаважаныя прадстаўнікі кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах і памочнікі Прэзідэнта, міністры і кіраўнікі органаў дзяржкіравання. Усяго — каля 200 чалавек.

У маршруце ўдзельнікаў семінара — шэсць аб’ектаў: рэканструяваны малочна-таварны комплекс «Гавяды», новыя ферма па гадоўлі племянной жывёлы мясных парод і мехмайстэрні «АСБ-Агра Гарадзец», а таксама мадэрнізаваны райаграсэрвіс, база перапрацоўкі і захоўвання мінеральных угнаенняў, цэх па вытворчасці сухіх кармоў у Шклове. 

«Шукаем новыя фарматы, каб тэхналагічныя і лагістычныя падыходы прыносілі максімальны вынік»

Старшыня Ашмянскага райвыканкама Андрэй Клышэўскі — яшчэ адзін з удзельнікаў семінара — асабліва адзначыў важнасць ведаў па такім кірунку, як мясная жывёлагадоўля. «На сельскіх тэрыторыях становіцца менш насельніцтва, пра гэта гаворыць і кіраўнік дзяржавы, і мы гэта бачым. Утрыманне пагалоўя дойнага статка больш складаны працэс, а адкорм — менш працаёмкі працэс. У гэты бок глядзім. Вядзем перагаворы з Узбекістанам па прыцягненні інвестара менавіта на адкорм буйной рагатай жывёлы», — падзяліўся ён.


Цікавасць у кіраўніка раёна выклікаў таксама вопыт па арганізацыі работы Шклоўскага райаграсэрвісу — рамонце і абслугоўванні тэхнікі. «Гэта найважнейшы кірунак, ад якога залежыць аператыўнасць пасяўной, уборачнай кампаніі», — канстатаваў Андрэй Клышэўскі.

Паводле яго слоў, у Ашмянскім раёне гэты працэс наладжаны ў «Аграпрамтэхніцы», дылерскі цэнтр «Гомсельмаша» таксама аказвае садзейнічанне. Але трэба кропкава ўзмацняцца па асобных момантах. «Гэты семінар сапраўды дае агульнае разуменне, як павінна быць і да чаго трэба імкнуцца», — рэзюмаваў ён.


Шклоўская база перапрацоўкі і захоўвання мінеральных угнаенняў — адна з лакацый рэспубліканскага семінара. Прадпрыемства з’яўляецца адной з 8 баз сельгасхіміі ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Аграмашсэрвіс», размеркаваных па зонах абслугоўвання. База ў Шклове абслугоўвае не толькі свой раён, але і суседнія Круглянскі і Бялыніцкі. 

Вядучы спецыяліст па кансультацыйнай рабоце Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Якаў Яроцкі адзначыў, што для рэгіёна гэтая база найбольш прагрэсіўная, па праграме семінара на ёй праведзены майстар-клас.

«Важнае тэхналагічнае патрабаванне — якаснае і раўнамернае размеркаванне ўгнаенняў у палях. Прэзідэнт заўсёды звяртае ўвагу на гэтае пытанне, — звярнуў увагу ён. — А каб выконваць працэс строга па тэхналогіі, патрэбныя дакладныя налады сельгастэхнікі. І тут ужо паўстае пытанне кваліфікаваных кадраў — навучаных механізатараў. На гэтай базе ў Шклове ўкараняюцца ўсе складнікі: ад якаснага захоўвання да арганізацыі аказання паслуг сельгасарганізацыям. Укараняючы такі комплексны падыход пад ключ, мы вырашаем галоўную задачу, якую ставіць кіраўнік дзяржавы, — забяспечваем максімальную аддачу ад зямлі і гарантуем харчовую бяспеку краіны».

Старшыня Быхаўскага райвыканкама Аляксандр Кісялёў адзначыў актуальнасць пунктаў маршруту семінара. «У Быхаўскім раёне паспяхова функцыянуе вытворчы ўчастак базы перапрацоўкі і захоўвання мінеральных угнаенняў холдынгу „Аграмашсэрвіс“. Пры гэтым вельмі актуальным для нас застаецца пытанне мадэрнізацыі і будаўніцтва зернесушыльных комплексаў, бо па плошчы мы з’яўляемся самым вялікім раёнам у вобласці, — адзначыў ён. — Яшчэ адно аптымальнае рашэнне — запуск камбікормавага цэха ў Шклове. З эканамічнага пункту гледжання гэта відавочная перавага, якая дазваляе мець перапрацоўку ў крокавай даступнасці. Сёння стратэгічная задача АПК рэгіёна — гэта эфектыўная эканоміка з максімальнай аддачай на кожны ўкладзены рубель. Дамагчыся гэтага немагчыма без забеспячэння жывёлагадоўлі якаснымі кармамі. Менавіта таму мы зараз шукаем новыя фарматы, каб тэхналагічныя і лагістычныя падыходы прыносілі максімальны вынік».

«Гэты вопыт мы абавязкова будзем аналізаваць і ўкараняць»

Яшчэ адной лакацыяй семінара стала ферма па гадоўлі племянной жывёлы мясных парод ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец» паблізу вёскі Крывель. Тут удзельнікі семінара абмяркоўвалі бягучую сітуацыю і перспектывы развіцця айчыннай племянной мясной жывёлагадоўлі. Развіццё мясной жывёлагадоўлі — адна з ключавых задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы. Сёння ялавічына карыстаецца вялікім попытам як на ўнутраным рынку Беларусі, так і за яе межамі. 

Заўсёды карысна абменьвацца вопытам і думкамі, акцэнтаваў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Валяваты: «Нам прадставілася магчымасць на прыкладзе магілёўскіх калег паглядзець цудоўны, тэхналагічна правільна збудаваны аб’ект. Як справядліва адзначыў кіраўнік дзяржавы, мясной жывёлагадоўляй мы займацца абавязаны — гэта запатрабаваны прэміяльны прадукт як для ўнутранага рынку, так і на экспарт. Але галоўнае тут — падыходы да будаўніцтва і тэхналагічнасць. Умовы, створаныя на гэтай ферме, дазваляюць не проста вырошчваць жывёлу, але і рабіць добрую эканоміку».


Старшыня Гомельскага гарвыканкама Руслан Пархамовіч заўважыў, што рэспубліканскія семінары — гэта пошук схаваных рэзерваў і новых магчымасцяў для павышэння эфектыўнасці як самога аграпрамысловага комплексу, так і сумежных галін. 

«Цікава паглядзець, як магілёўскім будаўнікам удалося максімальна эфектыўна ўзвесці гэты комплекс, — прызнаўся ён. — У гэтым пытанні гаворка заўсёды ідзе аб скарачэнні кошту квадратнага метра або жывёламесца, аптымізацыі выдаткаў і атрыманні максімальнага выніку ў самыя кароткія тэрміны. Гарадскія будаўнікі таксама актыўна задзейнічаны на такіх пляцоўках, таму гэты вопыт мы абавязкова будзем аналізаваць і ўкараняць».

Да самага позняга вечара працягваўся вельмі насычаны на падзеі першы дзень семінара, падчас якога дэлегацыі з усіх абласцей краіны вывучалі Шклоўскі вопыт, рабілі для сябе адпаведныя высновы. Вынікі маштабнага рэспубліканскага семінара будуць падведзены ужо ў панядзелак на мерапрыемстве з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

Шклоўскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю