У Петрыкаўскім раёне ўдар маланкі стаў прычынай гібелі 71 каровы, а таксама ледзь не забраў жыццё жывёлавода, паведамілі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.
Надзвычайнае здарэнне адбылося ў пачатку мая каля фермы аднаго з сельгаспрадпрыемстваў. Жывёлавод пас статак на вольным выпасе. Калі пасля абеду пачалася навальніца, ён схаваўся ў драўляным вагончыку. Пазней мужчына вырашыў праверыць, ці ўсё ў парадку з каровамі — і ў гэты момант побач ударыла маланка.
Ад моцнага разраду мужчына страціў прытомнасць і ачнуўся ўжо пасля заканчэння навальніцы. Каровы загінулі на месцы, а жывёлавод адчуў слабасць, дрыжыкі, болі ў суставах і цягліцах. Яго шпіталізавалі. Медыкі дыягнаставалі фігуры Ліхтэнберга (сляды маланкі на целе), а таксама парушэнне сардэчнага рытму. У бальніцы мужчына правёў восем дзён. Урачы ацанілі траўмы як лёгкае цялеснае пашкоджанне.
Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз пацвердзіў, што пацярпелы атрымаў электратраўму — удар маланкі прайшоў праз грудную клетку і закрануў сэрца.