У «Світанку» праходзяць лячэнне і аздараўленне дзеці і падлеткі, якія пражываюць на тэрыторыях, пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Цэнтр пачаў працаваць у жніўні 1996 года. Ён прымае дзяцей цэлы год, у змену — 330 чалавек. Улетку дадаткова функцыянуе аздараўленчы лагер на 120 месцаў за змену. «За год мы прымаем больш як 5 тысяч дзяцей з Беларусі і Расіі. У цэнтры створаны ўсе ўмовы не толькі для лячэння і аздараўлення, але і для арганізацыі навучальна-выхаваўчага працэсу, сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі і вольнага часу дзяцей», — цытуе БелТА дырэктара цэнтра Валерыя Міленчука.
У сувязі з вялікай запатрабаванасцю аздараўленчых паслуг на тэрыторыі ўстановы ў канцы 2023 года пачалі будаўніцтва спальнага корпуса на 150 месцаў. Работы вядуцца па дзяржаўнай праграме пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Новы будынак нагадвае трыліснік. На яго першым паверсе размесцяцца жылыя блокі, буфет, медыцынскія кабінеты, бытавыя і службовыя памяшканні. Другі і трэці паверхі зоймуць жылыя блокі, пакоі дзённага знаходжання і адпачынку, хол-рэкрэацыя. Асаблівая ўвага ўдзелена стварэнню безбар’ернага асяроддзя для фізічна аслабленых людзей.
«Жылыя блокі прадугледжаны рознай канфігурацыі, што дае магчымасць больш гнуткага размяшчэння адпачывальнікаў: дзяцей, падлеткаў, сем’яў з дзецьмі, фізічна аслабленых асоб, у тым ліку інвалідаў-калясачнікаў з суправаджальнікамі», — растлумачыў дырэктар рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра. Зменіцца і тэрыторыя «Світанка». Спецыялісты правядуць азеляненне, установяць гульнявое абсталяванне для дзяцей і трэнажоры. Дзеці змогуць бавіць час на новай камбінаванай спартыўнай пляцоўцы, а таксама гуляць у пляжны валейбол і вулічны баскетбол, займацца варкаўтам.