Top.Mail.Ru

У Пінскім раёне робяць акцэнт на якасці кармоў

Пінскі раён уваходзіць у зону так званага «рызыкоўнага земляробства», патлумачылі ў райвыканкаме. Гэта значыць, што раптоўныя замаразкі, засухі ці нават перапады тэмператур робяць сельгаспадарчую дзейнасць на гэтай тэрыторыі нестабільнай. Начныя замаразкі бываюць у маі ці нават напачатку лета, а вяртанне холаду можа загубіць парасткі. Ды і землі, што перажылі меліярацыю, патрабуюць асаблівага падыходу. А касавіца — той час, калі закладваецца кармавая база на ўвесь год.


Аграпрамысловы комплекс — аснова эканомікі раёна: Піншчына дае больш за 8 працэнтаў валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі Брэсцкай вобласці. Таму з асаблівай адказнасцю (і з улікам спецыфікі рэгіёна) падыходзілі і да ўдзелу ў інвестыцыйнай праграме «Адзін раён — адзін праект». Дзякуючы ёй штуршок для далейшага развіцця атрымала адно з вядучых сельгаспрадпрыемстваў Беларусі ААТ «Парахонскае». «Гэта ўзорная гаспадарка ў нашым раёне, што адзначыў нават Прэзідэнт, — звярнуў увагу Дзмітрый Гузарэвіч, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Пінскага райвыканкама. — Яе дырэктар Уладзімір Фёдаравіч Храленка пастаянна накіраваны на пашырэнне магчымасцяў і развіццё прадпрыемства.» 


Па-сутнасці, гэта аграгігант з самым вялікім пагалоўем статка ў нашай краіне, а яго трэба карміць — адзін з клопатаў раслінаводаў «Парахонскага». Час касавіцы тут — наогул стратэгічная пара, таму што ад яе наўпрост залежыць важны кірунак сельгаспрадпрыемства, на якім створаны і ўжо працуе новы сучасны комплекс па вытворчасці вітамінна-травяных гранул, якія ідуць на корм для жывёлы. Прыклад для іншых, як мадэрнізацыя і інавацыі ў сельскай гаспадарцы дапамагаюць чалавеку працаваць максімальна рацыянальна, захоўваючы пажыўнасць зялёнай масы на працягу года. 


Высокапрадукцыйныя лініі для сушкі і гранулявання зялёнай масы — фактычна як ўласны «камбікормавы завод», з новымі працоўнымі месцамі для жыхароў аграгарадка Парахонск. Мэта, дзеля якой праект ажыццяўляўся, — палепшыць уласную кармавую базу прадпрыемства. Трава скошваецца, хутка высушваецца пры высокіх тэмпературах і спрэсоўваецца ў шчыльныя гранулы, якія выкарыстоўваюць як корм ці дабаўку да харчавання. Такім чынам да вядомых тэхналогій нарыхтоўкі сенажу і сіласу дадалася новая, што дазваляе максімальна захаваць бялок і ўсе карысныя для жывёл рэчывы, якія з’яўляюцца асновай збалансаванага рацыёну цягам усяго году — такі корм захоўваецца доўга. Ці трэба тлумачыць, наколькі адказна ў гэтай гаспадарцы падыходзяць да касавіцы?


— Мы спецыялізуемся на вытворчасці мяса і малака, таму ў раслінаводстве арыентуемся на патрэбы жывёлагадоўлі: трэба накарміць 26000 галоў статка! Самі сябе забяспечваем зярном і кармамі, — гаворыць намеснік дырэктара па раслінаводству ААТ «Парахонскае» Аляксандр Пікун. — Агульная плошча зямель гаспадаркі — больш за 26000 гектараў, з іх каля 20000 — сельгасугоддзі. Пры тым, што глеба і ўмовы, у якіх мы працуем, складаныя: тарфянікі, а вясной бываюць пыльныя буры, з-за чаго губляецца торф, гэта абядняе зямлю. Наша задача — падтрымліваць яе ў прыдатным стане. І ў нас атрымліваецца заставацца сярод лідараў па нарыхтоўцы кармоў: у папярэднія гады мы і па 3 ці 4 ўкосы за сезон рабілі. Галоўнае — добра падрыхтаваць палі. Дзеля падтрымкі раслін ўносім фосфарныя і калійныя ўгнаенні, вясной падкормліваем азотнымі. Травы перыядычна падсяваем, звычайна ўвесну і летам пасля уборкі. Сёлета на 5000 гектарах пасеялі кукурузу — яна ідзе на сілас (110 —120 тысяч тон, каб быў пераходны фонд) і на зерне (не менш за 10 тысяч тон трэба намалаціць). Але ўпор робім на шматгадовыя травы і люцэрну (яна ўтрымлівае значна больш бялку, таму з’яўляецца асновай для вытворчасці высокапажыўных гранул). Таму заўсёды імкнёмся максімальна выкарыстаць прыдатныя умовы надвор’я, каб не дапусціць перастою траў. Косім, правяльваем, здрабняем, пасля трава страмбоўваецца. Пры скашванні дадаём цукровы сіроп для збалансаванага харчавання і жом свежых буракоў, каб павысіць якасць корму. Нам штогод яго патрэбна 130 тысяч тон, гэта з запасам. 


Сёння ў гаспадарцы завяршаюць першы ўкос. Дзеля гэтага была задзейнічана ўся сучасная тэхніка: 7 комплексаў машын-здрабляльнікаў, 26 ці 28 МАЗаў (у залежнасці ад патрэбы) і 10 трактароў для вывазу сыравіны. Не толькі ад тэхнікі, але і ад людзей, якія ёю кіруюць, залежыць якасць нарыхтоўкі кармоў. 
— Мы зацікаўлены, каб людзі працавалі — і зараблялі, — падкрэслівае Аляксандр Пікун. — Заробак у нашай гаспадарцы адзін з найлепшых сярод аграрыяў рэспублікі. 


Касавіца ў ААТ «Парахонскае» — гэта адпрацаваны працэс, дзе ўлічваюцца прыродныя рытмы, спалучаюцца традыцыйныя і навуковыя падыходы, далучаецца перадавая тэхніка. Добрая арганізацыя дазваляе своечасова скошваць травы, здрабняць, пры вытворчасці сенажу — правяльваць і ўшчыльніць, а пасля запакаваць у траншэі пад плёнкай у кароткія тэрміны. Альбо накіраваць свежаскошаную зялёную масу на штучную сушку пры высокай тэмпературы для далейшага спрэсоўвання ў гранулы — такім чынам захоўваецца да 90 працэнтаў каштоўных рэчываў летніх траў. Штогод сельгаспрадпрыемства забяспечвае ўласнымі кармамі шматтысячны статак — а гэта 6 малочна-таварных і 7 адкормачных комплексаў. Такім чынам да мінімуму зведзена залежнасць ад пакупных кампанентаў — усё сваё! Якасныя кармы спрыяюць павелічэнню надояў малака і прывазе мяса — гэта менавіта тое, чым славіцца Пінскі край.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю