Top.Mail.Ru

У Пінскім раёне ўвекавечылі памяць сям’і, якую акупанты спалілі зажыва

Невялікі помнік устаноўлены ў полі, на месцы гібелі ні ў чым не павінных людзей. Гэта была сям’я з вёскі Церабень, Таццяна і Пётр Кахновічы гадавалі чацвёра дзяцей узростам ад 6 да 13 гадоў.



Ім нават стандартнае абвінавачванне ў сувязях з партызанамі не маглі прад’явіць, бо не было ніякіх доказаў. Іх катавалі паказальна, каб настрашыць іншых, знішчылі за тое, што гаспадар пасмеў пярэчыць солтысу-калабаранту. Цэлы карны атрад СС прыбыў на месца ў ліпені 1943 года. Таццяну, Пятра і іх дзяцей замкнулі ў доме на хутары, сцены абклалі саломай і падпалілі. Як указана ў паказаннях сведак дакумента, датаванага 1945 годам, да пажарышча нікога не дапускалі, пакуль там не засталося папялішча.

...Прайшло шмат гадоў, пайшлі з жыцця сведкі, і доўга пра сям’ю Кахновічаў ніхто не ўспамінаў. Але ў рабочую групу Пінскага раёна па садзейнічанні расследаванню крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа звярнулася жыхарка вёскі Церабень. Жанчына ўказвала на размешчаны ў полі невялікі слуп, які, паводле яе слоў, некалі паставілі ў памяць аб той трагедыі.

Інфармацыю сталі правяраць, і ў адным з архіваў знайшліся дакументы 1945 года, дзе значыліся запісы апытанняў сведак. Так высветлілі падрабязнасці той трагедыі. Інфармацыя была перададзена ў Пінскую міжраённую пракуратуру. Пазней нарадзілася ініцыятыва нераўнадушных грамадзян абазначыць гэта месца мемарыяльнай дошкай, памятным знакам.

Паводле слоў старшыні Бобрыкаўскага сельскага Савета Аляксандра БАНЦЭВІЧА, фінансаванне сціплага абеліска, добраўпарадкаванне тэрыторыі цалкам узяло на сябе мясцовае сельгаспрадпрыемства — таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сцісха Пінскае».

Замест былога цэментнага слупа ўстаноўлены тыпавы помнік з агароджай, на якім увекавечаныя імёны і прозвішчы пакутнікаў. На цырымонію адкрыцця прыйшлі людзі з навакольных вёсак, школьнікі і педагогі, сваякі сям’і Кахновічаў, якая загінула ад рук карнікаў. У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір КАЛЕСНІКОВІЧ, Пінскі міжраённы пракурор Дзмітрый ПАЗНЯК, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота тэлеграм-канала Пінскага райвыканкама


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю