У Пінску маюць намер выпускаць маламерныя судны. Пра гэта паведаміў старшыня Пінскага гарвыканкама Валерый Рабкавец падчас выязнога пасяджэння Брэсцкага аблвыканкама ў Пінску, паведамляе БелТА.
Адно з ключавых пытанняў — паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё гарадоў 80+. Так, У Пінску ў прыярытэце больш эфектыўная работа прамысловасці. У горадзе маюць намер выпускаць маламерныя судны. «Аднаўленне суднабудаўнічых кампетэнцый магчыма і неабходна. Вядуцца перагаворы з патэнцыяльнымі расійскімі інвестарамі. Прапрацоўваецца інвестпраект сумеснай вытворчасці маламерных суднаў з кампазітных матэрыялаў. Кіраўніцтвам суднабудаўнічага завода таксама пры садзейнічанні расійскага інвестара пачата распрацоўка бізнес-плана па арганізацыі вытворчасці маламерных суднаў за кошт сродкаў інавацыйнага фонду», — сказаў Валерый Рабкавец.
Па праграме «Адзін раён — адзін праект» на «Зубр Энерджы» займаюцца рэканструкцыяй вытворчых карпусоў. Першы пускавы комплекс завершаны, створана 175 новых працоўных месцаў. Другі — у стадыі завяршэння. «Праект па будаўніцтве прадпрыемства па вытворчасці пластыкавых камплектуючых для акумулятарных батарэй са стварэннем 60 працоўных месцаў будзе завершаны ў гэтым годзе», — адзначыў старшыня гарвыканкама.
У Пінску рэалізавалі пяць імпартазамяшчальных праектаў (у дрэваапрацоўцы, вытворчасці шклозагатовак, перапрацоўчай прамысловасці). Вядзецца праца яшчэ над шасцю. Па словах Валерыя Рабкаўца, паспяхова завершана рэалізацыя інтэграцыйнага праекта па выпуску помпаў. Па аб’ектыўных прычынах узнікалі цяжкасці пры будаўніцтве завода па вытворчасці зліткаў кампаніі «Сілікон матэрыял». «Нягледзячы на ўсе складанасці ў рэалізацыі праекта, прадпрыемства плануе ў лістападзе ажыццявіць запуск печаў і вырасціць першы злітак», — растлумачыў старшыня Пінскага гарвыканкама.
Таксама сёння абмеркавалі сацыяльна-эканамічнае развіццё Баранавічаў. У пасяджэнні прымаюць удзел намеснік Прэм’ер-міністра і ўпаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Брэсцкай вобласці Юрый Шулейка, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці Міхаіл Русы, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі.