У гісторыі роднага краю не толькі даты і падзеі, але яшчэ прозвішчы і імёны герояў з рэальнымі лёсамі і характарамі. Асаблівую цікавасць у сучаснікаў выклікае асоба ганаровага грамадзяніна Беразіно Міхаіла Хонінава.
Асоба неардынарная, і факт прысваення звання неардынарны. Калмык па нацыянальнасці нарадзіўся за тысячу кіламетраў ад Беларусі, аднак яго імя належыць дзвюм рэспублікам і складае іх гонар. Жыццёвая геаграфія Хонінава: Калмыкія — Смаленшчына — Беларусь — Сібір. На радзіме яго звалі Міхаіл Хонінаў, на Смаленшчыне — Мішка Калмык, у Беларусі — Міша Чорны.
Яшчэ пры жыцці яму прысвячалі вершы, паэмы, дакументальныя і мастацкія аповесці. У адной асобе зліліся паняцці «воін» і «стваральнік»: герой вайны, лейтэнант-франтавік і партызан-ардэнаносец, ганаровы хлебароб Беларусі, народны герой і паэт Калмыкіі, член Саюза пісьменнікаў СССР...
Нарадзіўся Міхаіл у шматдзетнай сям’і батрака. Цяжкае галоднае дзяцінства на кожным кроку правярала на трываласць.
Стэп дыктаваў рытмы жыцця людзей: качавая лямцавая кібітка, кумыс у бурдзюку, піяла з калмыцкім чаем, прыпраўленым соллю, замест нянькі — вяроўка, якой матуля прывязвала сына, каб з ім не здарылася бяда, пакуль яна занята справамі. Калі хлопчыку было ўсяго два месяцы, у час пераезду змораная працай і сонцам матуля ўпусціла немаўлятка з рук. Паўз яго прайшоў увесь караван вярблюдаў, і ніводны не наступіў. З шасці гадоў пасвіў з бацькам атары ў кулакоў, працаваў пагоншчыкам быкоў. Калі яму было 16, памерла маці, праз тры гады — бацька. Але юнак не зламаўся. Ён добра вучыўся, добра валодаў рускай мовай, удзельнічаў у школьнай самадзейнасці. У 13 гадоў напісаў свой першы верш «Табуншчык». Прыпісаўшы сабе два гады, адправіўся ў Астраханскі тэхнікум мастацтваў разам са старэйшым братам. Калі ў 1936 годзе ў Элісце стварылі першы калмыцкі тэатр, братоў Хонінавых запрасілі ў калектыў. Міхаілу падабалася прафесія акцёра. За чатыры гады — 30 роляў. Адначасова працаваў дыктарам рэспубліканскага радыё.
У 1939 годзе яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у Забайкальскай ваеннай акрузе, атрымаў званне малодшага лейтэнанта. Вайна для яго пачалася ў ліпені 1941-га пад горадам Дзямідавам, што на Смаленшчыне, быў паранены. Яго падабралі жанчыны з вёскі. Але туды часта наведваліся акупанты, таму параненаму байцу давялося сысці. Далей лёс закінуў яго ў беларускія пушчы. Абстрэленага нямецкай засадай на беразе ракі Бярэзіны, яго выратавала жыхарка бярэзінскай вёскі Месціна Праскоўя Віліткевіч. Ёй Хонінаў прысвяціў пазней верш «Маці з Бярэзіны», назваўшы яе другой матуляй. Дзякуючы сувязі з мясцовымі падпольшчыкамі лейтэнант Чырвонай Арміі становіцца партызанам, у радах якіх ён правёў 1080 вогненных дзён і начэй 1942–1944 гг. Яго партызанская эпапея разгарнулася спачатку ў ваколіцах бярэзінскіх вёсак, а затым працягнулася ў Клічаўскім, Слаўгарадскім, Бялыніцкім раёнах Магілёўшчыны і закончылася зноў на Бярэзіншчыне.
Міша Чорны. Пад такім імем яго ведалі і ворагі, і сябры. Яго роту гітлераўцы называлі «дзікай дывізіяй», за галаву партызана абяцалі 10 тыс. акупацыйных марак. Байцы разграмілі варожы гарнізон у Колбчы і ўзнялі там партызанскі сцяг. Узялі пад кантроль дарогу Мінск — Доўск. Сямнаццаць сутак трымаліся ў вогненным коле Хачынскага лесу, адбіваючы па 10 атак у дзень, а потым раптам зніклі ў лясным гушчары. За дзве здзейсненыя дыверсійныя аперацыі на станцыі Тоўшчыца камандзір уручыў знаходліваму падрыўніку і разведчыку імянны пісталет ТТ — нечуваную для партызана ўзнагароду. Хутка на грудзях Мішы Чорнага закрасаваліся медаль «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» і ордэн Чырвонага Сцяга. З ліпеня 1944 года М. Хонінаў прымаў удзел у баях за Беларусь, прайшоў ад Бярэзіны да Нёмана. Мог дайсці да Берліна, атрымаць зорку Героя Савецкага Саюза (двойчы прадстаўляўся да звання), аднак загадам Сталіна калмыцкі народ быў прызнаны «здраднікам»: усіх пад канвоем (і франтавікоў, і мірнае насельніцтва) адправілі на вечную ссылку ў Сібір. Трынаццаць гадоў ссыльны герой знаходзіўся між жорнаў рэпрэсій. У Алтайскім і Краснаярскім краях працаваў прарабам, лесарубам, сталяром, інжынерам-будаўніком, а па начах бачыў у снах стэп з вольным арлом у небе і серабрыстым кавылём. Ссылка закончалася ў 1957 годзе, калі няскоранаму народу было вернута права на свабоду. У 1960–1970-я гады Хонінаў здзейсніў паездкі па месцах баявой славы ў Беларусі. У 1975-м наведаў мемарыяльны комплекс Хатынь, затым цэлы тыдзень знаходзіўся ў Беразіно. На ўрачыстай вечарыне ў РДК атрымаў пасведчанне № 1 «Ганаровы грамадзянін Беразіно».
Перажытае на вайне прасілася ў кнігі, да таго ж ён ужо меў спецыяльную адукацыю — скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Толькі праз 30 гадоў пасля вайны з’явіліся раман «Памятаеш, зямля смаленская» (дзе галоўны герой — Мутул Хоніеў), дакументальная аповесць «Міша Чорны — гэта я!», паэма «Званы Хатыні». Хонінаў — аўтар 50 кніг прозы і паэзіі, дзве выдадзены на англійскай мове. Ён першы з калмыцкіх пісьменнікаў стаў перакладаць вершы Купалы, Коласа, Броўкі (лічыў яго сваім хросным бацькам у паэзіі), Танка, Куляшова (пакланіўся яго партрэту ў майстэрні З. Азгура). Любімы ансамбль — «Песняры» і песня І. Лучанка «Белоруссия». Сямейная рэліквія — выразаныя беларускімі майстрамі з дрэва шахматы, дзе ўсе фігуркі ў нацыянальных касцюмах. Старэйшая дачка Рыма атрымала ў спадчыну ад бацькі літаратурныя гены: паэтэса, празаік, перакладчык, доктар філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела фальклору і літаратуры Калмыцкага навуковага цэнтра Расійскай акадэміі навук, член Саюзаў пісьменнікаў Расіі, Беларусі, прысвяціла бацьку зборнікі «Другога лёсу не трэба», «М. Хонінаў: 100 гадоў і адно жыццё».
У добрай аповесці заўсёды ёсць дастойны эпілог. Імя Хонінава жыве ў назвах вуліц Беразіно, Клічава, Элісты, у родным сяле яму ўстаноўлены помнік на народныя сродкі. Беларуская вёска Пагарэлае на Магілёўшчыне, якую партызаны ўратавалі ад фашыстаў, носіць назву Хонінава. Штогод у Элісце праходзяць конкурсы сярод школьнікаў на найлепшае чытанне вершаў паэта. У Беразіно на будынку № 29 па вуліцы Хонінава ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Як запавет нашчадкам — яго верш «Стану красным я тюльпаном» (перакладзены на восем моў):
Когда уйду, закончив жизни срок,
Вы, люди, знайте: я не одинок.
Я не в земле останусь почивать —
Весной тюльпаном к солнцу
мне вставать...
Да 50-годдзя прысваення звання Ганаровага грамадзяніна горада Беразіно і 106-годдзя з дня нараджэння М. Хонінава супрацоўнікі Бярэзінскай раённай бібліятэкі прадставілі навучэнскай моладзі райцэнтра трыбуны гонару «Імя ў гісторыі раёна» і патрыятычныя гадзіны «У подзвігу няма нацыянальнасці».
Тамара КРУТАЛЕВІЧ