Top.Mail.Ru

Летапіс барацьбы і вызвалення

Вераснёўскія падшыўкі «Звязды» 1939 года — жывое сведчанне аб’яднання Беларусі і пачатку новай эпохі. У матэрыялах карэспандэнтаў адлюстравана хроніка тых дзён. Можна бачыць, як сустракалі Чырвоную Армію у розных населеных пунктах, як мянялася жыццё, якія пытанні хвалявалі жыхароў Заходняй Беларусі.


Адзін з першых матэрыялаў, у якім падводзяцца вынікі 20-гадовага жыцця на «адрэзанай» тэрыторыі, — «Як польскія паны гаспадарылі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне»: «Заходняя Беларусь, знаходзячыся пад уладарніцтвам Польшчы, ператварылася ў яшчэ больш жабрацкі і адсталы край, чым яна была пры царызме. Зараз гэта — тыповая аграрная краіна, з прымітыўнай сельскай гаспадаркай, з вельмі слаба развітай прамысловасцю, якая мае амаль выключна дробна-саматужніцкі характар». Аўтар піша, што за апошнія дваццаць год прагрэс зусім не закрануў Заходнюю Беларусь, яна хутчэй «ішла не ўперад, а назад», прычым пацвярджэнні ўсяму гэтаму можна знайсці ў польскай прэсе, у нарысах польскай пісьменніцы Ванды Васілеўскай, якая ў 1938 годзе аб’ехала Палессе, сустракалася з разаронымі і закабаленымі сялянамі: «Пісьменніца апісвае жудасныя сцэны сустрэчы з людзьмі-прызракамі, высахшымі ад голаду старыкамі і старухамі, зморанымі, рахітычнымі, апухшымі дзяцьмі». Гэтыя людзі зрабіліся «аб’ектам самай жорсткай эксплуатацыі і нажывы для польскай адміністрацыі, памешчыкаў, розных дзяльцоў і прахадзімцаў... Панская Польшча адносіцца да беларусаў з пагардай, як да людзей ніжэйшага сорту. У Польшчы беларуса лічаць не чалавекам, а быдлам, у адносінах якога ўсё дазволена».

Упэўніцца ў гэтым карэспандэнты «Звязды» змаглі, калі звесткі сталі паступаць непасрэдна з вызваленых тэрыторый. Сяляне расказвалі пра вялікія падаткі, зборы і штрафы, якія могуць выпісаць па любой прычыне. Напрыклад, у рэдакцыю прыйшоў ліст жыхара вёскі Рыверы Маладзечанскага павета. За год паліцыя аштрафавала яго за «няспраўны калодзеж», за двор, які нібыта быў брудны, два разы за «няспраўны» дымаход. «Польская дэфензіва бачыла ў кожным бедным селяніне крамольніка. Мяне неаднаразова выклікалі ў камендатуру, дзе заўсёды „частавалі“ гумавай палкай, — скардзіўся селянін у сваім лісце. — Ад той жа палкі мой 20-гадовы сын пазбаўлены магчымасці не толькі працаваць, але і хадзіць. Паліцыя абвінаваціла яго ў спачуванні камсамолу і камуністычнай партыі, у спачуванні савецкай уладзе. Польская дэфензіва адбіла яму лёгкія. Лёс працоўнай моладзі гарадоў і вёсак Польшчы быў падобен на лёс майго сына. Замест выхавання і вучобы іх жорстка збівалі ў засценках паліцэйскіх казематаў».

Сяляне скардзіліся на цераспалосіцу, на тое, што ім дасталіся самыя неўрадлівыя землі. У той жа час «Звязда» прыводзіць статыстыку: «Польскі ўрад, з мэтай удушэння беларускага народа, паскоранымі тэмпамі каланізаваў Заходнюю Беларусь. У 1922 годзе было 4,6 тысяч ваенных каланістаў (асаднікаў), у 1931 — 12,2, а ў 1934 — 37 тысяч. Асаднікам польскі ўрад аддаваў лепшыя землі, ім былі прадастаўлены ўсе прывілегіі, яны не плацілі падаткаў, усё гэта вялікім цяжарам клалася на плечы бедных сялян».

На гароту, жабрацтва, бяспраўе паскардзілася жанчына з вёскі Ярашэвічы. Лепшай долі яна хацела для свайго сына, той быў здатны да вучобы, яго хвалілі настаўнікі, але пасля заканчэння пачатковай школы далей ходу няма. Каб прадоўжыць яго вучобу, прадалі карову. «Але і каровы няма, і сын не вучыцца». Хлопец з таварышамі нават спрабаваў уцячы на савецкі бок, ды быў затрыманы паліцыяй.

Цяжка жылося і ў горадзе. Рабочыя дзяліліся, што, каб толькі набыць абутак, ім трэба працаваць месяц. Старшыня часовага ўпраўлення ў Гродна паведаміў, што ў горадзе з насельніцтвам у 60 тысяч, 8 тысяч беспрацоўных , «не лічачы тых (а такіх большасць), якія ў год працуюць толькі чатыры месяцы». Расказаў ён і пра гарадскую турму, дзе трымалі выключна палітзняволеных: «Зараз з турмы выпушчаны палітзняволеныя, сярод якіх ёсць вельмі многа людзей, кінутых туды 16-гадовымі юнакамі, а зараз вызваленых ва ўзросце 28 год. Страшна глядзець на гэтых людзей: змучаныя, большасць з іх хворыя туберкулёзам, заўчасна пасівеўшыя. Палітзняволеныя расказваюць, што гродненская турма была адным са страшных засценкаў польскай дэфензівы. За малейшы пратэст адміністрацыя турмы кідала людзей у карцэр на трое сутак, налівала туды ваду і фізічна знішчала зняволеных».
Людзей каралі і збівалі толькі за тое, што гаварылі на роднай мове. «Звязда» зафіксавала жывыя сведчанні. Пра гэта — у наступнай публікацыі «Летапісу».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю