Нездарма кажуць: добра там, дзе нас няма. Многія лічаць, што за мяжой і неба ярчэйшае, і зарплаты большыя, і ўзровень жыцця вышэйшы. А калі без прыкрас і неверагодных чаканняў зірнуць на суровую рэчаіснасць і аперыраваць фактамі і лічбамі. Далёка хадзіць не трэба — возьмем нашу найбліжэйшую суседку — Польшчу. Тое, што адбываецца ў польскім грамадстве, інакш як бязладдзем і не назавеш. Але ж пра ўсё па парадку.
Мільён палякаў выкінутыя з грамадства
У Польшчы расце ўзровень беднасці — каля 5 мільёнаў палякаў жывуць у галечы. Пры гэтым 975 тысяч чалавек з іх занадта «багатыя», каб атрымліваць сацыяльную дапамогу ад дзяржавы. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-партал Wirtualna Polska са спасылкай на апошнюю справаздачу «Poverty Watch 2025», падрыхтаваную Польскім камітэтам Еўрапейскай сеткі ў барацьбе з беднасцю (EAPN Polska).
— Гэты рост — папярэджанне аб тым, што ігнараванне праблемы беднасці можа дрэнна скончыцца, — заявіў старшыня EAPN Polska. Паводле яго слоў, «агульная колькасць вельмі бедных і жабракоў палякаў павялічылася з 4,6 мільёна да 5 мільёнаў».
У матэрыяле партала гаворыцца, што праблема маргіналізацыі некаторых вельмі бедных палякаў пагоршылася. З-за рэдкай карэкціроўкі крытэрыяў атрымання сацыяльнай дапамогі, якая праводзіцца раз у тры гады, амаль мільён палякаў цяпер лічацца адначасова вельмі беднымі і занадта «багатымі», каб адпавядаць дзяржаўным патрабаванням да даходу для атрымання падтрымкі ад дзяржавы.
Паводле інфармацыі партала, у крайняй галечы жывуць 1,9 мільёна чалавек. А гэта значыць, што грошай не хапае на ўсё: жыллё, ежу, самую танную вопратку і абутак, нават на лекі.
— Відавочна, што становішча менш забяспечаных хатніх гаспадарак не паляпшаецца, — заявіў старшыня EAPN Polska. Ён адзначыў, што «гэта асабліва моцна адбіваецца на такіх групах, як пенсіянеры і людзі з абмежаванымі магчымасцямі (і іх сем’і)».
Аўтары справаздачы «Poverty Watch 2025» адзначаюць, што сярод састарэлых людзей (старэйшых за 65 гадоў) узровень крайняй беднасці стагнуе, а ўзровень адноснай беднасці вырас з 11 % (830 тысяч чалавек) да 12,7 % (981 тысяча чалавек). Гэта пацвярджае, гаворыцца ў дакуменце, што індэксацыя пенсій і павелічэнне дапамог па пастаяннай сацыяльнай дапамозе сталі недастатковымі для вырашэння праблемы.
У найбольш складанай сітуацыі апынуліся хатнія гаспадаркі з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі — узровень адноснай беднасці сярод іх дасягнуў 16,8 %.
Партал адзначае, што даныя ў дакладзе заснаваны пераважна на афіцыйнай статыстыцы, апублікаванай нацыянальнымі і міжнароднымі агенцтвамі, што выключае магчымасць суб’ектыўных меркаванняў. У кожнай справаздачы EAPN Poland змяшчае рэкамендацыі экспертаў для ўрада. У апошнім дакладзе аўтары заклікаюць да неадкладнага пераходу ад разавых мер да стабільнай сістэмы, заснаванай на сацыяльных правах.
Дарэчы, Польшча да гэтага часу не ратыфікавала перагледжаную Еўрапейскую сацыяльную хартыю, тым самым пазбягаючы юрыдычных абавязацельстваў перад уласнымі грамадзянамі, такіх як доступ да эфектыўнага сацыяльнага забеспячэння, годнага жылля і ліквідацыі крайняй галечы і бяздомнасці.
У апошняй справаздачы таксама адзначаны недахопы польскіх стратэгічных дакументаў па барацьбе з беднасцю і сацыяльнай ізаляцыяй на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях. Адзначаецца, што гэтыя праблемы прысутнічаюць і ў праекце стратэгіі развіцця Польшчы да 2035 года, дзе мэты, звязаныя са скарачэннем беднасці і няроўнасці, цалкам адсутнічаюць.
Многія падумваюць сысці з прафесіі
Такая бяздумная палітыка польскіх улад не можа не ўплываць на ўзровень настрояў у грамадстве, дзе незадаволенасць узроўнем даходаў толькі нарастае. Напрыклад, настаўнікі — яны вельмі незадаволеныя ўзроўнем аплаты сваёй працы.
Польскія настаўнікі лічаць, што іх прафесія недаацэненая і непаважаная. Толькі 10 % настаўнікаў лічаць, што грамадства шануе іх прафесію. Пра гэта гаворыцца на сайце Саюза польскіх настаўнікаў (ZNP) са спасылкай на апошнія даследаванні TALIS (міжнародная праграма).
Паводле даследавання, толькі 20 % польскіх настаўнікаў заяўляюць аб задаволенасці сваім заробкам, што з’яўляецца адным з самых нізкіх паказчыкаў у ЕС.
Толькі 4 % настаўнікаў у Польшчы маладзейшыя за 30 гадоў. Краіны, якім удалося прыцягнуць маладых настаўнікаў, спалучаюць больш высокую пачатковую заработную плату з інтэнсіўнай падтрымкай, адзначаецца ў справаздачы TALIS.
— Многія маладыя настаўнікі ў Польшчы кажуць, што падумваюць аб сыходзе з прафесіі, — адзначаецца ў паведамленні ZNP.
Акрамя таго, у параўнанні з іншымі краінамі, сярод настаўнікаў у Польшчы асабліва распаўсюджана перакананне, што ўлады не ўлічваюць іх меркаванне. Толькі 15 % польскіх настаўнікаў заявілі, што асобы, якія прымаюць рашэнні, прыслухоўваюцца да педагогаў.
Гэтыя вынікі ставяць Польшчу ў шэраг краін з самым нізкім узроўнем павагі ў адносінах да настаўнікаў.
Між тым 14 кастрычніка ў Варшаве каля будынка канцылярыі прэм’ер-міністра прайшоў пратэст настаўнікаў з патрабаваннем павышэння заробкаў. Дарэчы, выходзілі польскія настаўнікі на пратэсты і ў першы дзень навучальнага года ў верасні 2025-га. Масавая акцыя пратэсту педагогаў прайшла каля будынка Міністэрства нацыянальнай адукацыі ў Варшаве. На мітынг сабраліся прадстаўнікі ўсіх узроўняў адукацыі — ад школьных настаўнікаў да супрацоўнікаў універсітэтаў, адміністрацый і адукацыйных службаў.
Палякі незадаволеныя дзеяннямі ўлад
І калі камусьці можа падацца, што гэта прыватны выпадак і датычыцца толькі педработнікаў, то не — на нізкія даходы скардзяцца і іншыя спецыялісты з сацыяльнай сферы. Так, напрыклад, польскія медсёстры інтэнсіўна набіраюцца на работу ў нямецкую сістэму аховы здароўя з-за дыспрапорцыі ў заробках і рэгулярных чаявых у Германіі. А дзяржслужачыя Польшчы — адны з самых нізкааплатных работнікаў у Еўропе. Вось і расце незадаволенасць у грамадстве дзеяннямі (або бяздзейнасцю) улады, якая дэманструе проціборства на высокім узроўні. Непрымірымыя пазіцыі цяперашніх прэзідэнта Наўроцкага і прэм’ер-міністра Туска ўжо прывялі да таго, што большасць палякаў незадаволеныя іх супрацоўніцтвам.
Як сведчаць вынікі апытання, праведзенага Інстытутам даследаванняў грамадскай думкі Pollster Research Institute, апублікаванага выданнем Rzeczpospolita, большасць апытаных палякаў негатыўна ацанілі супрацоўніцтва прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага і прэм’ер-міністра Дональда Туска.
Толькі 20 % апытаных лічаць адносіны Наўроцкага з урадам Туска добрымі. Пераважная большасць — 80 % — лічыць іх дрэннымі.
Польскі палітолаг, прафесар Барталамей Біскуп заявіў, што такі вынік можа быць звязаны з тым, што «палякі ўсведамляюць, што прэзідэнт і ўрад прадстаўляюць розныя палітычныя лагеры».
Гэта апытанне праводзілася 11 і 12 кастрычніка, у ім удзельнічалі 1002 дарослыя палякі. Іншае ж апытанне Pollster Research Institute паказала, што 52 % палякаў хочуць, каб Туск пакінуў пасаду прэм’ер-міністра.
Па матэрыялах БелТА