Ні папіць і ні сагрэцца?!
Безумоўна, еўрапейцы не самыя бедныя людзі на зямлі, аднак і там абяздоленых хапае. Хоць сацыяльныя гарантыі, выплаты і розныя дапамогі там дастаткова высокія, праўда, у поўнай меры яны распаўсюджваюцца на карэнных жыхароў. Але з якасцю жыцця ў гэтай частцы планеты ўзнікае ўсё больш праблем. Сканцэнтраваўшыся на манетарным складніку сацыяльнай палітыкі, у ЕС катастрафічна недаінвеставалі інфраструктуру. Каля 50 мільёнаў еўрапейцаў, напрыклад, не маюць паўнацэннага доступу да чыстай пітной вады. Гэта — сістэмная праблема. А яшчэ ўсё часцей узнікаюць інфраструктурныя форс-мажоры. Напрыклад, днямі ў Польшчы тысячы людзей засталіся ўвогуле без вады з-за выяўленых забруджванняў.
Сілезскае ваяводства Польшчы (поўдзень краіны) сутыкнулася з экалагічнай катастрофай. З 15 жніўня да паўдня 18-га ў Глівіцкім канале дасталі звыш тоны мёртвай рыбы. Мясцовыя ўлады спісваюць мор на цвіценне таксічных залацістых водарасцяў у згаданым канале і рацэ Кладніца. У экспертаў крыху больш шырокае меркаванне. Адна з удзельніц расследавання прычын сітуацыі Эва Стэрнал заявіла, што ў Глівіцкі канал скінутыя таксічныя сцёкавыя воды. Паводле яе слоў, калі ўзровень вады паднімецца на 8 сантыметраў, атручаная вада пачне пералівацца з Глівіцкага канала ў буйное вадасховішча Дзержна-Дужэ (Сілезскае ваяводства).
Уведзена забарона на выкарыстанне вады на адным з участкаў Глівіцкага канала. Яна распаўсюджваецца на выкарыстанне вады ў мэтах арашэння, на ўжыванне вылаўленай у гэтым раёне рыбы. Таксама тут забаронены заняткі воднымі відамі спорту, турызм.
Раней у сістэме водазабеспячэння, якая абслугоўвала чатыры населеныя пункты Люблінскага ваяводства Польшчы, былі знойдзены кішэчная палачка і каліформныя бактэрыі. Раённая санітарна-эпідэміялагічная станцыя выдала тэрміновае прадпісанне, якое забараняе ўжыванне вады не толькі для піцця і прыгатавання ежы, але і для мыцця посуду, іншых бытавых патрэб. Яе дазволена выкарыстоўваць толькі для змывання ў прыбіральні. Праводзіцца дэзынфекцыя забруджанага водазабору. Аднак, наколькі яна будзе аператыўнай і паспяховай, пакуль не зразумела.
Вядома ж, форс-мажоры бываюць, і, на жаль, экалагічная рызыка ёсць заўсёды. Яе пазбегнуць немагчыма, але неабходна змяншаць яе і аператыўна рэагаваць. Любыя забруджванні не ўзнікаюць з космасу ці самі па сабе. У большасці выпадкаў у інфекцый, таксічных заражэнняў ёсць цалкам канкрэтныя крыніцы, звычайна звязаныя з антрапагеннымі фактарамі. І спецыялістам усе пагрозы вядомыя. Пытанне толькі ў тым, ці хапае палітычнай волі, адміністрацыйнага жадання і фінансавых магчымасцяў для іх прадухілення.

У гэтых адносінах Варшава свядома ці памылкова пайшла па траекторыі старэйшых таварышаў па Еўрасаюзе. У пачатку стагоддзя Францыя, Германія, Італія, дзяржавы Бенілюкса так захапіліся піярам еўрапейскага ладу жыцця і працвітання, жадаючы вырвацца ў сусветныя лідары, што забыліся пра эканамічную логіку працэсу і ўпалі ў папулізм, з якога цяпер не могуць выбрацца. Вялізныя сумы траціліся на субсідзіраванне, не заўсёды абгрунтаваныя сацыяльныя выплаты і іншае стымуляванне спажывання. А пра інвестыцыі ў інфраструктуру забыліся.
Тая ж Германія ў лічбавым развіцці капітальна адстала нават ад сярэднесусветнага ўзроўню, і для яе нармальная з’ява, калі ў гарадках з насельніцтвам у 10-20 тысяч чалавек мабільны інтэрнэт як опцыя фактычна адсутнічае. А Швейцарыя ўжо не ўсе нямецкія цягнікі пускае на сваю тэрыторыю: не адпавядаюць яны ўяўленням швейцарцаў аб бяспецы. Гісторыя з таксічнасцю Сены ў Францыі стала агульнавядомай. І хоць Еўрасаюз з’яўляецца самым вялікім абаронцам экалогіі, але робіць гэта выключна ў мэтах дыскрымінацыі замежных пастаўшчыкоў, вытворцаў, інвестараў. З пункту гледжання камфортнасці асяроддзя пражывання не ўсё там ідзе паспяхова.
І, мяркуючы па ўсім, Польшча ў сваёй сацыяльна-эканамічнай палітыцы ідзе па гэтым трэку.
Узяць тую ж бытавую энергетыку. Ад газу вырашылі адмовіцца. Паліва імпартнае, лепш падтрымаць сваю вугальную галіну.
І вось смог над польскімі гарадамі ўжо з’яўляецца ледзь не іх візітнай карткай. Тады правялі праграму па замене бытавых катлоў на мадэлі, якія выкарыстоўваюць пелеты. Логіка была: пераход на экалагічнае (у параўнанні з вугалем) паліва, якое можна вырабляць з адходаў дрэваперапрацоўкі. Пелетамі сёння абаграваюцца больш за 400 тысяч польскіх хатніх гаспадарак.
Іншае пытанне, што цяпер у Польшчы не хапае пелетаў. Яны вырабляюцца са стружак і пілавіння, якія, у сваю чаргу, з’яўляюцца адходамі дрэваперапрацоўчых прадпрыемстваў.
А гэта галіна ў Польшчы прытармазіла сваё развіццё — як з прычыны дэфіцыту сыравіны, так і недахопу працоўных рэсурсаў. Пелеты можна купіць па імпарце. І беларускія вытворцы да ўвядзення санкцый пастаўлялі на Захад сваю прадукцыю — добрай якасці і па прымальнай цане. Прысутнічала лагічная дыверсіфікацыя паставак. Усё было б добра, аднак санкцыйна-палітычным рашэннем ад нашых паліўных гранул Варшава адгарадзілася.
Цяпер кожны год адбываецца пелетны крызіс з фенаменальным цэнавым выбухам і дэфіцытам, калі ў некаторыя тыдні гэта прадукцыя проста недаступная з прычыны яе адсутнасці на складах. У лютым мінулага года тона пелетаў каштавала больш за 800 долараў, у той час як да рэстрыкцыйных падзей прадавалася па 200-300. Гэтым летам цэны ўжо падскочылі да 540 долараў. Якой кан’юнктура можа быць у халодны перыяд — нават страшна ўявіць.
Справа ў тым, што ў ЕС дэфіцытны рынак пелетаў: не хапае каля 3 мільёнаў тон паліўных гранул на год. А спажыванне расце, прычым у больш багатых краінах: Германіі, Францыі, Нідэрландах, якія могуць перабіць тавар цаной у польскіх спажыўцоў.
І сыравіны для нарошчвання вытворчасці няма. Застаецца толькі імпартаваць, прычым з далёкіх рэгіёнаў: ЗША, Бразіліі, Інданезіі. На фоне лагістыкі, якая даражэе, такая дастаўка атрымліваецца зусім нятаннай.
Карацей, ацяпленне становіцца ўсё больш не па кішэні сярэднестатыстычнаму польскаму грамадзяніну. Яму застаецца альбо мерзнуць, альбо зноў перарабляць катлы пад брудны вугаль. І такія кіданні сведчаць аб адсутнасці дакладнай і стратэгічнай палітыкі выбудоўвання інфраструктуры, якую ўлады могуць знішчаць, зыходзячы з палітычных амбіцый, закрываючы свае рынкі ад даступных энергетычных рэсурсаў. Няхай гэта будуць расійскі газ ці беларускія пелеты.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ