Ён робіць гэта сістэматычна
У Польшчы незвычайным героем сацсетак стаў бабёр, якога мясцовы жыхар абвінаваціў у рэгулярным крадзяжы сподняй бялізны з вяроўкі, на якой яна сушылася. Па словах мужчыны, жывёла доўгі час таемна скрадала рэчы, а злавіць незвычайнага «злодзея» ўдалося толькі выпадкова.
Гісторыю паляк расказаў у адной з тэматычных груп у Facebook, дзе папрасіў парады ў іншых карыстальнікаў. Мужчына патлумачыў, што побач з яго домам знаходзіцца сажалка, у якой ужо некаторы час жыве бабёр. Аднак, як сцвярджае аўтар публікацыі, звярок не толькі размясціўся па суседстве, але і пачаў паводзіць сябе вельмі смела і незвычайна.
Па словах мужчыны, спачатку з вяроўкі сталі знікаць шкарпэткі і рабочыя футболкі. Тады ён не надаў гэтаму асаблівага значэння і не звязваў страту рэчаў з жывёлай. Аднак некалькі дзён таму яму ўдалося заспець бабра з доказамі «злачынства».
«Я выйшаў паглядзець, чым ён займаецца, і тут гэты хітры тып трушком выбег на двор, сарваў з вяроўкі пару трусоў, якія сушыліся, і кінуўся прама ў ваду, трымаючы іх у зубах. Я застыў на месцы, але ён павярнуўся, зашыпеў на мяне і знік у вадзе, нібы нейкі балотны дэман», — напісаў гаспадар адзення.
Мужчына таксама зазначыў, што бабёр паводзіць сябе незвычайна агрэсіўна. Паводле яго слоў, варта чалавеку наблізіцца да сажалкі, як жывёла пачынае гучна шыпець. Аўтар публікацыі прызнаўся, што спачатку нават падумаў, быццам у чароце хаваецца змяя.
Паляк выказаў здагадку, што скрадзенае адзенне можа выкарыстоўвацца для будаўніцтва хаткі ці плаціны. Пры гэтым ён прызнаўся, што не ведае, ці нармальныя такія паводзіны для баброў, і пацікавіўся ў карыстальнікаў, як можна справіцца з такім незвычайным суседам.
Пост хутка стаў вірусным і сабраў сотні каментарыяў. Зрэшты, замест сур’ёзных парад большасць карыстальнікў лічылі за лепшае жартаваць. Адны выказалі здагадку, што бабёр дзейнічае разам з янотам, іншыя параілі запатрабаваць ад яго «кампенсацыю за выкрадзеныя трусы», а некаторыя адзначылі, што прасцей за ўсё будзе пасябраваць з настойлівым грызуном і жыць з ім у міры.
Сам аўтар таксама не ўтрымаўся ад іроніі. Паводле яго слоў, бабёр глядзіць на яго так, быццам менавіта ён з’яўляецца сапраўдным гаспадаром участка, а чалавек — усяго толькі няпрошаным госцем.