Top.Mail.Ru

У Поразаўскім сельскім Савеце ствараюць «вёску будучыні»

І, відавочна, не адну. Тут узяты курс на продаж закінутых пустых дамоў па адной базавай велічыні. Справа ідзе даволі хутка. Калі ў 2022 годзе ў сельскім Савеце было прададзена шэсць такіх сядзіб, то за два мінулыя гады — ужо 32. Нават гаворка ідзе аб стварэнні вёсак новага тыпу — з сучаснымі камфортнымі дамамі і прысядзібнымі плантацыямі.


Старшыня сельвыканкама Віктар Акудовіч пазнаёміў карэспандэнта «Звязды» з ходам спраў па добраўпарадкаванні тэрыторый. Дарэчы, сельсавет неаднаразова быў найлепшым у Свіслацкім раёне ў гэтым кірунку.

Вуліцы, дарогі, паркі...

У ходзе паездкі Віктар Акудовіч звяртае ўвагу на якасць дарог. Асабліва тых, што ідуць ад цэнтральнай трасы. У Поразаве, напрыклад, летась заасфальтавана вуліца Маладзёжная, жыхары якой хацелі бачыць дарогу адноўленай. Дарогу каля кіламетра прывялі ў належны стан, у аграгарадку вядзецца рэканструкцыя ліній электраперадачы. На чатырох вуліцах праклалі новы кабель, замянілі апоры, з’явіліся новыя ліхтары. І такая работа вядзецца не толькі ў аграградку Поразава, але і ў іншых населеных пунктах сельсавета. Дзякуючы новым магутнасцям жыхары могуць перавесці свае дамы на электраацяпленне, што асабліва важна для сталых людзей.

Знайшліся магчымасці і для добраўпарадкавання паркавых зон. У свой час тут быў рэалізаваны праект ПРААН «Другое жыццё векавога парку». На ўчастку ўсталяваны сцэнічная пляцоўка, альтанкі, а нядаўна мясцовы мецэнат дапамог устанавіць вулічны трэнажор. Летась такая тэндэнцыя аднавілася. На праект «Сквер маёй мары» ў рамках абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў выдзелена 23 тысячы рублёў. З уласных сродкаў дабавілі яшчэ паўтары тысячы. У выніку рэалізацыі праекта на ўчастку ў цэнтры Поразава з’явіліся дзіцячая пляцоўка, прыгожыя каваныя лаўкі, альтанкі, устанавілі інфармацыйны стэнд са старажытным гербам. «Раней была пустая тэрыторыя. Цяпер утульна, дзеці гуляюць. Штосьці зрабілі самі, а лаўкі, напрыклад, у ходзе закупак набылі ў Жодзіне», — каментуе старшыня сельвыканкама. Таксама нагадвае, што гарадскі пасёлак мае нямала адметнасцяў. Ён вядомы сваім тортам «Банкуха» і чорназадымленай керамікай — элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. А будынкі касцёла, царквы і сінагогі ствараюць роўны трохвугольнік — так будавалі гэтыя знакавыя аб’екты ў старажытнасці.

Стаўка на аднаўленне

Дарогі і паркі, вядома, ствараюць прыгожы антураж населенага пункта, але нядбайныя сядзібы могуць сапсаваць увесь яго выгляд. А на тэрыторыі сельсавета звыш 700 пустых дамоў. Таму асноўная работа мясцовай улады вядзецца ў гэтым кірунку. Летась большая частка спадчыннікаў заявіла аб намерах даглядаць свае дамы. Тым не менш значная колькасць будынкаў патрабуе кардынальных рашэнняў. Вядома, самыя аварыйныя паступова зносяцца. А тым, якія прыдатныя для жылля, шукаюць новых гаспадароў.

— Мы не гонімся за асаблівай выгадай ад продажу. Робім стаўку на аднаўленне, таму гатовы прадаць пусты дом за адну базавую велічыню. Вядома, вельмі спрыяе заканадаўства, у прыватнасці Указ Прэзідэнта № 116. Гэта дае свой вынік. За апошнія два гады попыт вырас проста неверагодна, мы прадалі больш 30 дамоў, у той час калі годам раней толькі шэсць. З аўкцыёну не прадаём, гэта доўга, і такія аб’ёмы нам не прадаць. Калі ёсць некалькі прэтэндэнтаў, знаходзім варыянт для кожнага ахвотнага. Гэта вырашаецца, — расказвае алгарытм сваёй дзейнасці старшыня сельвыканкама.

Спыняемся каля сядзібы, якую нядаўна за базавую велічыню купіла маладая сям’я з Мінска. Муж — айцішнік, жонка — урач. Напачатку спрабавалі купіць вясковы дом на аўкцыёне ў Брэсцкай вобласці. Затым даведаліся пра ўмовы продажу ў Поразаўскім сельсавеце і прыехалі ў Гродзенскі рэгіён. Пры гэтым здзейснілася і іх жаданне пасяліцца менавіта паблізу Белавежскай пушчы. Летам разам з дзецьмі пачалі аднаўляць сядзібу. Расчысцілі ад бур’яну ўчастак, узаралі, пачалі рамантаваць дом, пракладваць дарожкі.

— Людзі цікавяцца. І сёння купляюць у нас дамы і палякі, і літоўцы, і беларусы з іншых рэгіёнаў. Славакі ў Варонічах купілі дом, ужо пачалі прыводзіць сядзібу ў парадак, ім там робяць рамонт па найме. Калі ўсё будзе гатова, яны прыедуць, — расказаў суразмоўнік. — Сельскі Савет у нас вялікі — 44 населеныя пункты, больш за 60 % незаселенага жылля, з якім цяпер трэба працаваць.

«Тут будзе кіпець жыццё!»

Варонічы — адна з тых вёсак, якая паступова магла сысці ў нябыт. Сама невялікая і ад трасы ўбаку. Карэнных жыхароў тут па пальцах адной рукі можна пералічыць. Сядзібы пераўтвараліся ў сапраўдныя джунглі.

Але нядаўна сітуацыя змянілася карэнным чынам. Літаральна адзін за адным прададзена восем дамоў. Віктар Акудовіч у курсе справы кожнага новага ўласніка. Яго радуе, што вёска пачала новае жыццё, што тут пасяліліся сапраўдныя гаспадары. Адзін з іх — мінчанін Дзмітрый, які набыў адразу два дамы з участкамі. Цяпер замест бур’яну тут узаранае поле на паўгектара, дзе пасаджана плантацыя фундуку, а на іншым, падрыхтаваным для пасеву, мяркуецца высадзіць дэкаратыўныя расліны, пладовыя кусты, меданосы. Удалечыні можна заўважыць каля дзясятка вулляў.

Участкі агароджаны металічнай сеткай, зруб дома выглядае даволі трывала, для гаспадарчых пабудоў нарыхтаваныя сілікатныя блокі і драўніна.

— Нават складана ўявіць, колькі тут працы ўкладзена. Я памятаю, што тут тварылася, калі мы прыехалі гэта абследаваць. А цяпер — душа радуецца. У вёсцы амаль усе дамы прыдбаныя. Адзін з дамоў купіў дырэктар прыватнага прадпрыемства з Мінска, урач, у якога ўласная клініка ў Польшчы. Тут купіў два дамы прадпрымальнік з Гродна і наводзіць парадак. А гэта даволі няпроста, бо раней тут нават дамоў не было відаць з-за зараснікаў. Яшчэ далей таксама прададзены дамы, іх рамантуюць, і пакупнікі збіраюцца пераехаць сюды на пастаяннае месца жыхарства. Праз некалькі гадоў жыццё тут будзе кіпець, — упэўнены старшыня сельвыканкама.

У сельсавеце пайшлі насустрач новым жыхарам і аднавілі лінію электраперадачы з ліхтарамі. Гледзячы на ўсё гэта, з’явіліся спадчыннікі пустых дамоў і таксама наводзяць парадак. Па словах суразмоўніка, такі шанц дае людзям менавіта Указ № 116. Людзі маюць магчымасць аформіць дакументы на права карыстання па спрошчанай схеме і заняцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Віктар Акудовіч не сумняваецца, што праз пару гадоў тут будзе сапраўдная вёска будучыні. Ёсць план па фарміраванні некалькіх участкаў для продажу. Атрымаецца такі кампактны сучасны вясковы анклаў, дзе акцэнт будзе зроблены на зручных для жыцця дамах з гаспадарскім падыходам да зямлі.

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Фундук замест бур’яну

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю