Больш за 150 аб’ектаў аднавілі ў Мёрах Віцебскай вобласці падчас падрыхтоўкі да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026»
Зробленае — застанецца
Папрыгажэлы раённы цэнтр прыме вялікае свята працы і ўраджаю 17 кастрычніка. У яго чаканні гаспадары робяць апошнія штрыхі, каб па-добраму ўразіць шматлікіх гасцей парадкам, зручнасцю, гасціннасцю, творчай праграмай.
— Святу адведзены ўсяго адзін дзень, а шчыльная падрыхтоўка да яго ішла на працягу некалькіх месяцаў. Галоўнае ж, што ўсё зробленае па паляпшэнні гарадской інфраструктуры, добраўпарадкаванні, што дало новы імпульс гораду, будзе служыць яго жыхарам на працягу многіх гадоў, — падкрэслівае старшыня райвыканкама Аляксандр Ярахновіч.
Належную ўвагу ўдзялілі ўстановам адукацыі, Так, у будынках СШ № 2 імя М. Р. Ізварына выканалі капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі: замянілі ўсе інжынерныя сеткі, мадэрнізавалі харчаблок, абнавілі класы і актавую залу, падлогавае пакрыццё, фасады. Школа № 3 імя Я. А. Томка перажыла капітальны рамонт тры гады таму, і тут намаганні скіравалі на добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі: устанавілі варкаўт-пляцоўку, вялікі гульнявы комплекс, паклалі плітку і асфальт. Абедзве абноўленыя школы, дзе вучацца больш за 1,1 тысячы рабят, адчынілі дзверы 1 верасня. Рамонтныя работы закранулі 15 аб’ектаў сферы адукацыі.
Кузня баксёраў
Папрыгажылі ўстановы культуры: бягучы рамонт выкананы ў дзіцячай школе мастацтваў, Цэнтры культуры і народнай творчасці, цэнтральнай бібліятэцы, гісторыка-этнаграфічным музеі.
— Значны аб’ект, урачыстае адкрыццё якога запланавана на 17 кастрычніка, — зала боксу дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, — паведамляе Аляксандр Ярахновіч. — Яна ўладкавана замест былой актавай залы перасоўнай механізаванай калоны. У выніку рэканструкцыі яна пераўтворана ў сучаснае тэхналагічнае памяшканне плошчай звыш 300 квадратных метраў з рынгам 7 на 7 метраў, трыбунамі для гледачоў. Да яе прыбудаваны дадатковыя тэхнічныя памяшканні, уладкаваны вучэбна-трэніровачная і трэнажорная залы, трэнерская, распранальні для хлопцаў і дзяўчат з душавымі кабінамі і санвузламі.
Наведвальнікаў будзе прымаць прасторны хол з гардэробнай. Набыта неабходнае абсталяванне: баксёрскія грушы, апяркотныя падушкі, гантэлі, штанга. Паўсюдна створана безбар’ернае асяроддзе. Добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя з аўтапаркоўкай.
Гісторыя боксу пачалася ў Мёрах у 2016 годзе, калі з прыходам трэнера Сяргея Алісяенкі ў фізкультурна-спартыўным клубе пачала працаваць новая секцыя для дзяцей і дарослых. Гэты від спорту набіраў усё большую папулярнасць, а мясцовыя спартсмены паспяхова выступалі на спаборніцтвах. Сёння дарослыя трэніруюцца ў ФСК, а шэсць груп дзяцей з агульнай колькасцю 60 чалавек — у аддзяленні боксу ў ДЮСШ. Паплечнікам першага трэнера стаў яго выхаванец Юрый Пахірка, а выхаванцы ўпэўнена ідуць да новых вяршынь, займаюцца ў школах алімпійскага рэзерву, пацвярджаюць званні кандыдатаў у майстры спорту, уваходзяць у склад зборнай краіны па боксе. Так, сёлета Дар’я Свілёнак абараняла гонар Беларусі на маладзёжным першынстве Еўропы ў Сербіі.
Ёсць дзе пагуляць
Галоўныя дажыначныя ўрачыстасці разгорнуцца на цэнтральнай плошчы. Яе асфальтавае пакрыццё заменена на плітку.
Прывабнай фотазонай стане мастацкі арт-аб'ект, у якім адлюстраваны славутасці Мёршчыны: жураўлі і журавіны, вадаспад на рацэ Вята, заказнік «Ельня», касцёл Узнесення Дзевы Марыі.
Акультураны парк, размешчаны побач, вымашчана пліткай набярэжная возера Мёрскае. Новае пакрыццё атрымалі каля 10 км дарог у райцэнтры на розных участках вуліц, зроблены тратуары і пешаходныя дарожкі.
Капітальна адрамантаваны восем шматкватэрных дамоў, каля 30 дамоў закрануў бягучы рамонт. Аднаўляліся дахі, фасады, уваходныя групы, цокалі і адмосткі, добраўпарадкаваны прыдамавыя тэрыторыі. Паўсюдна па горадзе з’явіліся новыя прывабныя малыя архітэктурныя формы, перасоўныя кветнікі.
Мёрцы падтрымалі
У вялікую работу ўключыліся не толькі будаўнікі і УП ЖКГ Мёрскага раёна, але і ўсе арганізацыі, прыбіраючы свае і замацаваныя тэрыторыі. Значную плошчу горада займаюць сектары індывідуальнай забудовы, раённая ўлада запрасіла іх жыхароў таксама далучыцца да навядзення парадку, каб сустрэць свята чысцінёй. Вынік атрымаўся станоўчы: цяпер жыхары горада з гонарам здымаюць і выкладваюць на інтэрнэт-пляцоўках відэаролікі аб зменах у родным горадзе.
Пераўтварэнні закранулі не толькі райцэнтр. У самым маленькім горадзе Беларусі — Дзісне — адрамантавалі ўчасткі вуліц, прыдамавыя тэрыторыі на адной з цэнтральных вуліц.
На асфальтавае замянілі 3 км гравійнага пакрыцця дарогі да рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ельня», які набірае экскурсійную папулярнасць. Адрамантавалі там пляцоўку для аўтатранспарту, санітарную зону, устанавілі альтанкі, прылаўкі для гандлю.
— Для нас вялікі гонар і адказнасць прыняць «Дажынкі» Віцебшчыны, да якіх мы рыхтаваліся ўсе разам, — падсумоўвае Аляксандр Ярахновіч. — Прыязджайце з добрым настроем. Сардэчна запрашаем!
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота з адкрытых крыніц