Па традыцыі яго ўдзельнікамі стануць 200 дзесяцікласнікаў з Беларусі, Расіі і іншых краін былога СССР. Сёлета ў патрыятычнага культурна-адукацыйнага праекта з’явяцца новыя прыпынкі і новыя падзеі, ва ўдзельнікаў — новая форма, якую, дарэчы, адшыюць беларускія прадпрыемствы, а сам брэндзіраваны цягнік атрымае абноўлены лагатып, які сімвалізуе яго першы юбілей.
Штогод цікавасць з боку беларускіх школьнікаў да патрыятычнага культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці» расце. На розных адборачных этапах сёлета ў ім паўдзельнічала рэкордная колькасць дзесяцікласнікаў.
— У першыя дні красавіка пройдзе фінал рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны». Яго пераможцы атрымаюць «білет» на цягнік. Хочацца адзначыць, што з году ў год колькасць удзельнікаў расце: калі летась у пачатковых, унутрышкольных этапах прынялі ўдзел каля 9 тысяч дзесяцікласнікаў, то сёлета — каля 12 тысяч, — расказаў намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Віктар ФІЛІПЕНКА.
У фінале конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны» прыме ўдзел па 15 прадстаўнікоў кожнай вобласці і горада Мінска. Сімвалічна, што пераможцаў вызначаць 2 красавіка, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі.
Свой конкурс — «Перамогу шануем, герояў памятаем», праходзіў сёлета і для педагогаў. У ім прынялі ўдзел каля 800 удзельнікаў, а пераможцы стануць важатымі ў «Цягніку Памяці».
Як патлумачыў загадчык аддзела вучэбнай работы Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» Ігар НОВІКАЎ, у конкурсе бяруць удзел педагогі, якія маюць профільную педагагічную вышэйшую адукацыю, педагагічны стаж не менш як 3 гады і вопыт работы ў выхаваўча-аздараўленчых установах. Акрамя гэтага, надаецца асаблівая ўвага актыўнаму ўдзелу педагога ў перыядычных акцыях і конкурсах. Сам конкурс праходзіў у тры этапы. Два першыя адборы прайшлі ў рэгіёнах, і 3 красавіка бягучага года фіналісты другога адборачнага этапу прыедуць на фінал у «Зубраня».
— Удзельнікі прадставяць відэа-візітоўку, падчас якой неабходна расказаць пра свае захапленні, хобі, раскрыць сваю грамадзянскую пазіцыю, расказаць таксама пра ўдзел у патрыятычных конкурсах і акцыях. І адказаць на пытанне, чаму менавіта я мушу стаць удзельнікам дадзенага праекта. І другі этап — гэта конкурс арганізацыйна-метадычных матэрыялаў, дзе варта прадставіць метадычныя распрацоўкі па патрыятычным выхаванні, — расказаў Ігар Новікаў.
Праект «Цягнік Памяці» стартаваў у 2022 годзе па ініцыятыве кіраўнікоў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. Сёлета ў пяты раз ён стартуе ў знакавым месцы — Брэсцкай крэпасці і ў знакавую дату — дзень 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Алена КРАВЕЦ
Фота «Минск новости»