Да прафсаюзнага юрыста Беларускага прафсаюза работнікаў ЖКГ і сферы абслугоўвання звярнулася работніца адной з арганізацый галіны. Жанчына паведаміла, што наймальнік збіраецца аб’явіць ёй вымову за невыкананне даручэння, дадзенага ў месенджары.
Пры дэталёвым разборы сітуацыі высветлілася, што ў арганізацыі сапраўды створана група ў адным з папулярных дадаткаў, у якой знаходзяцца кіраўнікі структурных падраздзяленняў і асобныя спецыялісты. Перыядычна кіраўніцтва арганізацыі дае ў агульнай групе даручэнні.
Работніца патлумачыла, што заўсёды прымала да выканання інфармацыю кіраўніцтва, нават калі яна паступала выключна ў агульным чаце. Але аднойчы на працягу дня ў групе было шмат паведамленняў, усе давалі справаздачу аб выкананні розных даручэнняў, і адно паведамленне ад кіраўніка арганізацыі работніца прапусціла. У выніку ў названы тэрмін не прадставіла запытаную пісьмовую інфармацыю.
У цэлым, выкарыстанне месенджараў у працоўных мэтах, паводле працоўнага заканадаўства, дапушчальна, але патрабуе захавання шэрагу норм. Выкарыстанне такіх камунікацыйных каналаў законнае пры ўзаемнай згодзе бакоў. Аптымальна, калі парадак выкарыстання месенджараў рэгламентаваны ўнутранымі правіламі арганізацыі або прапісаны ў працоўным дагаворы, дзе будзе дакладна пазначана ўзаемадзеянне бакоў.
Як адзначыў старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Павел Жуйкоў, колькасць пытанняў, звязаных з выкарыстаннем у рабоце месенджараў з боку работнікаў арганізацый апошнім часам прыкметна ўзрасла:
«Для наймальнікаў і, часам, саміх работнікаў — гэта зручная прылада, якая павышае аператыўнасць у рабоце. Аднак яго выкарыстанне мае шэраг умоў, якія, як мы бачым, не заўсёды выконваюцца. У дадзеным выпадку выкарыстанне ў рабоце месенджара ў арганізацыі ніяк не рэгламентавана. Праграма ўстаноўлена на асабістых тэлефонах работнікаў. Дакументальна абавязак работнікаў з пэўнай перыядычнасцю праглядаць і адказваць на паведамленні ў групе не ўстаноўлены. Ніяк не ўрэгуляванае пытанне пацвярджэння факта прыняцця работнікам таго ці іншага даручэння, адрасаванага яму ў асабістым паведамленні ці ў агульнай групе, а таксама сітуацыі, калі ў тэлефоне, напрыклад, „завіс“ дадатак, разрадзілася батарэя і інш.», — дадаў Павел Жуйкоў.
Трэба адзначыць, што гісторыя з работніцай аператыўна вырашылася пасля таго, як прававы інспектар працы правёў перагаворы з кіраўніцтвам арганізацыі. Наймальнік адмовіўся ад намеру прыцягнуць супрацоўніцу да дысцыплінарнай адказнасці.
Алена КРАВЕЦ