Top.Mail.Ru

У праваслаўных вернікаў пачынаецца Пятроў пост

У праваслаўных вернікаў сёння пачынаецца Пятроў пост, паведаміла БелТА. 

Пост усталяваны ў гонар святых апосталаў, якія пасля Спаслання на іх Святога Духа разышліся па ўсіх краінах з добрай весткай, знаходзячыся заўсёды ў пaсце і малітве. Адны людзі, слухаючы іх, паверылі ў Бога, іншыя ж азлобіліся і захацелі іх загубіць. Многія з апосталаў скончылі сваё жыццё на крыжы або ў вязніцы.

Пятроў пост нагадвае вернікам, што галоўны вораг, як абвяшчае Евангелле, не той, хто забівае цела, а той, які караніцца ўнутры душы. Часта зноў ахрышчаны забывае пра любоў да Бога і бліжняга і вяртаецца да ранейшых грахоў. Аб гэтай небяспецы і нагадвае пост. Ён служыць выхаванню волі хрысціяніна, так як у пасце чалавек вучыцца падпарадкоўваць цялесныя патрэбы свайму духу, як гэта рабілі многія святыя.

Пятроў пост заўсёды пачынаецца з панядзелка, праз тыдзень пасля свята Святой Тройцы, таму кожны год дата яго пачатку розная. Завяршаецца пост заўсёды 11 ліпеня, напярэдадні Дня памяці хрысціянскіх пакутнікаў апосталаў Пятра і Паўла.

Гэты пост адносна нястрогі. Рыба дазваляецца ва ўсе дні, акрамя панядзелка, серады і пятніцы. У панядзелак можна ўжываць гарачую ежу без алею. Серада І пятніца - строгі пост (сухаядзенне): можна есці хлеб, вараную гародніну, садавіну, піць ваду, кампот. У астатнія дні дазваляюцца рыбныя, крупяныя, грыбныя стравы з раслінным алеем.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю