У кітайскім горадзе Фучжоу, што ў правінцыі Фуцзянь (Паўднёва-Усходні Кітай), традыцыйнае мастацтва коркавага жывапісу перажывае другое нараджэнне дзякуючы нечаканаму трэнду — выкарыстанню ва ўпрыгожваннях для валасоў, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Такі жывапіс ствараецца з кары коркавага дуба метадам найтанчэйшай разьбы. Майстры выразаюць мініяцюрныя краявіды, птушак, кветкі і архітэктурныя элементы таўшчынёй да 0,1 мікрона, збіраючы з тысяч дэталяў цэлыя карціны.
Гэты старажытны промысел, які зарадзіўся ў пачатку XX стагоддзя, у 2008 годзе быў уключаны ў спіс нацыянальнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны Кітая. Традыцыйныя вырабы з коркавым жывапісам, такія як дэкаратыўныя панэлі і шырмы, не карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў моладзі. Маладое пакаленне майстроў, прадстаўленае Лін Цін’юнь, імкнецца знайсці для гэтага старажытнага рамяства новыя шляхі развіцця.
Да прыкладу, Лін Цін’юнь інтэгруе коркавую разьбу ў такія прадметы, як чайныя падносы і сумкі, каб вывесці гэтае мастацтва за межы музейных вітрын і зрабіць яго часткай паўсядзённага ўжывання.
Папулярнасць коркавыя заколкі набылі ў сацыяльных сетках пасля таго, як знакамітасці пачалі публікаваць фота з такімі ўпрыгожваннямі. Цяпер турысты з усяго свету прыязджаюць у Фучжоу, каб памераць гэтыя ўнікальныя аксэсуары і сфатаграфавацца ў іх.
Такім чынам старажытнае мастацтва, захоўваючы традыцыйную тэхніку вырабу, набывае новае жыццё.