Top.Mail.Ru

У правінцыі Шаньсі адраджаецца тысячагадовая кераміка Баі

У правінцыі Шаньсі (Паўночны Кітай) майстры адраджаюць унікальнае ганчарнае рамяство з тысячагадовай гісторыяй, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн»


Чырвона-зялёная кераміка Баі, якую называюць «першай вясёлкай у гісторыі кітайскай керамікі», ледзь не знікла ў ХХ стагоддзі, але сёння перажывае сапраўднае адраджэнне.Чырвона-зялёная кераміка адрозніваецца насычанымі фарбамі на белым фоне, з перавагай чырвонага, зялёнага і жоўтага. Тэматыка роспісу ўключае кветкі, птушак, рыб і людзей. У 2021 годзе тэхналогія вырабу чырвона-зялёнай керамікі Баі была ўключана ў спіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны нацыянальнага значэння.

У раёне Шандан горада Чанчжы, што ў правінцыі Шаньсі, знаходзяцца руіны старажытнай печы Баі — адно з першых месцаў у Кітаі, дзе пачалася вытворчасць унікальнай чырвона-зялёнай керамікі. Археалагічныя раскопкі пацвярджаюць, што больш за 1000 гадоў таму, у часы дынастыі Сун (960-1127 гг.), тут размяшчаўся найбуйнейшы цэнтр вытворчасці керамікі ў паўднёва-ўсходняй частцы Шаньсі.

Нягледзячы на багатую гісторыю, гэтае рамяство ледзь не знікла ў апошнія дзесяцігоддзі з-за высокага кошту і складанасці вытворчасці. Адраджэнне пачалося ў 2012 годзе дзякуючы намаганням Лі Цзяньпіна, патомнага майстра, чый дзед працаваў на старажытнай печы. Ён заснаваў культурную кампанію і сабраў групу спецыялістаў для аднаўлення страчаных тэхналогій.

Пасля шматгадовых эксперыментаў Лі Цзяньпіну і яго сыну Лі Яміню ўдалося не толькі ўзнавіць традыцыйную тэхналогію, якая ўключае 72 вытворчыя этапы, але і ўдасканаліць яе. Супрацоўніцтва з вядучымі мастацкімі ВНУ дапамагло вырашыць праблемы з якасцю матэрыялаў і насычанасцю фарбаў, а таксама палепшыць дызайн.

Сёння асартымент керамічных тавараў, якія выпускаюцца кампаніяй Лі Цзяньпіна, уключае больш за 300 відаў вырабаў — ад традыцыйных кубкаў да сучасных прадметаў інтэр’еру. «Для вытворчасці тавараў паўсядзённага прызначэння мы выкарыстоўваем новыя матэрыялы, распрацаваныя намі. Яны абпальваюцца пры тэмпературы звыш 1300 градусаў, што робіць іх лягчэй і танчэй за традыцыйныя матэрыялы, пры гэтым яны не дэфармуюцца і лёгка чысцяцца», — распавёў Лі Ямін.

У вёсцы Хунлюйцай, размешчанай за два кіламетры ад гістарычнай печы, Лі Цзяньпінам адкрыты музей, дзе прадстаўлена больш за 600 старажытных экспанатаў і тысячы сучасных вырабаў. Установа штогод прымае тысячы турыстаў, прапануючы экскурсіі і майстар-класы.

Лі Ямін упэўнены, што мастацтва павінна быць часткай паўсядзённага жыцця, толькі так можна забяспечыць яго захаванне. Па меркаванні майстра, вядомасць чырвона-зялёнай керамікі прадаўжае пашырацца, яна карыстаецца папулярнасцю як сярод кітайскіх, так і замежных аматараў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю