Кожная з іх уяўляе сабой чароўную прастору з казачнымі гісторыямі, у якіх мудрасць і дабрыня герояў наглядна дэманструюць чытачам важныя аўтарскія пасылы пра наша жыццё і яго шматграннасць. Там любая сітуацыя і ўчынак — гэта вынік, абумоўлены выбарам і досведам дзеючых асоб. І каб навучыцца чамусьці новаму, так важна паглядзець на свет вачыма іншага.
Прыгоды павучка Шушы
Аднайменная кніга аўтара Сяргея Клімковіча адкрывае перад чытачамі чароўны свет суіснавання чалавека і жывых істот, якія знаходзяцца побач. За чытаннем казкі мы не толькі пражываем разам з героямі безліч цікавых прыгод, але і многаму вучымся. У гэтым цудоўным творы ёсць галоўны герой — маленькі павучок Шуша, які па волі лёсу застаўся без даху над галавой. Але аднойчы восеньскі лісцік прынёс яго праз акенца ў дом дзеда Трафіма. «Увесь палёт павучок правёў з заплюшчанымі вачыма, моцна прыціскаючы да сябе сваю маленькую дарожную валізку, з якой ён ні на хвіліну не расставаўся. Калі лісцік прызямліўся, Шуша ніяк не адважваўся расплюшчыць вочы. Ён баяўся, што патрапіў у новую непрыемную сітуацыю, і таму не жадаў яе бачыць. Але, урэшце, вочы павучку Шушу прыйшлося расплюшчыць. Што ні кажы, а жыць з заплюшчанымі вачыма нельга, праўда? Можна прапусціць шмат цікавага». Гэта і адбылося з нашым героем, калі ён знайшоў для сябе не толькі зручную хатку (у гадзінніку з зязюляй), але і новых сяброў (муху Жужу, прусачка Гошу, моль Піпу і мышку Машу). Тады і пачаліся шматлікія прыгоды гэтай кампаніі...
Мара пчолкі Эві
Казка Марыны Бялясавай «Калядная мара пчолкі Эві» — гэта не проста гісторыя ў святочны час. Адзін з важных пасылаў кнігі ў тым, што часта для таго, каб здзейсніць жаданае, трэба проста зрабіць першы крок у вызначаным кірунку. Напрыклад, агучыць сваю мару ці напісаць пра яе Дзеду Марозу. Адметна, што пад адной вокладкай чытач атрымлівае казачны аповед на дзвюх мовах (карысна, калі вы пачынаеце рана вучыць з дзіцем англійскую мову), а бонусам там змешчаны парады бацькам па чытанні казкі і нават ёсць старонкі з гульнямі. І, вядома, з задавальненнем і малыя, і дарослыя будуць разглядаць у кнізе ілюстрацыі Наталлі Філіповіч.
Алена ДРАПКО