Top.Mail.Ru
66

У прыярытэце — атрымальнікі. Аб ключавых новаўвядзеннях у лізінгавай дзейнасці ў Беларусі расказалі ў Нацбанку

Начальнік упраўлення метадалогіі нябанкаўскіх і інвестыцыйных аперацый галоўнага ўпраўлення рэгулявання некрэдытных фінансавых арганізацый і інвестыцыйных аперацый Нацыянальнага банка Аляксандр Дзядкоў пракаменціраваў падпісаны 16 сакавіка кіраўніком дзяржавы закон «Аб лізінгавай дзейнасці», паведамляе БелТА.


Работа над праектам, які цяпер стаў законам, пачалася яшчэ ў 2021 годзе, расказаў Аляксандр Дзядкоў. Такі працяглы тэрмін распрацоўкі быў абумоўлены імкненнем максімальна поўна ахапіць усе аспекты рэгулявання лізінгавай дзейнасці і забяспечыць баланс інтарэсаў лізінгаатрымальнікаў, лізінгадаўцаў і дзяржавы.

«Пры гэтым у прыярытэце заўсёды заставаліся лізінгаатрымальнікі, асабліва фізічныя асобы, і пры распрацоўцы мы кіраваліся прынцыпам справядлівасці ў адносінах да грамадзян», — падкрэсліў ён.

На нарадзе Прэзідэнта з банкаўскай супольнасцю, праведзенай у мінулым годзе, былі дадзены даручэнні ў частцы рэгулявання лізінгавай дзейнасці, якія знайшлі адлюстраванне ў новым законе. «Дакумент мае выразную сацыяльную накіраванасць, абараняючы правы і законныя інтарэсы грамадзян. У прыватнасці, прадугледжана зніжэнне максімальнай даўгавой нагрузкі па дагаворах лізінгу ў два разы ў частцы плацяжоў. Цяпер даход лізінгадаўцы не можа складаць больш за палавіну кошту прадмета лізінгу па дагаворах тэрмінам да аднаго года і не больш за поўны кошт прадмета па дагаворах тэрмінам звыш аднаго года, але не больш за дзесяць гадоў», — звярнуў увагу начальнік упраўлення.

Важнае змяненне — невыкананне лізінгаатрымальнікам абавязку па выплаце плацяжоў не больш за тры разы не з’яўляецца падставай для скасавання дагавора.

Таксама ў законе прадугледжана абмежаванне максімальнага памеру няўстойкі і штрафаў, якія не могуць перавышаць палавіну кошту прадмета лізінгу.

Акрамя таго, устаноўлена забарона на спагнанне любых іншых плацяжоў акрамя лізінгавых, выкупнога кошту і законна налічаных пеняў, штрафаў і няўстоек. «Ніякія дадатковыя камісіі або ўзнагароджанні спаганяцца не могуць. Гэта будзе забяспечваць абарону маёмасных інтарэсаў грамадзян», — растлумачыў ён.

Па аналогіі з законам аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы, у закон аб лізінгавай дзейнасці ўключана палажэнне аб цяжкіх жыццёвых сітуацыях. «Чалавек можа звярнуцца да лізінгадаўцы з ініцыятывай унясення змяненняў у графік плацяжоў для атрымання адтэрміноўкі, а лізінгадаўца абавязаны разгледзець гэту прапанову. Мы лічым, што прыняты закон максімальна забяспечыць абарону правоў грамадзян і павысіць эфектыўнасць лізінгу як інструмента, карыснага не толькі для насельніцтва, але і для прадпрыемстваў», — падкрэсліў Аляксандр Дзядкоў.

У дакуменце ёсць шэраг навацый, якія дадуць магчымасць развіваць лізінг і для бізнесу. «Па прыкладзе Казахстана і Кыргызстана мы прадугледзелі магчымасць другаснага лізінгу. Прадмет лізінгу, вернуты лізінгадаўцу па тых або іншых прычынах, можа быць паўторна перададзены ў лізінг фізічнай або юрыдычнай асобе. Мы спадзяёмся, што гэта стане стымулам для развіцця аператыўнага лізінгу і дасць магчымасць кліентам атрымліваць неабходную маёмасць на выгадных умовах», — расказаў начальнік упраўлення.

Закон з’яўляецца комплексным і аб’ядноўвае ўсе нарматыўна-прававыя акты, якія раней рэгулявалі гэту сферу. «Цяпер у нас ёсць адзіны маштабны дакумент, накіраваны на комплекснае рэгуляванне лізінгавай дзейнасці. Ён уступае ў сілу праз адзін год, і гэты час дадзены на прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з новымі нормамі. Мы будзем максімальна аператыўна ва ўзаемадзеянні з лізінгавай супольнасцю распрацоўваць і прымаць неабходныя нарматыўна-прававыя акты, каб да даты ўступлення закона ў сілу прававое поле было поўнасцю абноўлена», — падзяліўся планамі ён.

Асобна Аляксандр Дзядкоў адзначыў, што закон прадугледжвае дадатковыя паўнамоцтвы Нацыянальнага банка па рэгуляванні лізінгавай дзейнасці. «У прыватнасці, у нас замацоўваюцца паўнамоцтвы ўстанаўліваць максімальны памер узнагароджання лізінгадаўцы і патрабаванні да сістэмы кіравання рызыкамі, што павысіць празрыстасць і надзейнасць арганізацый. Таксама Нацбанк атрымае права ўстанаўліваць патрабаванні да карпаратыўнага кіравання для некаторых арганізацый, напрыклад, буйнейшых лізінгавых кампаній або тых, хто працуе з фізічнымі асобамі», — заўважыў ён.

Усе гэтыя меры накіраваны на паляпшэнне работы лізінгавых арганізацый і ўмацаванне іх статусу на рынку, упэўнены Аляксандр Дзядкоў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю