Top.Mail.Ru

У прыярытэце — бяспека i эканомiка

Тэма паглыблення саюзнай iнтэграцыi ў чацвер гучала падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкi з намеснiкам дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым. Рашэннем кiраўнiкоў Беларусi i Расii ён зменiць Дзмiтрыя Мезенцава на гэтай адказнай пасадзе. Па словах Прэзiдэнта, ад новага дзяржсакратара, а таксама людзей, якiя будуць працаваць у апараце саюзнага будаўнiцтва, будзе многае залежаць. Падчас размовы кiраўнiк дзяржавы звярнуў увагу на тое, што рух да больш цеснага беларуска-расiйскага саюза павiнен грунтавацца найперш на эканомiцы.


У размове з журналiстамi прэс-сакратар Прэзiдэнта Расiйскай Федэрацыi Дзмiтрый Пяскоў адзначыў, што Саюзная дзяржава развiваецца, прычым развiваецца планамерна, паступальна. «Гэта самая дасканалая форма iнтэграцыi на тэрыторыi былога Савецкага Саюза, — падкрэслiў ён. — Безумоўна, яна прыносiць выгаду народам дзвюх краiн — народам Расii i Беларусi. Што датычыцца кадравых змяненняў: iдзе ратацыйны працэс, гэта таксама натуральна».

Акрамя таго, Дзмiтрый Пяскоў адзначыў, што Саюзная дзяржава не iснуе ў вакууме, а з’яўляецца, нягледзячы на ўсе вядомыя незаконныя абмежаваннi, якiя былi ўведзены ў адносiнах да дзвюх краiн, складальнай часткай сусветнага эканамiчнага працэсу. «Таму, вядома, адчувае на сабе ўплыў тых тэндэнцый, якiя дамiнуюць у свеце або тых турбуленцый, якiя мы назiраем цяпер», — сказаў ён.

Намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па правах чалавека, нацыянальных адносiнах i сродках масавай iнфармацыi Iрына Даўгала звярнула ўвагу на адзiн з асноўных пасылаў кiраўнiка дзяржавы падчас сустрэчы з Сяргеем Глазьевым — нам не быць i не iснаваць, калi не будзе адзiнай сiстэмы ўзаемадзеяння. Парламентарый заўважыла, што гэта нармальна, калi на такой важнай пасадзе адбываюцца кадравыя змены. «Аднак нязменным застаецца галоўнае — развiццё саюзнай iнтэграцыi, — падкрэслiла яна. — У прыярытэце i для Беларусi, i для Расii — бяспека i эканомiка. Асаблiва гэта актуальна ў непрадказальнай геапалiтычнай абстаноўцы, якая пастаянна мяняецца. Развiццё Саюзнай дзяржавы iдзе iнтэнсiўна. Як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Санкцыi, якiя ўвялi супраць Беларусi i Расii — гэта надоўга, а таму гэта неабходна ўлiчваць як у вырашэннi пытанняў эканомiкi, так i бяспекi. Кiраўнiк дзяржавы не выпадкова неаднаразова звяртаў увагу на неабходнасць выпрацоўкi эканамiчнага плана з апорай на ўласныя сiлы. Гэта значыць, што перад нашымi краiнамi стаiць задача — не толькi па пошуку, але i ўстанаўленнi, а таксама развiццi эканамiчных адносiн з дзяржавамi, якiя гатовы з намi супрацоўнiчаць на роўных».

Па словах дэпутата, многае за гады iнтэграцыi зроблена. «28 саюзных праграм — не мяжа, — лiчыць Iрына Даўгала. — Нам жыццёва неабходна iнтэнсiўна i рэзультатыўна развiваць сумесную прамысловую кааперацыю, даваць максiмальную магчымасць узаемнаму развiццю тавараабароту, лагiстычнай iнфраструктуры, мiкраэлектронiкi, космасу, iнфармацыйнага асяроддзя. Акрамя таго, iнфармацыйная тэма мае пэўнае развiццё: да пытанняў арганiзацыi саюзнага медыяхолдынга неабходна падыходзiць прадметна. Складана, калi не сказаць немагчыма, як Беларусi, так i Расii развiвацца, калi не гарантаваць бяспеку. I тут зноў — адзiныя задачы. Вядома ж, мы не можам моўчкi назiраць, як каля нашых межаў, нiбы хмары, канцэнтруюцца войскi НАТА. А значыць, умацаванню ваенна-тэхнiчнага партнёрства памiж Масквой i Мiнскам будзе нададзена асаблiвая ўвага».

Парламентарый выказала перакананасць, што запэўненнi Сяргея Глазьева аб захаваннi i развiццi роўных умоў гаспадарання, роўных правоў грамадзян, агульных механiзмаў развiцця нашых краiн толькi пацвярджаюць непахiснасць iдэй i мэт Саюзнай дзяржавы. «А мы на тое i Саюзная дзяржава, каб разам умацоўваць i абараняць свае межы», — падкрэслiла яна.

Прызначэнне Сяргея Глазьева Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Беларусi i Расii член Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па заканадаўстве i дзяржаўным будаўнiцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людмiла Сапега называе вельмi важным. «Сяргей Глазьеў даўно i добра вядомы як мудры дзяржаўны дзеяч i дасведчаны эканамiст, — канкрэтызавала сенатар. — Ён таксама займае цвёрдую пазiцыю па ўмацаваннi сяброўскiх эканамiчных, палiтычных, культурных i iншых сувязяў памiж нашымi народамi як у рамках Саюзнай дзяржавы, так i ў цэлым ЕАЭС. Не выпадкова на працягу сямі гадоў ён займаў пасаду дарадцы Прэзiдэнта Расiйскай Федэрацыi па каардынацыi работы федэральных органаў выканаўчай улады па гэтым напрамку. Прызначэнне на такую адказную пасаду чалавека, якi мае цвёрдую палiтычную пазiцыю, якi валодае шырокiмi эканамiчнымi ведамi i не раз пацвердзiў сваё ўменне знаходзiць кампрамiс па самых вострых пытаннях, дае магчымасць спадзявацца, што iнтэграцыйная работа па ўмацаваннi Саюзнай дзяржавы атрымае новы магутны iмпульс».

Член Пастаяннай камiсii па мiжнародных справах Палаты прадстаўнiкоў Павел Папко адзначыў, што ўнiкальнасць Саюзнай дзяржавы як iнтэграцыйнага аб’яднання ў тым, што яна кансалiдуе краiны, блiзкiя эканамiчна i каштоўнасна. «25 гадоў — гэта даволi невялiкi шлях для эканамiчных, палiтычных саюзаў, — лiчыць дэпутат. — Сусветная практыка паказвае, што iнтэграцыя краiн патрабуе шмат часу, мноства розных працэдур узгадненняў, краiнам даводзiцца пераадольваць нямала бар’ераў. Але нам удалося за кароткi па мерках гiсторыi час пабудаваць моцны саюз. У першую чаргу, дзякуючы асобам двух прэзiдэнтаў, iх асабiстаму ўкладу ў гэтыя працэсы».

Павел Папко падкрэслiў, што Саюзная дзяржава — гэта прыклад роўнай канкурэнцыi, збалансаваных эканамiчных адносiн. «Беларусь — прагрэсiўная, тэхналагiчна развiтая краiна, мы захавалi найлепшыя навуковыя i вытворчыя школы, — канстатаваў ён. — Па многiх пазiцыях нашы расiйскiя партнёры зацiкаўлены ў беларускiх тэхналогiях, i з выкарыстаннем расiйскiх рэсурсаў мы атрымлiваем якасную прадукцыю. Мы не прымакi ў гэтым саюзе. Беларусы i расiяне — раўнацэнныя паўнапраўныя партнёры, якiя разам вырашаюць стратэгiчныя задачы Саюзнай дзяржавы i тым самым паказваюць прыклад саюзнай iнтэграцыi для ўстойлiвага развiцця i паляпшэння якасцi жыцця народаў дзвюх краiн».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю