У аўторак, 23 снежня, у Пухавіцкім раёне адбылося пасяджэнне савета старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме. Мерапрыемства, падчас якога старэйшыны наведалі знакавыя аб’екты Пухавіччыны, было прымеркавана да старту рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы», якая накіравана на падтрымку і ўвагу да старэйшага пакалення.
«Той, хто забудзе сваё мінулае, застанецца без будучыні»
Першым пунктам на маршруце стаў аграгарадок Дукора, дзе прадстаўнікі савета старэйшын, у склад якога ўваходзяць 25 заслужаных жыхароў цэнтральнага рэгіёна, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё Мінскай вобласці і краіны ў цэлым, усклалі кветкі да помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць 263 чалавек, чые імёны назаўсёды засталіся ў гісторыі роднага краю. Яны загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе — 16 партызан, а таксама воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія аддалі свае жыцці ў вайне ў Афганістане. Такія акцыі дапамагаюць умацаваць пачуццё павагі да мінулага і перадаць разуменне цяжкіх выпрабаванняў, праз якія прайшоў беларускі народ.
Мемарыяльны комплекс у Дукоры — не проста манумент: ён з’яўляецца важным пунктам гістарычнай памяці Пухавіцкага раёна. У гады вайны населены пункт і навакольныя землі перажылі акупацыю, гвалт і знішчэнне мірных жыхароў. Гэтыя трагічныя падзеі застаюцца часткай калектыўнай памяці жыхароў рэгіёна і адзначаны на мемарыяльных дошках.
— Большасць прадстаўнікоў сённяшняй дэлегацыі — гэта людзі, якія прайшлі розныя этапы жыцця. У нас свае недахопы і памылкі, але вось гэтую зямлю партызанскую, мы яе памятаем і шануем. Той, хто забудзе сваё мінулае, застанецца без будучыні. У Дукоры нарадзіўся першы Прэм’ер-міністр нашай краіны Аляксандр Чарвякоў, тут была партызанская зона, і сёння тут жывуць многія таленавітыя і выдатныя людзі. Дукора заўсёды славілася высокай культурай, парадкам і арганізаванасцю. І гаспадарка тут выдатная з добрымі паказчыкамі, — лічыць экс-губернатар Мінскай вобласці, палкоўнік танкавых войскаў, кандыдат тэхнічных навук, акадэмік чатырох акадэмій, вынаходнік Пётр Петух.

«Выдатна, што ў нас у раёнах, у пасёлках ёсць бальніцы такога ўзроўню»
Затым члены савета старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме наведалі пасёлак Дружны Пухавіцкага раёна. Тут у рамках рэалізацыі інвестпраграмы Мінскай вобласці сёлета ўведзены ў эксплуатацыю сацыяльна значны аб’ект — новы паліклінічны корпус, дзякуючы якому не толькі пашырыўся ложкавы фонд аддзяленняў, але і з’явіліся дадатковыя тэхнічныя магчымасці для правядзення медыцынскіх даследаванняў.
Галоўны ўрач Мар’інагорскай ЦРБ Вячаслаў Урбан коратка азнаёміў дэлегацыю з сістэмай аховы здароўя Пухавіцкага раёна. Паводле яго слоў, у Дружным пражываюць амаль 10 тысяч чалавек, з іх 2,5 тысячы — дзеці.
— У цэлым зона абслугоўвання паліклінікі налічвае амаль 30 тысяч чалавек з самага пасёлка і навакольных населеных пунктаў. Таму і было прынята рашэнне менавіта тут развіваць медыцынскую інфраструктуру, — адзначыў галоўны ўрач.
Да будаўніцтва ўстановы прыступілі ў 2023 годзе, адкрыццё адбылося ў кастрычніку 2025-га. Абышоўся аб’ект у 33,5 мільёна рублёў, з якіх 4,5 мільёна было выдзелена на набыццё новага абсталявання для кабінетаў рэнтгендыягностыкі, эндаскапічнага, УГД і іншых, а таксама лабараторыі. Сучасны чатырохпавярховы будынак стаў часткай інвестыцыйнай праграмы Мінскай вобласці і важным крокам па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы аховы здароўя рэгіёна.
Дарэчы, новы корпус пабудаваны на месцы раней незавершанага аб’екта і разлічаны на 80 ложкаў. Яго агульная плошча складае 6,7 тысячы квадратных метраў. Установа ўвайшла ў структуру Мар’інагорскай ЦРБ на правах філіяла і ўжо сёння значна пашырае магчымасці аказання медыцынскай дапамогі жыхарам пасёлка і бліжэйшых населеных пунктаў.
Бальніца абсталявана дыягнастычнымі і лячэбнымі кабінетамі, стацыянарам, сучаснай медтэхнікай: лічбавымі рэнтген- і эндаскапічнымі комплексамі, апаратамі ШВЛ, УГД, ЭКГ і іншай. Новы корпус злучаны з паліклінікай надземным пераходам, што забяспечвае зручнасць і бяспеку перамяшчэння пацыентаў і персаналу. На першым паверсе размешчаны прыёмна-дыягнастычнае аддзяленне і кабінеты абследаванняў, на верхніх паверхах — тэрапеўтычнае аддзяленне, палаты інтэнсіўнай тэрапіі, памяшканні для адпачынку пацыентаў і працы медыцынскіх работнікаў.
Адкрыццё і ўвод у эксплуатацыю новага лячэбнага корпуса дазваляе знізіць нагрузку на раённыя медыцынскія ўстановы, павысіць даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі, асабліва для жыхароў аддаленых населеных пунктаў Пухавіцкага раёна. Такім чынам члены савета старэйшын пераканаліся, што развіццю аховы здароўя ў рэгіёне надаецца прыярытэтная ўвага, а рэалізацыя падобных праектаў напрамую ўплывае на якасць жыцця насельніцтва Пухавіцкага раёна.
— Вельмі камфортна, выдатная бальніца, дзе ўсё вельмі прыгожа, але лепш не хварэць, каб не хадзіць сюды і не выкарыстоўваць усю гэтую прыгажосць. Але выдатна, што ў нас у раёнах, у пасёлках ёсць бальніцы такога ўзроўню, — кажа прадстаўніца дэлегацыі, вядомая беларуская актрыса, народная і заслужаная артыстка БССР Марыя Захарэвіч.
Усё пачынаецца са збожжа
Сур’ёзны імпульс развіццю эканомікі вобласці і краіны ў цэлым надало адкрыццё ў 2022 годзе на тэрыторыі Пухавіцкага раёна ўнікальнага прадпрыемства, з якога пачалося развіццё новай для Беларусі біятэхналагічнай галіны, — ЗАТ «БНБК», дзе наладжана глыбокая перапрацоўка збожжа, з якога вырабляюцца не толькі розныя віды камбікармоў для розных груп жывёл і рыбы, прэміксаў, але і тры віды амінакіслот. Гэта дазволіла стварыць экспартна арыентаваную прадукцыю, на якую існуе попыт ва ўсім свеце, а таксама сысці ад імпарту. З работай гэтага перадавога прадпрыемства таксама азнаёмілася дэлегацыя савета старэйшын.
Генеральны дырэктар прадпрыемства Сяргей Ложачнік адзначыў, што ў ЗАТ «БНБК» працуюць больш за 1,8 тысячы чалавек, каля паловы з іх — жыхары Пухавіцкага раёна. Для дастаўкі работнікаў маюцца ў наяўнасці 14 аўтобусаў.
У 2026 годзе прадпрыемства плануе пашырыць лінейку прадукцыі за кошт выпуску трох новых амінакіслот — валіну, лейцыну і ізалейцыну. Гаворка ідзе аб прадукцыі харчовага прызначэння, арыентаванай у тым ліку на спажыванне чалавекам, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці прадпрыемства Аляксандр Більдзюкевіч. Паводле яго слоў, сёння БНБК выпускае каля 70 тысяч тон амінакіслот у год, а з улікам усёй біятэхналагічнай прадукцыі — каля 90 тысяч тон. У вытворчай лінейцы ўжо прадстаўлены лізін (у тым ліку ў форме монагідрахларыду), трэанін, трыптафан і шэраг іншых прадуктаў.
— Каля 80% гэтай прадукцыі пастаўляецца на экспарт, і такая экспартная арыентацыя, як чакаецца, захаваецца і ў новых праектах, — падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці БНБК.
Паралельна прадпрыемства актыўна развівае напрамак высокаачышчаных амінакіслот харчовага і фармацэўтычнага стандарту. У 2025 годзе Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя асвоіла даачыстку лізіну, трэаніну і трыптафану да ўзроўняў, якія адпавядаюць патрабаванням фармакапеі, што адкрывае магчымасці для іх выкарыстання ў вытворчасці спартыўнага харчавання і харчовых дабавак. Пры гэтым у кампаніі падкрэсліваюць, што ключавыя інавацыі сёння сканцэнтраваны не толькі ў «базавых» амінакіслотах, але і ў сферы кармоў, прэміксаў і рашэнняў для аквакультуры.
— БНБК робіць стаўку на развіццё кармоў для рыбаводства, у тым ліку з арыентацыяй на беларускія гаспадаркі. Мы бярэм ужо ў сваё кіраванне некалькі рыбгасаў і паспрабуем сваімі кармамі палепшыць эканамічную эфектыўнасць вытворчасці таварнай рыбы для насельніцтва, — падкрэсліў Аляксандр Більдзюкевіч.
Нагадаем, ЗАТ «БНБК» спецыялізуецца на глыбокай перапрацоўцы збожжа і выпуску высокатэхналагічнай прадукцыі для аграпрамысловага комплексу Беларусі. Сярод асноўных напрамкаў — вытворчасць амінакіслот і кармавых дабавак, прэміксаў і камбікармоў для жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі і аквакультуры. Таксама прадпрыемства выпускае пабочную прадукцыю перапрацоўкі збожжа, якая выкарыстоўваецца як кармавая сыравіна і ўгнаенні, што дазваляе выбудоўваць практычна безадходную вытворчасць і адпавядаць сучасным экалагічным стандартам.

«Шмат у чым яны для нас з’яўляюцца прыкладам»
На базе прадпрыемства адбылася сустрэча старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнкі з членамі савета старэйшын, многія з якіх з’яўляюцца ганаровымі грамадзянамі Мінскай вобласці. Удзельнікі сустрэчы не хавалі захапленняў ад убачанага: «Фантастыка! Прадпрыемства ўнікальнае! Гэта адзін з драйвераў нашай эканомікі», — такія ацэнкі далі старэйшыны пасля агляднай экскурсіі па БНБК.
Тут велізарнае поле работы для беларускіх мікрабіёлагаў, здольнае падштурхнуць навукоўцаў да новых адкрыццяў. Дарэчы, Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя сёння шчыльна супрацоўнічае з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.
Акрамя таго, прайшоў паказ фільма аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінскай вобласці за мінулы год, у якім адлюстраваны галоўныя дасягненні і поспехі рэгіёна, рэалізаваныя праекты і прыярытэтныя напрамкі далейшай работы. Прадстаўнікі старэйшага пакалення далі свае экспертныя ацэнкі і вылучылі цікавыя прапановы, як зрабіць праграму развіцця Міншчыны яшчэ больш эфектыўнай. Адзін з прадстаўнікоў савета старэйшын расказаў, што гатовы падзяліцца сваёй канцэпцыяй па вытворчасці арганічных зялёных прадуктаў і гэта выклікала цікавасць у кіраўніка Мінскай вобласці.
Размаўляючы з прадстаўнікамі савета старэйшын, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка падкрэсліў, што гэтая сустрэча сімвалічна прымеркавана да пачатку рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы», а таксама нагадаў, з якімі вынікамі Мінская вобласць завяршае адыходзячы год. Гэта і рэкордная ўраджайнасць збожжавых у 50 ц/га, і ўпершыню ў гісторыі 35 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву, закладзеных да зімоўкі, і небывалы ўраджай у 2 мільёны тон цукровых буракоў, а таксама атрыманы надой малака ад адной каровы ў 7 тысяч тон.
— Да канца года ўвядзём у строй каля 1,3 мільёна квадратных метраў жылля, стаўшы абсалютным лідарам у краіне. Таксама мы рэалізавалі сёлета 29 праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Іх удалося рэалізаваць у кожным раёне цэнтральнага рэгіёна, дзе з’явіліся такія пункты росту. Гэта работа будзе прадоўжана ў наступнай пяцігодцы ў рамках праграмы «Рэгіянальная ініцыятыва», — расказаў губернатар Міншчыны.
Адным з галоўных пытанняў стала абмеркаванне праекта новага палажэння Аб савеце старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме. Удзельнікі сустрэчы ўнеслі свае прапановы па ўдасканаленні дзейнасці савета і павышэнні яго ролі ў грамадскім жыцці рэгіёна.
Акрамя таго, на пасяджэнні быў выбраны старшыня савета старэйшын Мінскай вобласці, якім стаў Уладзімір Дражын.
— Нам вельмі прыемна, што цэнтральны рэгіён сёлета зрабіў асаблівы ўклад у развіццё эканомікі Беларусі. Прыемна, што ўсе галіны выканалі сваю работу на высокім узроўні, і савету старэйшын хацелася б павіншаваць усіх удзельнікаў працэсу з гэтым вынікам. Для нас вельмі важна, каб і далейшыя крокі ў развіцці эканомікі, сацыяльна-палітычнага жыцця Мінскай вобласці былі выніковымі. Савет старэйшын у 2025 годзе таксама выканаў сваю работу, а звязана яна была перш за ўсё з працоўнымі калектывамі, якія вырашалі найважнейшыя эканамічныя задачы. У нашым складзе — прадстаўнікі ўсіх сфер дзяржкіравання, сацыяльнага развіцця, якія маюць вялікі вопыт. І важна, што ў нашай рабоце была магчымасць перадаць свой вопыт і навыкі, якія былі набыты падчас службы роднай дзяржаве, — паведаміў Уладзімір Дражын.
— Хацелася б ад усёй душы падзякаваць вам за працу на карысць нашага рэгіёна і краіны. Размаўляючы з вамі, зараджаешся энергетыкай любові да Радзімы, людзей, працы. Жадаю вам моцнага здароўя, няхай спраўджваюцца ўсе вашы планы, надзеі. Я бачу, як вы суперажываеце ўсім працэсам, якія адбываюцца ў Мінскай вобласці, і ўсе, хто працуе на яе карысць, адчуваюць вашу падтрымку, — адзначыў Аляксей Кушнарэнка, віншуючы старэйшын з надыходзячымі святамі і ўручаючы падарункі.
У размове з журналістамі кіраўнік цэнтральнага рэгіёна падкрэсліў, што савет старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме — гэта не фармальнасць і не традыцыя «для галачкі». Гэта людзі, якія ўжо праходзілі складаныя павароты, бачылі наступствы рашэнняў і ведаюць, як не наступаць на тыя ж граблі.
— Сімвалічна, што ў дзень старту рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» мы правялі чарговую сустрэчу з саветам старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме. У апошні раз мы дамовіліся аб тым, што будзем рэгулярна сустракацца, прычым будзем рабіць гэта на знакавых аб’ектах Мінскай вобласці. Напрыклад, мы наведалі ўнікальнае прадпрыемства БНБК у Пухавіцкім раёне, — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. — Акрамя таго, мы зацвердзілі Палажэнне аб савеце старэйшын і выбралі старшыню. Ім стаў Уладзімір Несцеравіч Дражын — паважаны чалавек, які працаваў на высокіх дзяржаўных пасадах як цэнтральнага рэгіёна, так і Рэспублікі Беларусь.

Калі побач ёсць такі вопыт — прасцей прымаць узважаныя рашэнні, знаходзіць баланс і рухацца наперад без лішніх памылак. Старэйшыны дапамагаюць не толькі парадай, але і аўтарытэтам: іх словам давяраюць, да іх меркавання прыслухоўваюцца. Сувязь пакаленняў — гэта не пафасная фраза. Гэта рэальны рэсурс, які дапамагае грамадству развівацца хутчэй і ўстойлівей. Таму што будучыня заўсёды мацней, калі абапіраецца на вопыт.
— Мы будзем актыўна ўзаемадзейнічаць, разам рэалізоўваць ініцыятывы, накіраваныя на развіццё Мінскай вобласці. А наогул, павінен сказаць, што гэтыя людзі мяне захапляюць, іх вочы і вялікія сэрцы, і жаданне быць карыснымі краіне — шмат у чым яны для нас з’яўляюцца прыкладам, — рэзюмаваў губернатар.
— Сёння старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка расказаў аб выніках работы Мінскай вобласці за 2025 год. Мы рады, што сталічны рэгіён і сёлета ўнёс важкі ўклад у развіццё эканомікі Беларусі. Прыемна адзначыць, што ўсе галіны: прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, будаўніцтва, а таксама сацыяльная сфера — спрацавалі на вельмі высокім узроўні, — адзначыў старшыня савета старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме, экс-дыпламат Уладзімір Дражын.
Паводле яго слоў, вельмі важна, каб і далейшыя крокі ў развіцці эканомікі, сацыяльнай палітыкі Мінскай вобласці былі выніковымі. Савет старэйшын актыўна працаваў на тэрыторыі Мінскай вобласці, удзельнічаючы ва ўсіх ключавых мерапрыемствах.
— У цэнтры ўвагі былі працоўныя калектывы, якія вырашалі найважнейшыя задачы сацыяльна-эканамічнага развіцця сталічнага рэгіёна. У склад савета ўваходзяць прадстаўнікі розных сфер — дзяржаўнага кіравання, сацыяльнай палітыкі, эканомікі. Усе яны валодаюць сур’ёзным жыццёвым і прафесійным досведам. Галоўнае ў нашай рабоце — магчымасць перадаць гэты досвед і навыкі, набытыя за гады служэння роднай дзяржаве, маладому пакаленню і працоўным калектывам, — падагульніў старшыня савета старэйшын.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота аўтара.
Пухавіцкі раён.