Top.Mail.Ru

У «Раўбічах» праходзяць міжнародныя спаборніцтвы па біятлоне «Кубак мацнейшых»

Героі тыдня. У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту стартавалі міжнародныя спаборніцтвы па біятлоне «Кубак мацнейшых». З першых дзён турніру клас паказваюць і беларускія біятланісты. Дзінара Смольская заваявала сярэбраны медаль у спрынтарскай гонцы, у гонцы праследавання. Антон Смольскі выйграў спрынт. Яшчэ адзін беларускі спартсмен Ілья Аўсеенка стаў бронзавым прызёрам гэтай гонкі. Першым Антон Смольскі фінішыраваў і ў гонцы праследавання. Беларус Сцяпан Данілаў — на трэцім месцы.


Аб’ява тыдня. Спаборніцтвы летняга Кубка наймацнейшых спартсменаў Беларусі і Расіі пройдуць з мая да жніўня 2025 года. Плануецца, што турніры адбудуцца па 15 відах спорту і будуць мець адкрыты фармат. Аб гэтым стала вядома па выніках сумеснай калегіі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Міністэрства спорту Расійскай Федэрацыі, якая прайшла ў Мінску. «Мы не маем намеру самаізалявацца і хочам як мага хутчэй вярнуцца на сусветную арэну», — падкрэсліў міністр спорту, прэзідэнт алімпійскага камітэта Расіі Міхаіл Дзегцяроў. Па словах міністра спорту Беларусі Сяргея Кавальчука, зараз назіраецца пэўнае пацяпленне з боку міжнародных спартыўных структур. «Цяпер беларусы дапушчаны да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах па болей як 30 відах спорту, спадзяёмся, што далей будзе больш», — сказаў ён.

Лічба тыдня. 25 медалёў заваявалі беларусы на міжнародным турніры Гран-пры па вольнай барацьбе памяці трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя. На турнір у Мінск прыехалі больш за 300 барцоў з 12 краін. Пераможцамі спаборніцтваў сталі Валерыя Мікіціч (да 53 кг), Вераніка Іванова (да 62 кг), Аляксандр Гуштын (да 97 кг), Наталля Варакіна (да 50 кг), Ірына Курачкіна (да 57 кг), Алеся Гетманава (да 59 кг) і Ксенія Цярэня (да 65 кг), Дзяніс Храмянкоў (да 125 кг). Таксама беларускія спартсмены заваявалі шэсць сярэбраных і адзінаццаць бронзавых медалёў.

Турнір тыдня. У Магілёве прайшоў адкрыты чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы. Лепшымі на дыстанцыі 200 метраў сталі Андрэй Лукін (РФ) і Яніна Луцэнка, на 800 метраў — Вячаслаў Скудны і Таццяна Шабанава, на 3000 метраў — Павел Небыт і Іна Новік. Лепшы трайны скачок паказалі Максім Несцярэнка і Дар’я Нідбайкіна (РФ). У сектары для скачкоў з шастом лепшай была Ірына Жук. А самы выдатны скачок у вышыню паказаў Ілья Іванюк (РФ). У мужчынскай эстафеце 4×400 метраў перамогу атрымала каманда Гомельскай вобласці, у гэтым жа відзе сярод жанчын лепшы вынік паказалі дзяўчаты з Расіі.

Каманды тыдня. У Мінску завяршыўся зімовы турнір Palova-Snowball па баскетболе 3×3 імя Мікалая Ермашова. 

У беларускіх каманд — два сярэбраныя медалі. У фінале жаночых каманд салігорскі «Шахцёр» уступіў расійскаму клубу Rocket Team з лікам 13:20. У вырашальным матчы жаночых спаборніцтваў баскетбалісткі «МІНСКА» прайгралі расійскай камандзе «Тулпар» з вынікам 5:12.

Поспех тыдня. У спартыўным комплексе «Падаліна» ў Яраслаўскім раёне завяршыўся Кубак чэмпіёнаў па лыжнай акрабатыцы — 2025. У асабістым заліку беларускія спартсменкі занялі ўвесь п’едэстал: на першым месцы — Ганна Гуськова, на другім — Ганна Дзяруга, тройку прызёраў замкнула Анастасія Андрыянава. У мужчын беларус Макар Мітрафанаў заваяваў бронзавы медаль. У камандным турніры зборная Беларусі ў складзе Ганны Гуськовай, Макара Мітрафанава і Ігара Драбянкова паднялася на трэцюю прыступку п’едэстала.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю