Top.Mail.Ru
227

У работнікаў лясной гаспадаркі з’явяцца дадатковыя працоўныя гарантыі

У лясной галіне ўнесены дапаўненні адразу ў два Тарыфныя пагадненні.

Так, Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання, Міністэрства лясной гаспадаркі і канцэрн «Беллеспаперапрам» дамовіліся аб дадатковых гарантыях для работнікаў сферы лясной гаспадаркі.

Забеспячэнне прадуктыўнай занятасці, даплаты маладым работнікам і працуючым пенсіянерам, падтрымка працоўных з сямейнымі абавязкамі — у пагадненні ўнесены больш за 10 навацый.

Так, напрыклад, бакі прыйшлі да пагаднення аб устанаўленні ў калектыўных дагаворах аднаразовых выплат і дадатковых мер падтрымкі работнікам запатрабаваных прафесій, якія заключылі кантракт тэрмінам на 5 гадоў. Ёсць і нормы, накіраваныя на падтрымку работнікаў пенсіённага ўзросту: прапануецца ўстанаўліваць ім аднаразовыя выплаты пры заключэнні кантракта і не дапускаць зніжэння памераў аплаты працы, устаноўленых па займаемых пасадах, пасля дасягнення імі пенсіённага ўзросту.

Па словах старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Юрыя Шумскага, кожны з бакоў сацыяльнага партнёрства ўносіў свае прапановы па напаўненні дакументаў з улікам запытаў працоўных калектываў.

— З сацыяльнымі партнёрамі мы планамерна вядзем работу па замацаванні ў Пагадненнях норм, якія павышаюць узровень сацыяльнай абароненасці работнікаў у параўнанні з дзейным заканадаўствам. Пры ўключэнні такіх палажэнняў улічваецца спецыфіка як арганізацый і прадпрыемстваў, так і галіны ў цэлым. Тарыфныя пагадненні на 2024 — 2027 гады падпісаны яшчэ ў мінулым годзе. Але на гэтым праца не спыняецца. Прадстаўнікі галіновага прафсаюза рэгулярна сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, і мы бачым, што сапраўды хвалюе людзей, бачым, дзе неабходна падтрымаць. Безумоўна, усе гэтыя пытанні знаходзяць адлюстраванне ў такіх дакументах, — адзначыў Юрый Шумскі. — Мы стараемся, каб Тарыфныя пагадненні, а ў далейшым і калектыўныя дагаворы, улічвалі інтарэсы ўсіх катэгорый работнікаў. І не адкладаючы, пачнём працу, каб новыя дамоўленасці ўжо ў бліжэйшы час знайшлі адлюстраванне ў «мясцовых канстытуцыях» арганізацый лясной галіны.

Акрамя таго, з мэтай сацыяльнай абароны навучэнцаў-«мэтавікоў» прапануецца прадугледжваць у калектыўных дагаворах штомесячныя даплаты, а таксама аказваць садзейнічанне ў вырашэнні пытанняў забеспячэння жыллём выпускнікам, якія накіраваны на работу не па месцы жыхарства. Пры прадаўжэнні работы ў арганізацыі пасля заканчэння тэрміну абавязковай работы па размеркаванню ў якасці дадатковых мер стымулявання прапануецца ажыццяўляць аднаразовыя выплаты ў памеры ад двух да пяці сярэднямесячных заробкаў, у залежнасці ад тэрміну заключэння ці падаўжэння кантракта.

Сярод навацый важны дадатак ёсць і для арганізацый канцэрна «Беллеспаперапрам»: бакі прыйшлі да пагаднення, што пры прымяненні ў арганізацыі тарыфнай стаўкі першага разраду забяспечыць яе памер не ніжэйшы за 30 працэнтаў месячнай мінімальнай заработнай платы, устаноўленай Урадам Рэспублікі Беларусь.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю