У апошнія гады ў выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Беларусь» і Выдавецкім доме «Звязда» выйшла цэлая бібліятэчка яго публіцыстычных кніг. Апошняе з выданняў лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі — зборнік нарысаў «Гарады Беларусі. Асабістыя ўражанні». Пісьменнік запрашае чытача ў падарожжа па розных адрасах нашай краіны. На старонках выдання — сустрэчы з гарадамі Міншчыны, Гродзеншчыны, Магілёўшчыны, Гомельшчыны, аповед пра тых знакамітых асоб, якія звязалі свой лёс з вялікімі і малымі гарадамі нашай Беларусі.
Сярод іншых нарысаў — і аповед пра Рагачоў. Вось калектыў ААТ «Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат» і запрасіў пісьменніка на сустрэчу. Размова атрымалася даволі цікавая, насычаная развагамі і дыялогам з аўдыторыяй. Гаварылі пра прэзідэнцкую Беларусь, пра захаванне і пашырэнне традыцый папярэдніх пакаленняў, пра моладзь і падлеткаў, пра сацыяльныя прыярытэты і пра... навуку, інавацыі, штучны інтэлект. Аляксандр Радзькоў, як заўсёды, выявіў сябе цікавым суразмоўцам, адказваючы на самыя розныя пытанні прадстаўнікоў працоўнага калектыву.
Сваімі развагамі пра творчасць Аляксандра Міхайлавіча падзяліўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч, згадаўшы і такія кнігі дасведчанага публіцыста, як «Рэктары», «Мой фізмат», «Пра матэматыку і матэматыкаў».
Мікола Берлеж