У цяперашні час ва ўстанове адукацыі выхоўваецца 27 дзяцей ва ўзросце ад трох да 17 гадоў. Усе яны трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Пераадолець гэты няпросты перыяд дзецям дапамагаюць вопытныя педагогі і выхавальнікі.
Старшыня Савета Рэспублікі выказала ім удзячнасць за нялёгкую працу. «Вы аддаяце сябе нашым дзецям без астатку, — адзначыла спікер. — Яны адчуваюць цяпло вашых сэрцаў, радуюцца таму, што вы ўсе сёння разам у гэтым цёплым, утульным доме, дзе можна праводзіць такія выдатныя святы, як Новы год».
Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што акцыя «Нашы дзеці» праводзіцца ў краіне па ініцыятыве Прэзідэнта ўжо шмат гадоў і стала добрай традыцыяй.
«Я ад усёй душы хацела б павіншаваць вас з надыходзячым Новым годам і пажадаць вам усяго самага добрага, — заўважыла спікер Савета Рэспублікі, звяртаючыся да выхаванцаў цэнтра. — Добра вучыцеся, станавіцеся сапраўднымі патрыётамі роднай Беларусі. Я ведаю, што тут дзеткі рознага ўзросту: ёсць старэйшыя, ёсць малодшыя, але разам вы дружная сям’я. У нашай краіне робіцца ўсё для таго, каб нашы дзеткі былі шчаслівыя. І мы вельмі жадаем, каб вы былі шчаслівыя, здаровыя, добра вучыліся. Каб Новы год вам прынёс добрыя навіны і новых сяброў».
У размове з журналістамі Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што дзяржава робіць усё для таго, каб у гэтыя перадсвяточныя дні кожнае дзіця ў краіне адчула свята, адчула сябе патрэбным і не было забытым.
«На жаль, часам здараюцца такія сітуацыі, калі па розных прычынах дзіця не можа адзначаць гэта свята дома з мамай і татам, —удакладніла яна. — Тады на дапамогу прыходзяць педагогі і выхавальнікі. Яны аддаюць часцінку сваёй душы і сэрца для таго, каб падтрымаць і не пакінуць дзяцей без увагі».
Пасля навагодняга прадстаўлення Старшыня Савета Рэспублікі пагутарыла з больш старэйшымі выхаванцамі аб іх прафесійных марах, удзяліла ўвагу і самым маленькім жыхарам навучальнай установы. Акрамя таго, спікер азнаёмілася з умовамі пражывання ў цэнтры, яго вучэбна-матэрыяльнай базай. Завяршылася сустрэча чаяпіццем, дзе і дзецьмі, і педагогамі закраналіся самыя розныя пытанні. Наталля Качанава запрасіла выхаванцаў наведаць Савет Рэспублікі з экскурсіяй.
Як падзялілася выхаванка сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ніколь Шышко, якая падчас навагодняга прадстаўлення была Снягурачкай, яе мара збылася. Дзяўчынка прызналася, што даўно марыла апрануць касцюм гэтай казачнай прыгажуні.
«Менавіта пад Новы год збываюцца ўсе мары, — лічыць Ніколь. — Заўжды чакаю ў гэтыя дні чараўніцтва. Вельмі хачу, каб у мяне з’явіўся сабака. І яшчэ ёсць самая запаветная мара — каб мая сям’я не распалася».
Для Веранікі Хо, яшчэ адной выхаванкі цэнтра, навагодняе прадстаўленне, стала значнай і запамінальнай падзеяй, да якой сур’ёзна рыхтаваліся. «Новы год чакаю з нецярпеннем: менавіта ў гэтыя дні асаблівы настрой, шмат падарункаў і дабрыні ад навакольных», — падзялілася дзяўчынка.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА