Top.Mail.Ru

У рамках трэцяга тэатральнага фестывалю «Перамога» пакажуць 15 спектакляў

Сёлета сярод удзельнікаў — госці з Расіі і адна пастаноўка на кітайскай мове. А ў конкурснай праграме заяўлена 11 айчынных пастановак.



На ўрачыстае адкрыццё, якое адбудзецца 12 мая, абралі спектакль на беларускай мове паводле Аляксандра Гуркіна «Саня, Ваня, з імі Рымас» , якую прывязе з Віцебска Нацыянальны акадэмічнага драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Прадставяць яе на сцэне нацыянальнага тэатра, названага ў гонар беларускага класіка Янкі Купалы. Але да 29 мая (дзень закрыцця) можна будзе паглядзець спектаклі тэатраў розных рэгіёнаў Беларусі на патрыятычную тэматыку. 

Пераважна яны пра вайну, у тым ліку пра тое, як яе адчувалі беларускія аўтары. Напрыклад, Аляксей Дудараў у драме «Радавыя» (яе ўвасобіў Тэатр-студыя кінаакцёра нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм») і «Не пакідай мяне» (Гродзенскі абласны драматычны тэатр), «Трыбунал» Андрэя Макаёнка (Брэсцкі абласны тэатр драмы) і «Сем трафеяў радавога Шапкіна» (Мінскі абласны драматычны тэатр). 

Ёсць і больш сучасны погляд, як, напрыклад, пастаноўка «Па-за часам» пра падарожжа з пасляваеннага ў 1942 год, створаная паводле Кіра Булычова Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатрам. А Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» прадставіць музычна-патрыятычную кампазіцыю «Памятаючы герояў Перамогі». Маладзёжны тэатр эстрады да 80-годдзя Перамогі падрыхтаваў гістарычную меладраму Уладзіславы Арцюкоўскай «Без тэрміна даўнасці». «Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі пакажа сваю «Хатыню» па матывах аповесці Алены Кобец-Філімонавай. 

Адметна, што ў праграме адразу дзве пастаноўкі паводле Барыса Васільева «А світанкі тут ціхія». І адна справа, калі яе паказваюць на галоўнай драматычнай нацыянальнай сцэне тэатра Янкі Купалы. Зусім іншае — калі тую ж гісторыю распавядаюць на сваёй мове госці — кітайскія аспіранты, якія вучацца ў Беларусі. Паказ адбудзецца на сцэне тэатра-студыі Еўсцігнея Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У гасцявой праграме ўдзельнічаюць і маладыя аматары тэатра пры палацы культуры «БЕЛАЗ», яны падрыхтавалі сваю версію паводле «Палескай хронікі» Івана Мележа, яна атрымала назву «Васіль і Ганна» (на сцэне акадэміі мастацтва). 

Але асноўныя госці сёлета прыязджаюць з Санкт-Пецярбургу. Артысты Нацыянальнага драматычнага тэатра Расіі (Александрынскага тэатра) з Санкт-Пецярбурга, акрамя дакументальнага спектакля «Блакадны дзённік Александрынкі», будуць удзельнікамі праграмы майстар-класаў: размовы пра мастацтва і яго адчуванне ў часе карысныя для маладых творчых асоб, якія ўжо працуюць ці яшчэ вучацца ў творчых ВНУ Беларусі. Праграма майстар-класаў рознапланавая і пазнаёміць нават з сучаснымі сцэнаграфічнымі падыходамі і адмысловай працай Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Напэўна, своеасаблівым майстар-класам можна лічыць і паказ адметнага спектаклю аднаго з найбольш цікавых рэжысёраў Беларусі Алега Жугжды — цікава пабачыць, як паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка» перанесена на сцэну Гроднескага абласнога тэатра лялек. Але гэта пастаноўка ўсё ж ідзе ў конкурсе і можа прэтэндаваць на перамогу ў намінацыі «Найлепшы спектакль» у праграме тэатра лялек. Як у гэтай катэгорыі, так і ў кірунку драматычнага тэатра вызначаць найлепшых рэжысёраў, сцэнографаў і выканаўцаў жаночай і мужчынскай роляў — на ўсё больш за два тыдні, да афіцыйнага закрыцця, якое адбудзецца 29 мая. Пад заслону на купалаўскай сцэне пакажуць «Браму неўміручасці» паводле Кандрата Крапівы, дзе гучаць развагі: ці магчымае вечнае жыццё? Пытанне філасофскае, асабліва ў кантэксце таго, чые імёны і чаму застаюцца ў гісторыі. 
Ларыса ЦІМОШЫК
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю