У сталічным Парку Перамогі прайшоў Маладзёжны забег «Да вяршынь новых перамог», на які сабралася больш за 150 юнакоў і дзяўчат. Яго арганізавала адміністрацыя Цэнтральнага раёна г. Мінска разам з Цэнтральным раённым камітэтам БРСМ. Пяцікіламетровы маршрут праходзіў па маляўнічых сцежках вакол Камсамольскага возера, а атмасфера была сапраўды святочнай — з музыкай, узаемнай падтрымкай і адчуваннем адзінства.
«Усе ўдзельнікі — сапраўдныя патрыёты сваёй краіны», — расказала намеснік старшыні Цэнтральнай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Алена Дробуш. Забег праходзіць у рамках Тыдня моладзі і студэнцтва, ён прысвечаны, ў тым ліку, і памятнай даце — 85-годдзю са дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Сімвалічна, што маршрут праходзіць вакол Камсамольскага возера, а фініш — ля ўваходнай брамы Парку Перамогі. Гэта не спаборніцтва, а Акцыя памяці.
Таму ўсе ўдзельнікі атрымаюць памятныя медалі — незалежна ад таго, хто прыйдзе першым. Галоўнае — быць разам і памятаць. Акрамя таго, забег стаў яркай падзеяй у рамках святкавання 57-годдзя Цэнтральнага раёна г. Мінска.
Мы пагаварылі з тымі, хто непасрэдна выйшаў на дыстанцыю.
Алена Петрыкавец, супрацоўніца РУП «Інфармацыйны цэнтр па падатках і зборах» бегае амаль кожны дзень і лічыць, што гэта дапамагае трымаць сябе ў форме.
«Я займаюся бегам амаль кожны дзень. Зранку, пасля працы — калі ёсць час. Калі трэба не спазніцца, дапамагае спрынт. Люблю дыстанцыі ў 5 — 10 кіламетраў. Нарастанне — гэта мой стыль. Бег дапамагае разгрузіцца, падумаць, падыхаць свежым паветрам, падымае настрой. Ад нашай арганізацыі сёння шэсць чалавек. Пасля фінішу было цяжкавата, але бег — гэта заўсёды добра», — падзялілася Алена.
На маладзёжным забегу таксама прысутнічалі і прадстаўнікі Вялікага тэатра Беларусі. Двое яго супрацоўнікаў — інжынер Павел Беланаў і маркетолаг Раман Цярэшка — фінішавалі з задавальненнем. Яны працуюць у адным тэатры, бачацца амаль кожны дзень, вітаюцца ў калідорах, але да сённяшняга дня асабіста знаёмыя не былі. Розныя кабінеты, розныя кірункі працы — і вось спартыўная падзея дазволіла хлопцам сапраўды пагутарыць.17-гадовы студэнт Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Яраслаў Жыбуль іграе на кларнеце і акрамя бегу займаецца на турніках. Хлопец прыбег у першай дваццатцы. «Забег падараваў мне зарад энергіі, пачуццё выкананай мэты і матывацыю рухацца далей», — расказаў ён.
Дар’я Прус, інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела Будтрэсту № 4, бегае ўжо шэсць гадоў. А раней не займалася спортам увогуле. Дзяўчына прызнаецца, што бег выратаваў яе ад праблем з ціскам. «Усе немачы зніклі пасля рэгулярных прабежак. Таму раю бегаць, аднак пачаткоўцам не варта кідацца ў крайнасці, пачынаць трэба паступова», — усміхаецца дзяўчына.
Выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Антон Жаўрыд і Таццяна Ваніфацьева прыйшлі на забег, каб падтрымаць сваіх студэнтаў. Іх у забегу ўдзельнічала больш за сорак чалавек. Самі студэнты лічаць, што такія мерапрыемствы вельмі важныя, бо аб’ядноўваюць моладзь і падаюць прыклад іншым. Выкладчыкі спадзяюцца, што даведаўшыся пра гэта мерапрыемства, больш людзей зацікавяцца спортам.
У дзень забегу адбылася яшчэ адна знакавая падзея ў спартыўным жыцці сталіцы — адкрыццё абноўленага Фізкультурна-аздараўленчага цэнтра на вуліцы Заслаўскай, 23/2. Як расказала начальнік аддзела спартыўна-масавай работы ДУ «Цэнтральны ФАК» Вікторыя Гарбачова, гэта — падарунак жыхарам да Дня нараджэння Цэнтральнага раёна. У новым спартыўным комплексе будуць працаваць дзве залы для фітнесу, трэнажорная зала, зала сухога лёду для хакеістаў.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ