Урад Расіі афіцыйна ўключыў бананы ў пералік сельскагаспадарчай прадукцыі. Адпаведная пастанова апублікаваная на партале прававой інфармацыі, паведамляе SamrtPress са спасылкай на РІА Новости.
«Дапоўніць пералік сельскагаспадарчай прадукцыі [ ... ] пазіцыяй «Бананы», — гаворыцца ў дакуменце. Гэта азначае, што вырошчванне і перапрацоўка бананаў цяпер падпадае пад меры дзяржпадтрымкі, прадугледжаныя для аграсектара.
Ініцыятыва з’явілася не на пустым месцы. У сакавіку 2025 года міністр сельскай гаспадаркі Стаўрапольскага краю Сяргей Ізмалкаў паведаміў, што рэгіён рыхтуецца да эксперыменту па вырошчванні бананаў. Пазней губернатар Стаўраполля Уладзімір Уладзіміраў пацвердзіў планы на ПМЭФ: першы ўраджай стаўрапольскіх бананаў чакаецца ў 2027 годзе.
Міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аксана Лут раней падкрэсліла, што трапічную культуру можна адаптаваць да цяплічнага вырошчвання, як у Казахстане, дзе ўжо паспяхова рэалізуюцца падобныя праекты.