Top.Mail.Ru
176

У расійскіх рэгіёнах пераймаюць беларускі вопыт стварэння аграгарадкоў

Калі ідэя дарагога варта

Прадстаўнікі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі разам з экспертамі падрыхтавалі рэкамендацыі па развіцці сельскіх тэрыторый у Саюзнай дзяржаве. 

Гэтым пытанням прысвяцілі і пасяджэнне семінара пры Парламенцкім сходзе на тэму «Развіццё сельскіх тэрыторый у Саюзнай дзяржаве: актуальнасць і перспектыўныя кірункі. Вопыт стварэння беларускіх аграгарадкоў для рэгіёнаў Расіі».

Менавіта ў Мінску вырашылі разгледзець пытанні дзяржаўнай падтрымкі і прававога рэгулявання ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый у Саюзнай дзяржаве, а таксама магчымасці развіцця сацыяльнага прадпрымальніцтва ў сельскіх раёнах Беларусі і Расіі.

— Аграгарадкі ў Беларусі пачалі развівацца з 2004 года дзякуючы ініцыятыве Прэзідэнта краіны, — нагадаў старшыня Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па аграрных пытаннях, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па аграрнай палітыцы Іван МАРКЕВІЧ. — Аграгарадкі далі сур'ёзны і значны імпульс развіццю сельскіх тэрыторый, ад гэтага ёсць эфект, атрыманы добрыя вынікі. Сельская гаспадарка — аснова бяспекі кожнай краіны, і яна ў нас працуе тэхналагічна, падыходзіць да лічбавізацыі. У нас ёсць сучасныя тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур, сучасныя комплексы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, малочныя фермы, інжынерыя. І вынік па экспарце сельгаспрадукцыі ў 2025 годзе кажа сам за сябе.

Яшчэ адно пытанне — кадры, падкрэсліў старшыня камісіі:

— Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу зацікавіць нашых людзей, каб яны пераязджалі ў сельскую мясцовасць і спрыялі яе развіццю. Дэпутацкі корпус таксама працуе над вырашэннем гэтай задачы. У праграме, якую мы накіравалі ва ўрад, адлюстравана некалькі ключавых прапаноў.

Сельскія тэрыторыі па праве лічацца асновай нашай дзяржавы, адзначыў член Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па аграрных пытаннях, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід ЗАЯЦ:

— Як правільна сказаў Прэзідэнт нашай краіны, вёска — гэта платформа нашай дзяржавы. І вельмі прыемна, што расійскія калегі прыехалі вывучыць вопыт развіцця нашай сельскай гаспадаркі, нашых сельскіх тэрыторый. Бо наша краіна прайшла пэўны шлях станаўлення — ад недахопу прадуктаў харчавання да іх празмернасці. Мы забяспечылі галоўную задачу — харчовую бяспеку нашай краіны. А лішкі сёння паспяхова прадаём за яе межамі.

Мы памятаем галодныя бунты, калі людзі з прамысловых прадпрыемстваў выходзілі на вуліцы і патрабавалі дастатковасці харчавання ў крамах. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу: любой цаной накарміць беларускі народ. І былі прыняты адпаведныя праграмы. Адна з іх — адраджэнне і развіццё вёскі. Тады акцэнт быў зроблены на тэхнічнае перааснашчэнне нашых сельгаспрадпрыемстваў і стварэнне сучасных умоў пражывання людзей у аграгарадках. Яны развіваліся па пэўных стандартах, якія былі прыняты ў нашай краіне. Шлях быў няпросты, але разам з тым людзі бачылі, што ствараюцца ўмовы і для павышэння эфектыўнасці вядзення сельскай гаспадаркі, а таксама для пражывання людзей, якія сёння знаходзяцца менавіта ў гэтых населеных пунктах.

— Цяпер мы бачым, што гэта быў беспамылковы крок, як быццам лідар нашай дзяржавы глядзеў у будучыню, — канстатаваў Леанід Заяц.

Як адзначыў член Камісіі Парламенцкага сходу па аграрных пытаннях, намеснік старшыні Камітэта па абароне канкурэнцыі Дзяржаўнай думы Расіі Антон ГЕТА, беларуская мадэль вёскі — гэта вопыт сусветнай велічыні:

— Калі мы ў Калінінградзе праводзілі пасяджэнне Камісіі Парламенцкага сходу па аграрных пытаннях, то дамовіліся, што абавязкова папросім Івана Маркевіча правесці семінар у Беларусі па тэме развіцця сельскіх тэрыторый з наведваннем аграгарадкоў. Гэта сапраўды вельмі цікава для Расіі. У нас вельмі шмат сельскіх тэрыторый, якім вопыт беларускіх аграгарадкоў можа дапамагчы. Будзем глядзець, фіксаваць, задаваць пытанні з адной мэтай — максімальна прымяніць ваш эфектыўны вопыт.

Іван Маркевіч заўважыў, што, акрамя кадравага пытання, у сельскай гаспадарцы вялікую ролю адыгрывае і тэхніка:

— Энерганасычаная тэхніка, якая вырабляецца на беларускіх заводах, зарэкамендавала сябе годна. Яна працуе з вялікай эфектыўнасцю. Ужо выкарыстоўваюць і беспілотныя машыны для апрацоўкі раслін. Развіваюцца рабатызаваныя фермы. Механізацыя не стаіць на месцы. Наша навука і вытворцы ўдасканальваюцца.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю