Кожны год у пачатку снежня па ініцыятыве апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў у Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў прыязджаюць творчыя калектывы нацыянальна-культурных аб’яднанняў. Гэта прадстаўнікі розных народаў (армяне, яўрэі, чувашы, башкіры, палякі, малдаване, карэйцы, украінцы, грузіны), якія пражываюць побач з намі, але зберагаюць свае традыцыі. Іх песні і танцы дазваляюць адчуць прыгажосць і глыбіню культур, і на пэўны час «выправіцца» ў музычнае падарожжа па розных краінах свету.
Сяброўству рэабілітацыйнага цэнтра і нацыянальных творчых калектываў ужо больш за пяць гадоў. Госці, якія прыязджаюць з дабрачыннымі канцэртамі, выхаванцаў так і называюць «нашы дзеці». Як расказаў старшыня Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Георгій Егіазаран, калектывы заўсёды чакаюць такіх сустрэч, едуць на іх з вялікім задаваленнем. Ахвотных прадставіць свае нумары заўсёды шмат, нават даводзіцца выбіраць артыстаў, каб выступленне не зацягнулася на некалькі гадзін. Для канцэрта кіраўнікі калектываў кожны раз стараюцца падабраць новыя нумары. Да дабрачынага праекта падключаюцца дзеці і моладзь.



Дзеці і педагогі ў рэабілітацыйным цэнтры таксама рыхтуюцца да прыезду гасцей, упрыгожваюць установу, робяць разнастайныя сувеніры і прыдумваюць для сваіх сяброў заданні. Гэтым разам прадстаўнікам нацыянальна-культурных аб’яднанняў прапанавалі зрабіць навагоднія цацкі. Як патлумачыла выхавальнік Алена Лужанкова, праз майстар-класы госці могуць паглыбіцца ў асяроддзе цэнтра. Творчыя заняткі — і абавязковы элемент рэабілітацыі, і пярвічная прафарыентацыя для дзетак (магчыма ў будучым некаторыя захочуць стаць рамеснікамі, мастакамі). Перад канцэртам дырэктар Рэспубліканскага дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра Людміра Кандрашова падзяілася поспехамі ўстановы за апошнія пяць гадоў. За гэты час інваліднасць была знята з 59 дзетак. Жанчына падзякавала гасцям за тое, што яны і зімой, і летам прыязджаюць падтрымаць малых, падарыць ім добрыя эмоцыі. Кожная з такіх сустрэч — незабывальная, кранальная, шчырая. Дзеці абдымаюцца з артыстамі, часам выходзяць з імі на сцэну.



Алена ДЗЯДЗЮЛЯ